Нам падабаецца карыстацца выгодамі прагрэсу. Але ўсё развіваецца так імкліва, што часам складана зразумець, ці бяспечныя тэхналогіі, якія чакаюць нас на паліцах крамаў.

Кожны год прымяненне хімічных рэчываў у свеце ўзрастае ў сярэднім на 40 тысяч тон. Нароўні з маланебяспечнымі і бяспечнымі хімічнымі рэчывамі ў абарот трапляюць хімічныя рэчывы з выяўленым негатыўным уплывам на арганізм чалавека. У тым ліку на самую складаную і шматфункцыянальную сістэму – эндакрынную.

Такія рэчывы называюць эндакрыннымі дызраптарамі або разбуральнікамі. Цяпер іх вядома больш за 1000.

У іх ліку дыяксіны, акрыламіды, гербіцыды, пестыцыды, цяжкія металы, фітаэстрагены, стымулятары росту жывёл і раслін, некаторыя лекі. Калі гэтыя рэчывы назапашваюцца ў арганізме, яны могуць выклікаць бясплоддзе, рак малочнай залозы, рак прастаты, захворванні нервовай сістэмы, дэфіцыт увагі і гіперактыўнасць у дзяцей, захворванні шчытападобнай залозы, дыябет і атлусценне.

Прычым малыя або вельмі малыя дозы ці канцэнтрацыі могуць дзейнічаць больш разбуральным чынам, чым высокія. А ўплыў цэлага кактэйлю такіх рэчываў і зусім цяжка прадказаць.

Сустрэць іх можна літаральна паўсюль: у бытавых хімікатах, мыйных і касметычных сродках, вырабах з пластыку, пестыцыдах, аўтамабільных выхлапах, ва ўсіх відах прамыслова зробленага мяса, садавіне, гародніне і ў малочных прадуктах.

Слаба абароненыя да ўздзеяння эндакрынных разбуральнікаў дзеці і цяжарныя жанчыны. Сёння ў нашай краіне няма выразнага нацыянальнага заканадаўчага інструмента па рэгуляванні звароту эндакрынных разбуральнікаў у таварах і прадуктах. Але ў гэтым кірунку вядуць навуковыя даследаванні. Меры, неабходныя для прыняцця рашэнняў па прадухіленні ўплыву гэтых небяспечных хімічных рэчываў на наша здароўе, не прымусяць сябе доўга чакаць.

А пакуль для памяншэння кантакту з эндакрыннымі разбуральнікамі паспрабуйце выконваць наступныя рэкамендацыі.

Як зменшыць уплыў эндакрынных разбуральнікаў

Ешце ў асноўным свежыя, сырыя цэльныя прадукты. Купляючы апрацаваныя прадукты, аддавайце перавагу шкляной упакоўцы, пазбягаючы поліэтыленавай плёнкі, бляшанак, упакоўкі з пластыку.

Тое ж тычыцца захоўвання і разагравання прадуктаў дома. Працяглы кантакт прадуктаў і высокая тэмпература павялічваюць вылучэнне хімічных рэчываў з пластыку.

1. Для дзіцячага харчавання старайцеся выкарыстоўваць толькі шкляныя бутэлечкі.

2. Будзьце асцярожныя з касавымі чэкамі. Большасць відаў тэрмапаперы, якая выкарыстоўваецца ў чэках, змяшчае дызраптары. Калі патрымаць гэту паперу ўсяго пяць секунд, шкодныя рэчывы трапляюць на скуру чалавека. Калі пальцы мокрыя або ў тлушчы, то іх колькасць павялічваецца ў 10 разоў.

3. Шукайце прадукты, якія маюць сертыфікат аб вытворчасці арганічнай прадукцыі без ГМА. Гэта адносіцца да ўсяго – ад прадуктаў і тавараў асабістай гігіены да будаўнічых матэрыялаў, дывановых пакрыццяў, фарбаў, дзіцячых тавараў, мэблі, матрацаў і шмат чаго іншага.

Робячы рамонт у доме, звярніце ўвагу на «зялёныя» альтэрнатывы без таксінаў.

4. Выбірайце цацкі, зробленыя з натуральных матэрыялаў, пазбягайце танных пластыкавых цацак, асабліва тых, якія дзеці могуць смактаць або жаваць.

5. Выкарыстоўвайце натуральныя чысцячыя сродкі або рыхтуйце іх самі.

6. Перайдзіце на арганічныя туалетныя прыналежнасці, уключаючы шампунь, зубную пасту, дэзадаранты і касметыку.

7. Замяніце вінілавую фіранку для душа на тканінавую.

8. Шукайце тавары без аддушак. У штучных аддушках могуць утрымлівацца сотні, нават тысячы, патэнцыйна таксічных хімічных рэчываў.

Па той жа прычыне старайцеся не карыстацца кандыцыянерамі для бялізны, антыстатыкамі, асвяжальнікамі паветра і араматычнымі свечкамі.

9. Праверце водаправодную ваду на забруджванні і пры неабходнасці фільтруйце яе. Па магчымасці, замяніце водаправодныя ПВХ­ трубы на альтэрнатыўныя.

10. Пазбягайце адзення, мэблі і дываноў з пакрыццямі, якія адштурхоўваюць гразь і ваду.

11. Замяніце патэльні і каструлі з антыпрыгарным пакрыццём на керамічныя або шкляныя.

12. Замест ужывання рыбы, выгадаванай у рыбгаспадарках, якая часцяком забруджаная небяспечнымі хімічнымі рэчывамі, аддайце перавагу дадаткам з якасна вычышчаным рыбіным тлушчам.

Калі ўсё­-такі гаварыць пра ўжыванне морапрадуктаў, то ў дробнай рыбе, такой як сардзіны, анчоусы і селядзец, менш забруджвальных рэчываў і больш амега-­3 тлушчаў. Жывучы ў сучасным свеце, не забывайце пра іншы, малапрывабны бок навукова­тэхнічнага прагрэсу. Беражыце сябе!

• Текст доступен на языке: ruРусский