На тэрыторыі мэблевага прадпрыемства ў Маладзечне, што часткова размясцілася на тэрыторыі былога гарнізона 86-га пяхотнага палка Войска Польскага (у Гелянове з 1922 па 1939) знайшліся старыя бетонныя паілкі для коней.

Згодна з нямецкім аэрафотаздымкам на тэрыторыі фабрыкі раней знаходзілся некалькі палкавых стайняў (малюнак 2). Кавалерыйскія аддзяленні у пяхотным палку да вайны не дзіва, а неабходнасць, бо ў тыя часы механізацыя войска яшчэ была на нізкім узроўні.

Паілкі гэтыя раней, хутчэй за ўсё, знаходзіліся ўнутры стайняў і захаваліся з-за таго, што іх выкарысталі ў якасці часткі падмуркаў для новай фабрычнай пабудовы. Яе сцяна абапіраецца на масіўную бетонную аснову паілак.

Але гэта толькі частка ад былой кольскасці паілак, бо пры пабудове цэха, які знаходзіцца бліжэй да вуліцы Драздовіча, паілкі іншых стайняў былі цалкам разбураныя. Пра гэта ўзгадвае мой дзядуля, які на фабрыцы працаваў ад 1963 года і сам бачыў, як іх разбуралі.

Паілкі, хутчэй за ўсё, адліты ў канцы 1920-х-пачатку 1930-х гадоў. Таго ж часу і воданапорная вежа, што стаіць там недалёка і была пабудаваная была для водазабеспячэння стайняў.

Паілкі маюць грунтоўны выгляд: жалезабетон высокай шчыльнасці, арміраваны жалезнымі прутамі вялікага дыяметру. Разбураць такія канструкцыі вельмі цяжка.

Бачна, што і гэтыя паілкі пры пабудове новага склада хацелі часткова разбурыць, каб заставалася толькі частка пад новай сцяной. Але чамусьці не завяршылі пачатае.

У паілках глыбокія нішы чаргуюцца з квадратнымі неглыбокімі адтулінамі. Таксама каля кожнай выемкі бачныя ўмураваныя у бетон металічныя замкі.

• Текст доступен на языке: ruРусский