Творчы рух «Час жыць» ладзіцца ад 2011 года, кожны год – новая тэма, актуальная для творчага асэнсавання і пражывання. Сёлета сустрэчу ладзілі 17 мая. Тэма – «Я-Мы-Яны».

Першы трэнінг «Стоп-булінг» ладзіў моладзевы клуб ЮНЭСКА.

– Тэма выклікала вялікую цікавасць і эмацыянальны водгук у маладых людзей. Прышлі і знаёмыя, і незнаёмыя, але падчас трэнінгу склалася такая атмасфер даверу, што наўпрост пасыпаліся адкрытыя асабістыя гісторыі з жыцця. Калі моладзь перажывала траўлю, сутыкалася з сітуацыямі прэсінгу з боку аднагодкаў, – дзеліцца арганізатар руха «Час жыць» Марына Валасковіч.

Фота Ганны Сяргеевай.

Траўля, дзедаўшчына або булінг, кажа арганізатар, нярэдкая з’ява ў дзіцячых і падлеткавых калектывах.

На трэнінгу хлопцы і дзяўчаты знаходзілі эфектыўныя спосабы спраўляцца з  няпростымі сітуацыямі. Яны сталі псіхолагамі адзін для аднаго, шчодрымі на падтрымку і суперажыванне. Прысутнічала каля 25 людзей.

Ладзілі майстар-клас па пляценні з нітак

Пасля зладзілі творчую сустрэчу «Спляці сабе лёс». Майстар-клас па пляценні з нітак правяла Настасся Шпілеўская. Яна расказала гісторыю пляцення ў беларускай традыцыі, прадэманстравала асноўныя спосабы гэтага ўмення. На сустрэчы прысутнічала больш за дзясятак удзельнікаў, хаця ад пачатку планавалася да шасці.

Фота vk.com/vremeajit.

Алеся Каролік і Руслан Апановіч, каардынатары праектаў моладзевага абмену па праграме Еўрапейскай камісіі «Erasmus +», а таксама моладзь, якая ўжо ўдзельнічала ў моладзевых міжнародных праектах, распавялі пра свае планы і ўражанні на пляцоўцы «Мы і яны».

Ад аўтарскай песні да цяжкага року

Канцэртна-матывацыйная праграма – ноў-хаў руху «Час жыць». Гэта форма інтэрактыўна-творчага зразумення і раскрыцця актуальнай для свядомасці моладзі тэмы. Яна называлася «Я-Мы-Яны».

«Якія яны, бацькі і дзеці, якія становяцца дарослымі?» «Якія яны – розныя пакаленні, культуры, нацыянальнасці?» «Ці адрозніваюцца людзі?» Гэтыя і іншыя пытанні разглядаліся падчас імпрэзы.

– Вядучыя стварылі  ў дыялогу і паміж сабой, і разам з удзельнікамі сустрэчы адзіную прастору «Мы», – кажа Валасковіч.

Данііл Гарбуль. Фота Івана Шабуневіча.

У канцэртна-матывацыйнай праграме ўдзельнічалі новыя сябры руху – навучэнцы музкаледжа, школ, універсітэтаў, маладыя паэты і музыканты розных накірункаў, ад аўтарскай песні да цяжкага року. Сярод іх – Вольга Джумеля, Наталля Хадаркоўская, Яўгенія Ляшкевіч, Вера Капліна, гурт“Growling hunter”, струнны квартэт “Game of strings”, гурт “G-Boys”, гурт “Жыхары Бярлогі”, гурт “Zhuk”. Асобна можна адзначыць ансамбль клуба аўтарскай песні “Свечка”, які не прапусціў ніводнага фестывалю “Час жыць”.

З залы па сваёй ініцыятыве на сцэну выйшла Лізавета Бяляцкая. Творчы псеўданім дзяўчыны – Вялікі Лобстар. Яна падзялілася вершам, які напісала напярэдадні. Яе вершы надрукаваныя ў некалькіх зборніках «Мы гаворым пра жыццё» які выдае творчы рух.

Большасць дэкарацый рабілі сваімі рукамі – спонсараў у праекта няма. Крысціна Ільіч і Паліна Крамплеўская выканалі кардонныя планеты з калажамі фотаздымкаў розных праектаў руху «Час жыць». Найвялікшая аб’яднала самыя буйныя. Яе падтрымлівалі вялікія папяровыя рукі – сімвал адзінства і сусвета.

Фота Ганны Сяргеевай.

– Галоўнае – ідэя. Наш праект «Кардонныя людзі», які ладзілі на ранейшым фестывалі, добра памятаюць удзельнікі «Часу жыць». Тэму «чым мы напаўняем жыццё» раскрылі з дапамогай гэтых сілуэтаў людзей, якія наведнікам прапанавалі «напоўніць»: намаляваць, дадаць фотаздымкі.

У канцы сустрэчы ўдзельнікі выканалі гімн «Час жыць». Адзін з іх папрасіў прысутных уключыць ліхтарыкі на тэлефонах і наўпрост са сцэны арганізаваў флэшмоб: усе дырыжыравалі ў рытм музыкі. На сцэну да салістаў падымаліся ўдзельнікі і гледачы.

Рух «Час жыць» існаваць працягвае: у верасні на пляцоўках Палаца культуры пройдзе моладзевы форум, які збярэ дзейсныя рэсурсы для сапраўднага творчага жыцця. Гэта, сярод іншага, прадуктыўныя зносіны з экспертамі ў галіне здароўя і самапазнання ў розных напрамках творчасці.

Фота Ганны Сяргеевай.