«Прымірэнне над магіламі – праца ў імя міру» – менавіта пад такім дэвізам на Валожыншчыне, у вёсцы Дзясятнікі, добраўпарадкавалі могілкі Першай сусветнай вайны.

Ужо 11 гадоў удзельнікі праекта рэстаўрыруюць могілкі ў Беларусі, Польшчы, Латвіі, Румыніі, Расіі. Яны даглядаюць месцы ваенных пахаванняў.

– Наша самая галоўная мэта – каб маладыя людзі любой нацыянальнасці маглі знаходзіць агульную мову, сябраваць. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра сяброўства і мір паміж нашымі нацыянальнасцямі, – адзначыў выкладчык і каардынатар праекта Хольгер Хагэман.

Чатыры навучэнцы інтэрнацыянальнага вучылішча Беруфлехе Шуле з горада Расток ў Германіі і сем студэнтаў з Брэста працавалі два тыдні.

– Я думаю, калі людзі будуць больш згуртаванымі, будзе менш канфліктаў, войн. Калі будзем супрацоўнічаць адзін з адным, зможам завесці нейкія сувязі, атрымаць досвед. Можна нават з’ездзіць будзе па абмене, – лічыць Андрэй Уроніч, навучэнец Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа БрДТУ.

Сёлета рэканструявалі помнік Першай сусветнай вайны. Капліца пачатку 20 стагоддзя з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Прыбралі дрэвы, якія раслі на даху, ачысцілі ад моху, зачысцілі фугай участкі паміж камянямі і адрэстаўравалі дах. Толькі на добраўпарадкаванне помніка сышло 30 мяшкоў цэменту і 100 пяску. Таксама рэканструявалі агароджу вакол, добраўпарадкавалі надмагіллі. Вольны ад працы час беларусы і немцы праводзілі разам. Хольгер Хагэман адзначыў бясконцую беларускую гасціннасць.

– Ён сам ужо не першы раз у Беларусі, кажа, дзе б я ні быў, у якой бы мясцовасці ні быў, куды бы ні зайшоў, у якую б краму ні зайшоў, вось гэта наша беларуская гасціннасць, добразычлівасць, таварыскасць вельмі адчуваюцца, – распавяла выкладчык замежных моў Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа БрДТУ Алена Шамарына.

Могілкі ў Дзясятніках для рэстаўрацыі абраў Народны саюз Германіі. Каардынатары праекта разлічваюць, што і ў наступным годзе нямецкія і беларускія студэнты працягнуць працаваць на карысць міру і сяброўства.

Больш падрабязна пра падзею — у бліжэйшым нумары «РГ».

Праект фінансуецца Аuswärtiges amt der BRD і Stiftung Gedenken und Frieden des Volksbundes Deutsche Kriegsgräberfürsorge.