Фота shkolazhizni.ru.

Якія вакансіі прапаноўваюць у рэгіёне і якія грошы абяцаюць за працу, высвятляем на сайце Дзяржаўнай службы занятасці.

Маладзечна: педагогі, прыбіральшчыкі, кіроўцы

Для ахвотных працаваць на Маладзечаншчыне за апошні тыдзень на сайце з’явілася каля 80 прапаноў. Некаторыя – зусім новыя. Некаторыя вісяць ужо па некалькі месяцаў, але працадаўцы актуалізуюць іх, бо па-ранейшаму не знайшлі работнікаў.

У гімназію №3, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання, на «Акдзімол» і «Вялес-Міт»  патрэбныя прыбіральшчыцы. Ва ўстановах адукацыі заробак складае 330 рублёў, на прадпрыемствах – крыху больш за чатырыста.

На «Белмасткераміку» ў Радашкавічы патрэбны кіроўца з катэгорыямі В і С. Заробак абяцаюць семсот рублёў. Туды ж запрашаюць і прадаўца. Плаціць будуць чатырыста рублёў.

Шмат работнікаў запрашаюць на «Вялес-Міт» – электраманцёра, укладчыка-ўпакоўшчыка, апрацоўшчыка мясных туш, вытворцу кілбасных абалонак, падсобнага рабочага, засольшчыка скур, слесара. Заробкі розныя. Найменш прапануюць падсобніку – чатырыста рублёў. Найбольш таму, што будзе рабіць натуральныя абалонкі для кілбас – 800 рублёў.

За 330 рублёў шукаюць штампоўшчыка на «Энву».

У гімназію №3 запрашаюць настаўнікаў. Педагога-арганізатара возьмуць з сярэдняй педагагічнай адукацыяй. Будуць плаціць ад чатырохсот рублёў. Патрэбны сюды і настаўнік пачатковых класаў з вышэйшай адукацыяй. Заробак – ад 450. Яшчэ педагогі патрэбныя ў садок №32. Музычны кіраўнік з заробкам 330. І выхавальнік – з заробкам 350 рублёў.

У гаспадарку ў Відзеўшчыне шукаюць інжынера па ахове працы і інжынера электрыка. Заробкі – ад 414 і 420 адпаведна.

Вілейка і Мядзел прапануюць па дзесяць вакансій

Па Вілейцы на сайце вакансій значна менш – дзесяць. На пошту шукаюць інжынера-электроніка за 550, паштальёна за 330 і аператара сувязі за 356. Вышэйшая адукацыя патрэбная толькі інжынеру.

На «Буддэталі» возьмуць сартавальнікаў і станочнікаў з заробкам ад 450. Больш прапануюць аператару на аўтаматычных і паўаўтаматычных лініях – ад шасцісот.

Доктар бактэрыёлаг патрэбны ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Заробак – ад пяцісот рублёў.

Дзесяць вакансій – па Мядзельшчыне. Сярод іх, прыбіральшчык у краму за 350 рублёў, галоўны бухгалтар на сельгаспрадпрыемства за 368. Самыя высокія заробкі – ад сямісот рублёў – прапануюць галоўнаму аграному і галоўнаму заатэхніку на сельгаспрадпрыемстве ў Свіры.

У Ашмяны – балетмайстарам за 165 або ў Астравец кіроўцам – за 1350

У Астраўцы патрэбныя цырульнікі, паштальёны, кіроўцы, электрагазазваршчыкі, аператары сувязі на пошту. Самы нізкі з прапанаваных заробкаў – ад 330. Столькі прапануюць і інжынеру-механіку, і паштальёну. Найбольш атрымае электрагазазваршчык, што будзе працаваць у Варнянах – ад 1350 рублёў.

Некалькі дзясяткаў прапаноў ёсць па Ашмянах. Шмат творчых спецыялістаў трэба ў мясцовы Цэнтр культуры – мастацкі кіраўнік, мастак-пастаноўшчык, два хормайстры, рэжысёр, метадыст, гукааператар, загадчык клуба, дырыжор, балетмайстар. Заробкі ад 165 (на паўстаўкі) да 330.

Больш за 1 100 атрымае спецыяліст, які прыйдзе на пасаду начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама.

У гаспадаркі раёна патрэбныя аператары машыннага даення, інжынер па ахове працы, трактарыст, ветэрынарны фельчар. Заробкі – ад 450 да 600 рублёў.

У мясцовую ветэрынарную станцыю клічуць доктара-радыёлага. Прапануюць – ад 500 рублёў. Туды ж – лабаранта за 450.

Смаргонь: Ад 330 – і вартаўніку, і ветэрынару-гінеколагу

Нямала прапаноў і па Смаргоні. Санітарка ў ЦРБ – за 330. Прыблізна такія ж заробкі прапануюць майстру па манікюры, вартаўніку, прыбіральшчыкам, ветэрынарнаму доктару-гінеколагу.

На прадпрыемствы Смаргоні патрэбныя машыніст крана (ад 700 рублёў), слесар-электрамантажнік і эканаміст (ад 500), электрагазазваршчык (ад 470).

Навуковага супрацоўніка ў мясцовы музей запрашаюць за заробак ад 330 рублёў. Столькі ж прапануюць педагогам-псіхолагам, якія прыйдуць у школу №1 і ў Цэнтр карэкцыйнага навучання.

Самыя вялікі заробкі сярод прапанаваных – у сінхроннага перакладчыка – ад васьмісот рублёў і кіроўцы ў прадпрымальніка – ад дзевяцісот.

Вакансій па Валожыншчыне на сайце няма.

• Текст доступен на языке: ruРусский