Да двухпавярховага цаглянага дома сям’і С. у Баярах пад Мядзелам вя дзе сцежка з двума ільвамі па баках. Гаспадыня Таццяна сядзіць на кухні, дзе паміж сучасных шафак сушацца кілбасы. Колькі мы размаўляем, яна цярэбіць заручальны пярсцёнак.

Яе муж Уладзімір застрэліўся два гады таму, і жанчына толькі цяпер пачала прыходзіць у сябе пасля самага страшнага перыяду жыцця.

Многа працавалі, многа трацілі

Таццяна і Уладзімір пазнаёміліся 20 год таму. Яркага кахання ў іх і не было, але хутка вырашылі пажаніцца. Ён быў гараджанінам, але пагадзіўся пераехаць у родную вёску жонкі. Першыя дзесяць год яны шчыравалі на будоўлі дома, гадавалі сына і дачку. Зараблялі на ўласным магазіне, які адкрылі ў Баярах.

Гэта быў вельмі патрэбны і прыбытковы бізнес. Але пасля першага дзесяцігоддзя 2000-х давялося зачыніцца: стала невыносна вытрымліваць бясконцыя праверкі.

 Уладзімір уладкаваўся на прадпрыемства. Ён быў вельмі раўнівы і не хацеў, каб жонка пра цавала не пры ім. Жанчына ж спрабавала вырывацца хаця б на частковы рабочы дзень на мясцовую ферму.

Пасля яна вырашыла, што было б здорава завесці карову і зарабляць на ёй. Уладзімір доўга быў супраць. Тады Таццяна вырашыла яго падмануць – сказала, што купіць бычка, а сама прывяла цялушку. Калі яна пачала даваць малако, вяртаць яе было позна. Гаспадары хутка зразумелі, што ў Таццяны гэта справа ідзе і дае добрыя грошы.

Малочны бізнес ішоў на лад.

Аднак асабістае жыццё складвалася няпроста. Уладзімір, які моцна раўнаваў жонку, сябе не лічыў абавязаным трымацца вернасці. Таццяна ведала пра яго здрады. Аднойчы ён сышоў да палюбоўніцы, але Таццяна вярнула яго ў сям’ю, даказаўшы, якая тая жанчына шлюндра.

«Для іншых ён быў добры, душа кампаніі, вясёлы, шустры. Але ў сям’і – дэспат, мы ўсе хадзілі па струнцы.

За 19 год сумеснага жыцця ён разбіў ушчэнт 13 машын. Мы многа зараблялі і многа трацілі.

Правы кіроўцы ў яго былі толькі два з паловай гады. Пазбаўлялі дакументаў за перавышэнне хуткасці, нецвярозае кіраванне. За Талуццю стаяў знак з абмежаваннем хуткасці «40», ён там умудрыўся ехаць на 120».

Няпростыя адносіны з мужам давялі Таццяну да псіхічнага расстройства, дэпрэсія прывяла да дыягназу «біпалярнае афектыўнае расстройства». Яна некалькі разоў ляжала ў бальніцы.

Ніхто з суседзяў і знаёмых ніколі не папракнуў на тэму псіхічнай хваробы. Яны бачылі мужа з боку і здзіўляліся, як яны разам жылі.

Дактарам жанчына казала, што лячыць трэба было яго, а яна ж з ім проста жыла.

Ілюстрацыйнае фота.

Як выдалі крэдыты псіхічна хвораму чалавеку?

Справы паціху ішлі на лад. Таццяна купіла больш кароў. Здавала малако заводу, за гэта мела па 1800 рублёў у месяц. Яшчэ каля 1500 рублёў за тое, што рабіла масла, тварог і прадавала малако ў слоіках людзям. Штомесячны даход жыхаркі Баяраў быў не менш за 3000 рублёў.

Уладзімір задумаў запусціць новы праект. Накупіць добрай бульбы, вырасціць і прадаць па ўдалай цане. На тое, каб купіць усё для справы, спатрэбіліся грошы.

Уладзімір вырашыў браць крэдыты ў банку і афармляць іх на жонку. Жанчына ў той перыяд была ў прыгнечаным псіхічным стане. Выглядала гэта так: яны ўдваіх ідуць у банк, яна з паперы чытае, што напісаў муж, выдаюць крэдыт, ён забірае картку з грашыма.

«Я паехала і ўзяла крэдыт на 10 тысяч долараў, тады гэта было 100 мільёнаў рублёў. Нават не помню, пад які працэнт. І дакументы не захаваліся – не ведаю, куды муж іх дзеў. Грошы ў руках не трымала».

11 лістапада 2014 года разам паехалі па першы крэдыт у Паставы ад «Дэльта банка». У Мядзеле тады прыватных банкаў не было. Пакет дакументаў, падрыхтаваны мужам, жанчына проста паклала на стол.

«Няўжо тыя, хто выдаваў крэдыты, не бачылі мой стан? Вочы шкляныя, я была ніякая, а побач ён стаіць. 21 лістапада ён вязе мяне ўжо ў Мінск браць другі крэдыт на 100 мільёнаў у «Альфа банку». З сабой узяла тую самую паперу, на якой муж напісаў, што гаварыць. Тут таксама забраў картку, і грошай я не ўбачыла».

Ілюстрацыйнае фота.

Правалілі бізнес з-за абвалу рубля

На ўсе грошы з крэдытаў Уладзімір закупіў элітны гатунак бульбы. Прывёз дзве фуры па 20 тон. 19 снежня 2014 года падскочыла валюта, супраць Расіі ўвялі санкцыі, Пуцін раздае расіянам зямлю дарма. У 2015 годзе расіяне самі садзяць шмат бульбы.

Таццяна з мужам садзяць і сваю дарагую элітную бульбу. А збыць яе не могуць – рынак бульбай перанасычаны, цэны ніжэй няма куды. Крэдыты выплачваць няма чым. Муж бярэ яшчэ крэдыты, каб крэдытамі гасіць крэдыты.

Бульбу ўсё ж збылі, але за капейкі. У жніўні жанчына зноў трапіла ў псіхбальніцу, 30 ці 31 выпісалі. А на наступны дзень Уладзімір разбіўся на машыне, быў нецвярозы за рулём.

Пасля 21 дзень у коме, зламаныя рэбры, жонка вучыла яго хадзіць нанова. Пасля гэтага на нейкі час паміж парай пачалі наладжвацца адносіны.

Хаця суразмоўца не выключае, што гэта была першая спроба самазабойства.

«Калі ён вярнуўся дамоў, я ўбачыла, што чалавек ужо не той. Я бачыла, што ў яго тое ж, што і ў мяне – дэпрэсія. Гэта заўсёды відаць па чалавеку. Спрабавала дапамагчы. Але некаторыя сваякі казалі, што я іх ганьбую сваёй псіхушкай. Яму казала: «Вова, кладзіся, табе дапамогуць».

Але з-за такога стаўлення, што за такія праблемы павінна быць сорамна, ён не дазваляў сабе звяртацца па дапамогу».

Пасля той аварыі Уладзімір незаконна купіў ружжо. З вясны 2016 года родныя бачылі, што за ім трэба прыглядаць. Таццяна з сынам па чарзе пасвілі кароў. Калі была яе чарга, званіла сыну, каб той паглядзеў, дзе тата.

«Прасіла дапамогі ў некаторых сваякоў, адказвалі, што грошай не маюць.
Тлумачу, што грошы мы ўжо не выратуем, з ім проста трэба паразмаўляць. Казала, ён жа нешта з сабой зробіць. 11 верасня апошні раз прасіла паразмаўляць, а 17 муж застрэліўся».

Ілюстрацыйнае фота.

Як муж стаў злачынцам

Перад трагедыяй, паціху прадавалі кароў, каб перакрыць даўгі.

Павінны былі выплачваць 5300 рублёў у месяц (53 мільёны), 1200 (12 мільёнаў) з іх – за дом, які заклалі.

Заставалася дзесяць кароў. Прадавалі па карове на месяц і плацілі лізінг за дом. Дом выратавалі, ён перайшоў сыну.

Уладзімір не знайшоў іншага рашэння, як разабрацца з даўгамі, акрамя злачынства. Пазнаёміўся з мужчынам з Расіі, якому абяцаў прадаць быкоў. Неяк заманіў у лес, накіраваў на яго ружжо, забраў грошы, каля 40 тысяч (400 мільёнаў недэмінаванымі). Той выйшаў з лесу і паехаў у міліцыю. За гэты час муж паспеў раздаць даўгі, што браў у знаёмых. Прыехаў дамоў, абняў дачку.

16 верасня ва Уладзіміра быў дзень нараджэння. 17, у суботу, збіраліся святкаваць. Таццяна размарозіла мяса на шашлыкі. Пайшла адпачыць, каб пасля накрыць стол. Яна ляжала ў дрымоце, ён падышоў, пастаяў над жонкай. Развітваўся з усімі. Пасля пайшоў у гараж і застрэліўся з таго ружжа, што купіў год таму.

Перадсмяротная запіска была ў чарнавіках паведамленняў у тэлефоне.

«Таня, прабач. Я больш так не магу. Мае даўгі аддаваць не трэба. Дзяцей трымай, сама трымайс».

Апошняй літары не хапала, гэта на яго вельмі непадобна. Напэўна, чуў, што пад’язджае міліцыя па заяве абрабаванага чалавека, і не паспеў дапісаць.

Запіска Уладзіміра з даўгамі.

Ён застрэліўся дарма

«Усё, што ён зрабіў, – дарма. Грошы, якія скраў, вярнулі гаспадару. Усё было бессэнсоўна. Ён звар’яцеў ад таго, што не спраўляўся з тым, што здарылася. Перад трагедыяй на мужа ўсе так моцна пачалі ціснуць, яго давялі. І мяне ад гэтых званкоў з банка ён спрабаваў абараніць. І ўсё роўна на мне засталіся два крэдыты па дзесяць тысяч долараў».

Адзін крэдыт «Дэльта банку» ўдалося закрыць. Сам крэдыт мы бралі на 10000 (100 мільёнаў недэмінаванымі), а на 2000 была страхоўка. Хоць Таццяна сядзела ў банку ніякая, але настаяла, што без страхоўкі нічога браць не будзе. Праз паўгода пасля таго, як атрымалі крэдыт, на тэлефон прыйшло паведамленне, што калі пагасяць цягам месяца суму, эквівалентную дзвюм тысячам долараў, то застанецца выгадная рэшта пазыкі.

Калі раней жанчына плаціла па 600 рублёў выплаты па крэдыце штомесяц, то цяпер сума зменшыцца да 275 рублёў. Гэтыя дзве тысячы долараў выплацілі. І па гэтым крэдыце заставалася каля трох тысяч доўгу. Гісторыя з крэдытам ад «Альфа банка» горшая. Там засталося каля 7000.

«З-за нявыплаты пачалі пагражаць, што пададуць у суд. Змагацца не было сіл, сказала «Падавайце». Муж застрэліўся 17 верасня, пахавалі ў аўторак. А ў нядзелю да мяне ўжо прыехалі са Следчага камітэта. Я сядзела тут на кухні ніякая, а ў мяне бралі паказанні».

Таццяне пагражаў артыкул «Махлярства».

«Але якое тут махлярства, я мела чым плаціць. Я зарабляла на малацэ. Каб упэўніцца, дастаткова ўзяць усе дадзеныя з масласырзавода. Яны пытаюцца, а ці магу гэтыя звесткі ўзяць я. Дык як я магу гэта ўзяць, не я ж следчы!»

На адваката грошай не было, жанчына абараняла сябе сама. Адзін са сваякоў працаваў вартаўніком, а аформленая праца была на яе. Справа развівалася ў накірунку, што Таццяна, маючы мінімальны заробак вартаўніка, узяла грошы, хоць ведала, што аплаціць не зможа.

Пры гэтым дакументы для крэдытаў рыхтаваў муж. Таму жанчыне пагражала другая частка артыкула «Махлярства, таму што нібы здзейсненае групай асоб. За гэта прадугледжанае пазбаўленне свабоды ад васьмі да дзесяці год.

«Калі прыязджалі па паказанні, я проста з усім пагаджалася. Тлумачыла пра свой стан, што зарабляла. Але сіл даказваць нешта ў мяне проста не было. На апошнім допыце ў мяне была сястра Наташа з мужам. Я сяджу, як звычайна, з усім пагаджаюся. Сястра слухае, пасля кажа: «Вы што, зусім здурнелі?! У яе ж даход ёсць!». Прывяла да прытомнасці.

Пасля мяне выклікалі ў Следчы камітэт, гутарылі шэсць гадзін. У выніку сказала, што на судзе скажу, што мела даход і шмат разоў ляжала ў бальніцы.

Адправілі ў Мінск на экспертызу на месяц, дзе прызналі не ў свядомасці на момант злачынства, прайшла лячэнне.

Справа «Дэльта банка» супраць мяне закрытая, выплачваць я ім больш нічога не павінна. А «Альфа банк» назіраў, чым справа закончыцца. З імі працягваю ваяваць. Прашу падаць у суд, яны не падаюць, бо ведаюць, што закончыцца, як і «Дэльта банкам». Гэты ж крэдыт таксама застрахаваны, чаму яны не карыстаюцца страхоўкай, не ведаю».

Па гэтым крэдыце застаецца вісець доўг у 7000.

Пасля трагедыі

«Цяпер мой стан лепшы. Зарабляю гаспадаркай, але працую нашмат менш. Тры каты, вялікі сабака, купіла цялушку, сем свіней, куры, качкі. Раблю рамонт, вельмі марудна ідзе. Калю кабана, раблю сала, кілбасы. Машына пакуль толькі легкавая. На хлеб зарабляю.

Пасля пахавання мужа сын са мной не размаўляў, не прыязджаў да мяне ў бальніцу, унёс нумар у чорны спіс тэлефона.

Ён вінаваціў у тым, што столькі цярпела, што мы з мужам не разводзіліся і давялі сітуацыю да такога. Тлумачыла, чаму я не разводзілася, мяне не зразумелі. Пасля новага года ў мяне быў проста край. Ад безвыходнасці звярнулася да жанчыны, якая займаецца магіяй, і грошы яна з мяне не бярэ.

Не ведаю, ці супадзенне, але пасля гэтага сын пачаў са мной размаўляць . Упершыню па душах пагаварылі з дачкой. Я пачала адчуваць задавальненне ад жыцця і адзіноты, пачала ўтульна адчуваць сябе ў доме.

Мне ставілі дыягназ біпалярнае афектыўнае расстройства – калі чалавека штурхае ад моцна прыпаднятага да моцна ўпадніцкага стану. Знаёмыя казалі, што мець 36 кароў на аднаго чалавека немагчыма. Я адказвала, што мне хапае сіл. А пасля з-за таблетак не было сіл жыць.

Але думаю, я выкарабкаюся, можа, праз гады тры.

Хачу, каб мая гісторыя дапамагла камусь ці не зрабіць такіх памылак, як у мяне. Трымацца падалей ад крэдытаў. Дарэчы, некаторыя трапляюцца на вудачку растэрміноўкі – а гэта той самы крэдыт, аформлены ў банку. Будзьце пільныя і клапаціцеся пра блізкіх».