Фото glavred.info.

Галіна Сарочык, ураджэнка Ашмяншчыны, якая у 1990-ыя працавала доктарам на Валожыншчыне, сёння прысутнічала на інаўгурацыі Уладзіміра Зяленскага.

Ва Украіне Галіна жыве ад 2011 года. Яна – актывістка беларускага руху ў Кіеве.

«На інагурацыі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Настрой супер! Эмоцыі зашкаліваюць!» Так падпісала доктар з Валожына здымак на старонцы ў фэйсбуку. Галіна – першая справа.

З карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты» зямлячка падзялілася сваімі ўражаннямі ад інаўгурацыі:

– Я ў захапленні ад Украіны і ўкраінцаў. Сённяшняя інаўгурацыя – па сутнасці, трэці Майдан, але без крыві. А Уладзіміру Аляксандравічу, новаму прэзідэнту Украіны хочацца пажадаць рашучасці, вытрымкі, моцнага здароўя ў яго складанай місіі рэфармацыі дзяржавы Украіна. Бо яму ў спадчыну дасталася разрабаваная алігархамі краіна, якая вядзе вайну са знешнім і ўнутраным ворагам.

Спадарыня Галіна выказала спадзяванні, што Украіна стане магутнай, заможнай еўрапейскай дзяржавай, бо вартая гэтага.