Сабраць як мага больш публікацый па-беларуску і пра Беларусь. Такую задачу ставіць перад сабой інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat. Яе заснавальнік, беластоцкі беларус Яраслаў Іванюк прыехаў у Маладзечна, каб расказаць жыхарам рэгіёна пра адзін з найбуйнейшых анлайн-збораў беларускай літаратуры і медый. Імпрэза прайшла ў маладзечанскім музычным каледжы.

– У гэтым годзе так склалася, што мы наладзілі супрацоўніцтва з «Рэгіянальнай газетай». Я нейкі час таму сустракаўся з яе галоўным рэдактарам Аляксандрам Манцэвічам, і дамовіліся, што рэдакцыя «Рэгіянальнай газеты» дапаможа нам зладзіць у Маладзечне такую сустрэчу з людзьмі, якія зацікаўленыя беларускай літаратурай. І прэзентавалі тут беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org, — расказаў Яраслаў Іванюк.

Прэзентацыі інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat рэгулярна адбываюцца ў розных гарадах Беларусі. Акрамя Маладзечна, у гэтыя дні праходзяць сустрэчы ў Слоніме, Віцебску і Магілёве. Спадар Яраслаў раскрывае 19-гадовую гісторыю праекта, які распачынаўся як аматарскі, а пасля знайшоў падтрымку Міністэрства замежных спраў Польшчы, што дало магчымасць працаваць большымі аб’ёмамі. Увесь кантэнт легальны, з аўтарамі заключаюць адпаведныя пагадненні. Сёння Kamunikat – гэта амаль 40 тысяч публікацый, сярод якіх каля 8 тысяч кніг.

– Кнігі, часопісы і газеты – яны не толькі такія, якія выходзяць цяпер, але таксама і архіўныя нумары часопісаў, газет; кнігі, якія выходзілі ў 50-я, 60-я гады – беларускіх пісьменнікаў… Гэта нам даводзілася адлічбоўваць. Усё гэта даступнае, да гэтага даходзяць яшчэ радыёперадачы, тэлеперадачы. Мы сабралі 40 тысяч беларускіх публікацый, – расказаў Яраслаў Іванюк.

На такія сустрэчы спадар Яраслаў заўсёды запрашае знаных беларускіх музыкантаў. У цяперашнім міні-туры кампанію складае гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч. Артыст не стамляўся прызнавацца ў любові да Маладзечна.

– У 93-м годзе, калі тут адбыўся першы фестываль беларускай паэзіі і песні, мы, барды, – мы збіралі ў парку больш народу на свае канцэрты, чым збірала папса, чым Фінберг збіраў! Больш, фотаздымкі ёсць – проста парк увесь усеяны людзьмі, – прыгадаў Віктар Шалкевіч.

Што праўда, яшчэ адзін улюбёная кропка Шалкевіча на глобусе – Канада. На заканчэнне канцэрту, які адбыўся пасля прэзентацыі, бард заспяваў песню, прысвечаную гэтай краіне.

Кожны водгук, з якім сустракаемся, вельмі важны, запэўнівае Яраслаў Іванюк. Зваротная сувязь пацвярджае, што праца інтэрнэт-бібліятэкі Kaminikat.org – не пустая. І тое, што ненавінавы сайт штодня праглядаюць каля тысячы чалавек, яго заснавальнік лічыць поспехам.

• Текст доступен на языке: ruРусский