Сустрэча са стваральнікам бібліятэкі «Кamunikat.org» Яраславам Іванюком і бардам Віктарам Шалкевічам адбылася 16 мая ў маладзечанскім музычным каледжы.

Гісторыя бібліятэкі бярэ пачатак ад 2000 года. Яраслаў Іванюк з Беласточчыны падумаў, што шмат якую інфармацыю пра Беларусь складана знайсці. І было б выдатна збіраць яе ў адным месцы ў інтэрнэт-прасторы.

Яраслаў Іванюк.

Гэты праект спачатку існаваў выключна на дабраахвотных пачатках. І за першыя сем год яго працы назбіралася 800 публікацый. Пасля справу падтрымала МЗС Польшчы, што дало магчымасць працаваць большымі аб’ёмамі.

І за наступныя 12 год інтэрнэт-бібліятэка папоўнілася да 40000 публікацый. Сярод іх каля 8000 кніг.

Сярод аб’ектаў бібліятэкі – кнігі, перыёдыка, аўдыё, відэа. Прынцып адбору адзіны – твор павінен тычыцца Беларусі.

Для «Кamunikat.org» важна трымацца яшчэ аднаго прынцыпу – ва ўсіх выпадках, калі магчыма атрымаць дазвол на размяшчэння твору ад аўтара або яго спадкаемца, стваральнікі абавязкова просяць іх падпісаць ліцэнзійнае пагадненне. На постсавецкай прасторы многія аўтары пакутуюць з-за таго, што тут многія грэбуюць аўтарскімі правамі і крадуць інтэлектуальную ўласнасць, выкладаючы творы ў агульны доступ. «Кamunikat.org» гарантуе, што сярод іх збораў скрадзенай інфармацыі не будзе, на выкарыстанне ўсяго ёсць дазвол.

Як гэта працуе

Карыстацца інтэрнэт-бібліятэкай можа кожны, усё бясплатна.

Яна мае зручны падзел на раздзелы – радыёёперадачы, музыка, кніга, і іншыя. Вы можаце як выбіраць па раздзелах, так і скарыстацца пошукам. На прэзентацы прапанавалі адшукаць, што ёсць у бібліятэцы пра Андрэя Хадановіча. Адшукалі яго персанальную старонку з фотаздымкам, сціслай біяграфіяй і спісам твораў, якія размешчаныя ў бібліятэцы.

Большасць тэкставых публікацый выкладзеныя ў фармаце pdf, а некаторыя – у фарматах для сучасных электронных чыталак. У такім выглядзе будзе асабліва зручна чытаць кнігі.

Стваральнікі карысталіся выдавецкімі pdf, калі гэта было магчыма. Публікацыі ж, што выйшлі ў далічбавы час, даводзілася алічбоўваць самім. Арганізатары праекта лічаць важным алічбоўваць і перыёдыку. 24-гадовая гісторыя «Рэгіянальнай газеты» ў працэсе паступовага папаўнення бібліятэкі. Ужо любы можа пабачыць прачытаць першыя нумары выдання за 1995 год.

Маладзечанцы могуць таксама паслухаць у бібліятэцы музыку барда Таццяны Беланогай. Навіны выдавецкай справы і аб культурніцкіх падзеях можна пачытаць у раздзеле «Што новага».

У базе ёсць таксама апісанні кніг, якія існуюць толькі ў паперы з пералікам бібліятэк, дзе іх можна знайсці. Гэтая інфармацыя, канешне, не будзе патрэбная масаваму карыстальніку. Але для навукоўцаў і даследчыкаў яна бывае надзвычай важнай.

Яраслаў Іванюк падзяліўся асабістым стаўленнем да праекта найбуйнейшай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі:

– Для мяне «КAMUNIKAT.ORG» – гэта маё дзіця. Тым больш што рабіць гэты сайт мяне вучыла жонка, калі была цяжарная нашым сынам. І вось праекту ўжо амаль 20 год.

Некаторыя аўтары, на жаль, адмаўляюцца ад размяшчэння іх твораў, якія ўжо нават не прыносяць камерцыйную выгаду. Прычыны ва ўсіх розныя. Тым не менш, інтэрнэт-бібліятэка «Кamunikat.org» працягвае назапашваць усё больш інфармацыі, якая будзе важнай для наступных пакаденняў. Бо пра тое, што мы не захаваем, яны проста не змогуць даведацца.

Пасля прэзентацыі для слухачоў выступіў бард Віктар Шалкевіч. Урыўкі з яго выступу глядзіце ў нашым відэасюжэце, які мы падрыхтуем неўзабаве.



Фота Ігара Палынскага.