Усё пачалося з лялек. Працуючы ў беларускамоўнай групе дзіцячага сада, вырашыла апрануць іх у беларускае нацыянальнае адзенне.

Бо вельмі часта на занятках ды і па-за межамі іх знаёміла выхаванцаў з традыцыямі, звычаямі, побытам старажытных беларусаў, далучала да культуры і гісторыі продкаў.

І тут ніяк не абыходзілася без пэўных выяў ці лялечных персанажаў беларусаў і беларусачак.

Хутка ў нашай групе з’явіліся прыгожа апранутыя маці з немаўлём, дзяўчынкі, хлопчыкі, дзяўчаты ў святочным і паўсядзённым адзенні.

Лялькі карысталіся вялікім попытам у дзяцей: яны разглядалі іх, шмат пыталіся пра адзенне, побыт, прыдумвалі свае гульні з удзелам лялек.

Я як выхавальнік цешылася, што ў слоўнікавы запас маіх выхаванцаў уваходзяць назвы элементаў беларускага адзення, прадметаў побыту. А іх светапогляд пашыраецца ўяўленнямі пра жыццё продкаў-беларусаў.

А пачыналася ўсё з лялек.

З цягам часу ўзнікла ідэя пашыць беларускае нацыянальнае адзенне і для дзяцей, але з улікам рэгіянальных асаблівасцяў. Так мы з выхаванцамі стварылі праект «Дзіцячыя строі Смаргонскай зямлі 19 стагоддзя».

Ад задумы да стварэння

Спачатку я доўгі час збірала інфармацыю пра смаргонскія строі, звярталася па дапамогу ў розныя дзяржаўныя ўстановы, да даследчыкаў-краязнаўцаў, этнографаў і аматараў. Вывучала матэрыялы на патрэбную тэму ў кнігах і інтэрнэт-крыніцах.

Аказалася зусім няпроста: слынная смаргонская зямля была мала даследаваная ў плане строяў. Гістарычныя падзеі, якія адбываліся на ёй на працягу многіх стагоддзяў, пэўнае геаграфічнае становішча не далі магчымасці захаваць гэты пласт матэрыяльнай культуры.

Акрамя таго, запісы, дакументы, якія б маглі дапамагчы, да пэўнага часу ўвогуле не вяліся. А тое, што захавалася, амаль цалкам вывезлі ў прыватныя калекцыі Польшчы, Літвы, Расіі.

Маленькія мадэлі Кірыл Рабікаў і Ганна Коўшык. Фота Васіля Кашкеля.

Вельмі дапамаглі сябры, знаёмыя, сем’і выхаванцаў, проста зацікаўленыя людзі, якія валодалі адпаведнай інфармацыяй па тэме майго даследавання: «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» з Мінска, этнаграфічны клуб «Кола» з Маладзечна, Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, майстар-рамеснік Людміла Канаплёва, музыка і арганізатар Аляксей Крукоўскі. Гэта толькі невялікі пералік тых арганізацый і людзей, якія мне дапамагалі.

Паступова вобразы строяў на аснове архіўных дакументаў, фотаздымкаў і асабістых аповедаў краязнаўцаў былі створаныя. Потым распрацавалі эскізы, набылі патрэбныя тканіну і фурнітуру. І пачалося стварэнне самой калекцыі дзіцячых строяў.

Як працавалі маленькія мадэлі

І хлопчыкі, і дзяўчынкі з зацікаўленасцю і задавальненнем стваралі рэгіянальныя строі і іх элементы з паперы, пластыліну для сябе і сваіх мам, удзельнічалі ў шматлікіх прымерках.

Амаль усе дзеці ў групе хацелі быць мадэлямі, каб прадэманстраваць строі. У іх вельмі змяніліся адносіны да беларускіх народных убораў. Павага, гонар, беражлівыя адносіны, усведамленне каштоўнасці і важнасці сталі часта прасочвацца ў размовах і паводзінах выхаванцаў.

Калі калекцыя была гатова, дзеці паехалі на фотасесію. Мне важна было, каб яны адчулі свой вобраз у блізкай да яго атмасферы. Для гэтай мэты нам вельмі добра падышоў этнаграфічны куток, які гасцінна нам адчыніла адміністрацыя смаргонскіх ясляў-сада №14.

Шмат радасных момантаў застанецца ў памяці маленькіх мадэляў ад фотасесіі: неверагоднае жаданне хутчэй апрануць строй, шчырае захапленне ўласным вобразам, бясконцыя кампліменты ў свой адрас, прыгожая абстаноўка, вясёлы настрой, праца з сапраўдным майстрам фотасправы, падтрымка бацькоў…

Правільна данесці да дзяцей вобразы іх продкаў

Магчыма, распрацаваныя намі дзіцячыя строі маленькіх беларусаў 19 стагоддзя не вельмі дасканалыя, патрабуюць яшчэ дапрацоўкі. Бо ствараліся яны ў абмежаваны перыяд часу, мелі пэўны бюджэт і задачу.

Але галоўнае для мяне –  гэта выклікаць цікавасць да тэмы. Бо з кожным годам каштоўнасць да ведаў аб сваёй малой радзіме ўзрастае.

Фота Васіля Кашкеля.

Падчас сваёй працы педагогі пры афармленні розных стэндаў, дакументаў, дыдактычных матэрыялаў звяртаюцца да пошуку выяў, карцінак старажытных беларусаў. Патрэба ў дзіцячых нацыянальных касцюмах узнікае пры правядзенні свят, забаў.

Трэба правільна данесці да дзяцей вобразы старажытных беларусаў, іх аўтэнтычны знешні выгляд.

А для гэтага трэба дакладна ведаць, як выглядала традыцыйнае беларускае народнае адзенне – строй, дзе кожная рэч мела сваё месца, значэнне, традыцыі, свой парадак апранання.

Але ж прайшло столькі часу, мадэльеры-дызайнеры ўвесь час удасканальваюць народныя строі, уносяць сучасныя модныя тэндэнцыі, свой погляд, улічваюць сцэнічную задачу, накіраванасць свят ці імпрэз, да якіх гэтыя строі ствараюцца.

Таму адбылося значнае відазмяненне народных строяў. Тым больш, што строі ў розных этнічных рэгіёнах мелі сваю адметнасць.

Наш праект не толькі актуальны і каштоўны, але мае і пэўную практычную накіраванасць. Вынайдзеная інфармацыя, распрацаваныя метадычныя рэкамендацыі, графічныя і фотаматэрыялы дапамогуць сфарміраваць у будучага пакалення правільныя вобразы іх продкаў, паспрыяюць выхаванню любові і гонару за сваю малую радзіму.