Скандал у Пухавічах: маладая мама «скрала» сваё дзіця з садка і абвінаваціла выхавальніцу

Здарылася ўсё 11 мая. Жанчына забрала дзіця, а пасля вярнулася і пачала скандаліць, што яе дачка прапала і выхавальніца не глядзіць за дзецьмі, піша Наша ніва.

Першым на гісторыю звярнуў увагу партал «Анлайнер», з якім звязалася дачка выхавацелькі. Жанчына паведаміла, што яе 52-гадовая мама пасля скандалу адчула сябе кепска. Ёй давялося выклікаць доктара, была пагроза інсульта.

«Наша Ніва» звязалася з Вольгай, той самай маладой мамай, якая ўчыніла скандал.

Вольга з дачкой. Фота nn.by.

«Я ніякага плану не мела. Выхавальніца нярэдка пакідала дзяцей без нагляду, так пісалі нашыя мамы ў агульным чаце. Я прыйшла, дзіця выйшла да мяне. І мне стала цікава, ці заўважыць выхавацелька, што мая дачка выйшла. Я апранула дачку, завяла дадому і зразумела, што дзіця можа забраць хто заўгодна, — расказвае Вольга. —

Тады я пакінула дачку са сваёй мамай, вярнулася ў садок і запыталася: дзе дзіця?

Выхавальніца пачала бегаць і шукаць дзіця. Бачыць, што рэчаў няма, кажа: не ведаю, забралі. Хто забраў? Не ведаю, кажа.

Я выклікала загадчыцу. Тая пачала высвятляць, прапанавала глядзець відэакамеры. Тады я прызналася, што сама забрала дачку, паведаміла, што за дзецьмі сочаць кепска.

Выхавальніца зрабіла вінаватай няньку, якой ужо і не было ў той час на працы. І на мяне напісала заяву ў міліцыю. Міліцыя казала, што я, маўляў, крычала, усіх напалохала. Але ж за гэта заявы ў міліцыю не пішуць?

Цяпер праблемы ў нянькі, якая ні ў чым не вінаватая, яна добры работнік. Я цяпер хачу паехаць у аддзел адукацыі і расказаць сваю праўду».

Праўда, у садку кажуць, што раней ніякіх канфліктаў з выхавальніцай у бацькоў не было. І ў дзень здарэння ўсё адбылося інакш.

«Дачка Вольгі разам з іншымі дзецьмі сядзела за сталом і малявала. Выхавальніца пабачыла ў акенца, што мама дзіцяці ідзе ў садок. Выхавацелька сядзела паўбокам і пабачыла краем вока, што мама моўчкі адкрыла дзверы, а дзіця пабегла да яе. Жанчына не віталася і не развітвалася, гэтак жа ціха дзверы закрыліся.

Праз 15 хвілін Вольга вярнулася з крыкамі. Пайшла да загадчыцы, патрабавала, каб выхавальніцу звольнілі. Але загадчыца адказала, што звальняць няма за што», — кажуць супрацоўнікі садка.

Тая выхавальніца, як кажуць, ужо звольнілася з працы — нібыта па ўласным жаданні.

Ці дакладная гэта інфармацыя, пакуль невядома — загадчыца садка Настасся Лукашонак кідае слухаўку і прымушае падначаленых адказваць, што яна нібыта з’ехала па справах.