У Вільні можна скарыстацца роварам. Паслуга дазваляе ўзяць яго з аднаго пункта арэнды і пакінуць на той стаянцы, якая будзе зручная.

У папярэднім артыкуле мы разбіраліся ў тым, колькі каштуюць цяпер прадукты ў Вільні, і параўноўвалі іх з коштамі маладзечанскіх. Працягваем расказваць пра цэны ў горадзе, пералічыўшы іх на нашы грошы.

Мы штомесяц аплачваем камунальныя паслугі, мабільную сувязь, ездзім на таксі. Каб даведацца, колькі гэта каштуе ў Вільні, “РГ” пагутарыла з ураджэнцам Беларусі, які жыве ў Літве, Кірылам Атаманчыкам. Атаманчык са Жлобіна, у Вільні працуе дырэктарам агенцтва адпачынку і забаў.

Кажа, мінімальны заробак у Вільні – 1300 рублёў да аднімання падаткаў. Рэальны – трохі меншы за тысячу. Сярэдні – каля 1600. Людзі сталага ўзросту атрымліваюць 600-700 рублёў пенсіі.

Дамашніх тэлефонаў даўно не сустракаў

У субяседніка аднапакаёвая кватэра, ацяпленне не цэнтральнае, таму яго можна рэгуляваць. Суразмоўца дзеліцца, што такіх дамоў у Вільні пакуль яшчэ меншасць. Хаця новыя дамы цяпер будуць з рэгуляваным ацяпленнем.

Электрычнасць каштуе каля 28 капеек за кілават, а вось газу няма. Халодная вада – прыкладна чатыры рублі за кубаметр, гарачая – трохі больш за 11 рублёў.

На мабільную сувязь у Атаманчыка сыходзіць 18-23 рублі за месяц. Тарыф прадугледжвае безлімітныя званкі на любыя сеткі па Літве, маецца восем гігабайтаў мабільнага інтэрнэту. А вось дамашніх тэлефонаў субяседнік даўно ні ў каго не сустракаў.

Таксісты не заўжды даюць білет

У горадзе вельмі папулярныя электрычныя самакаты. На іх ездзяць усе, ад моладзі да сталых людзей. Мінута катання – каля 30 капеек.

Можна арандаваць і веласіпед. У тэрмінале на стаянцы ровараў набыць квіток, які дазволіць карыстацца веласіпедам на працягу трох дзён. Кошт такога білета – шэсць рублёў 80 капеек. Першыя паўгадзіны паездкі бясплатныя, другія паўгадзіны – 90 капеек, трэція – 3 рублі 30 капеек,  усе наступныя – восем рублёў.

Вырашылі арандаваць аўтамабіль? Мінута на Volkswagen Golf абыдзецца ў 42 капейкі, гадзіна – у 11 рублёў, суткі – амаль у 50.  За дзень катання на Toyota Yaris заплаціце 35 рублёў.

Каля двух гадоў таму Атаманчык скончыў аўташколу. За навучанне і экзамен заплаціў каля 1600 рублёў.

Ужо ёсць свая машына? Майце на ўвазе, у Вільні цэны на бензін не стабільныя. На 27 красавіка былі прыкладна 2 рублі 60 капеек за літр. А яшчэ тут не прадаюць нізкаякаснае паліва.

Таксі па мабільным дадатку каштуе шэсць-сем рублёў за прыкладна дзесяць хвілін. “Традыцыйна” заказваць таксі па тэлефоне даражэй. Як і ў нас, таксісты не заўсёды даюць білет.

Да ўвагі пешаходаў: машыны ў Вільні прапускаюць на пераходах, а вось самому чалавеку лічыцца непрыстойным не прапускаць на іх аўтобусы. Хаця ў правілах дарожнага руху гэта і не прапісанае.

А яшчэ трэба добра падумаць перад паездкай у Вільню курыльшчыкам: магчыма, прыйдзецца кінуць курыць. Па-першае, цыгарэты тут каштуюць у сярэднім 10 рублёў. Самыя танныя, што знайшлі, – 5 рублёў 40 капеек. Да параўнання: запальнічка каштуе ўсяго 70 капеек. Па-другое, за мяжу не прапускаюць больш за два пачка. І нават вечарам на вуліцах Вільні за 15 хвілін можна не сустрэць ніводнага чалавека, які курыць.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: ruРусский