Забітага ў Магілёве супрацоўніка ДАІ пахаваюць 18 мая. Што пра яго вядома

Яўген Патаповіч скончыў Магілёўскі інстытут МУС толькі мінулым летам. Яго бацька таксама працуе ў ДАІ.

Выкраданьне супрацоўніка ДАІ, 22-гадовага інспектара Яўгена Патаповіча адбылося каля 18 гадзін 16 мая ў цэнтры Магілёва. Пра тое, што трапіў у небяспеку, ён паспеў паведаміць калегам у чаце, пасля сувязь абарвалася. Цела Патаповіча знайшлі праз некалькі гадзін за горадам.

Супрацоўніка ДАІ застрэлілі з агнястрэльнай зброі, на рукі яму надзелі кайданкі.

​Вядома, што Яўген Патаповіч прыйшоў працаваць у ДАІ зусім нядаўна. Ён скончыў Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў толькі летась. Цяпер на сайце навучальнай установы вісіць паведамленьне пра смерць выпускніка.

Яго бацька таксама працуе ў ДАІ. Маці — грузчыца на прадпрыемстве тэкстыльнай прадукцыі «Магатэкс». Яўген быў адзіным дзіцем у сям’і.

Родныя нябожчыка расказваюць, што Яўген з дзяцінства хацеў працаваць у праваахоўных органах і ў Магілёўскі інстытут МУС паступаў мэтанакіравана. Па словах сяброў, нягледзячы на складанасці, Яўгену падабалася праца, ён не збіраўся звальняцца з ДАІ.

25 ліпеня Яўгену Патаповічу павінна было споўніцца 23 гады. Пахаванне прызначанае на суботу 18 мая. Разьвітанне пройдзе ў будынку Магілёўскай абласной філармоніі з 9 да 12 гадзін.

Зьвесткі пра затрыманьне падазраваных у забойстве міліцыянта не пацьвярджаюцца. МУС паабяцала ўзнагароду за інфармацыю пра забойства міліцыянта.

• Текст доступен на языке: ruРусский