10 гадоў Усходняму партнёрству – што яно дае рэгіёну?

Сёлета Усходняе партнёрства адзначае сваю першую круглую дату. У Брусэлі з гэтай нагоды 13 і 14 мая адбыўся юбілейны саміт, у якім прымалі ўдзел міністры замежных спраў краін-удзельніц.

І калі міністры добра ведаюць, што азначае Усходняе партнёрства для нашых краін, то ў жыхароў Павілля могуць узнікаць пытанні: а навошта яно нам? Што змяняецца канкрэтна для мяне ад таго, што Беларусь застаецца краінай Усходняга партнёрства? І якія важныя словы прагучалі на юбілейным саміце? Разбіраемся ў гэтых пытаннях разам.

Мінулае: за 10 год ЕС стаў другім гандлёвым партнёрам

Усходняе партнёрства дзесяць гадоў таму аб’яднала краіны ЕС з шасцю краінамі-суседкамі: Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай.

Супрацоўніцтва паміж імі пачалося ў самых розных галінах – ад узмацнення эканамічных сувязяў да вырашэння экалагічных праблем і моладзевых абменаў.

Часам можна пачуць скептычнае меркаванне аб тым, што ў шасці краін Усходняга партнёрства вельмі нераўнамерна развіваюцца адносіны з ЕС. З-за гэтага іх лепей падзяліць на дзве групы. У адной будуць Украіна, Грузія і Малдова, якія ўжо маюць бязвізавы рэжым з ЕС.

У другой застануцца Беларусь, Арменія і Азербайджан, перамены ў якіх адбываюцца куды больш павольна.

Удзельнік Еўрапейскай камісіі Ёханэс Хан не згодны з такім падзелам.

– Вядома, ЕС мае свае мэты ў дачыненні да краін Усходняга партнёрства, – зазначыў ён на сустрэчы з журналістамі ў Брусэлі. – І для ўсіх яны аднолькавыя – пашыраць дабрабыт, мір і першынство закона. У кожнай з краін Усходняга партнёрства ёсць розныя палітычныя магчымасці і ўмовы жыцця. Мы павінны іх паважаць, каб не ствараць клопатаў. Некаторыя краіны падпісалі больш дакументаў па збліжэнні з ЕС. Але мы знаходзімся ў працэсе іх падпісання і з астатнімі.

Сярод тых пытанняў, якія падымаліся ў межах Усходняга партнёрства, на слыху ў беларусаў праблемы смяротнага пакарання, свабоды слова і медыяў, зменаў клімату, фінансавая падтрымка беларускіх кампаній і шматлікія моладзевыя абмены.

110 мільёнаў еўра – столькі склала дапамога Беларусі з боку ЕС у межах Еўрапейскага інструмента суседства за 2014-2018 гады.

На сёння ЕС з’яўляецца другім па велічыні гандлёвым партнёрам Беларусі, на долю якога прыпадае амаль траціна агульнага таваразвароту краіны. Ад 2009 года, калі пачалося Усходняе партнёрства, гандлёвыя патокі паміж Беларуссю і ЕС павялічыліся на 18,5%.

Сёння: “Дзякуючы праграме моладзевага абмену з’явілася больш за мільён дзяцей”

Падводзячы вынікі папярэдніх дзесяці гадоў Усходняга партнёрства, старшыня Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер адзначыў, што ЕС і Беларусь вядуць перамовы аб прыярытэтах партнёрства.

Цікава, што, выступаючы на французскай мове, спадар Юнкер “спатыкнуўся” аб назву нашай краіны: “Як правільна – Беларусь ці Беларусія? У любым выпадку, вы разумееце, аб якой краіне я кажу”.

Вынікі дзесяцігоддзя на прыкладзе нашага рэгіёна асабліва добра відаць у развіцці мабільнасці, моладзевых абменаў і сферы экалогіі.

Моладзь усё часцей становіцца ўдзельнікам міжнародных праграм і абменаў. Напрыклад, Павел Палубінскі з Маладзечна стаў Паслом еўрапейскай моладзі. У межах гэтай ініцыятывы маладыя людзі з шасці краін Усходняга партнёрства ўдзельнічаюць у адукацыйных і развіваючых праграмах, а пасля дзеляцца атрыманым досведам з равеснікамі на радзіме.

Усё больш папулярнай у Беларусі становіцца праграма студэнцкіх і выкладчыцкіх абменаў Erasmus+. Ад 2009 года беларусы прынялі ўдзел у больш за 3000 абменаў.

Як напаўжартам, напаўсур’ёз адзначыў у сваім выступленні старшыня Юнкер, “больш за мільён дзяцей нарадзілася ў Еўропе дзякуючы гэтай праграме”.

Выключна для Беларусі ў ЕС быў распрацаваны праект МОСТ. Падаўшы на яго заяўку, беларусы могуць знайсці сабе партнёраў у ЕС, наведаць іх і павучыцца іх досведу ў сферах культуры, адукацыі, навукі, эканомікі, аховы здароўя, энергетыкі і дзяржкіравання.

Напрыклад,  Аляксандр Кушнер з Ашмянаў, які працуе футбольным трэнерам, змог наведаць Германію і атрымаць прафесійныя парады ад прастаўнікоў Берлінскага футбольнага саюза.

Тры гарады нашага рэгіёна далучыліся да пакта мэраў. Удзельнікі гэтага масавага руху добраахвотна бяруць на сябе абавязацельства развіваць свой горад на прынцыпах устойлівай энергетыкі. Усяго да пакта далучылася 46 гарадоў Беларусі.

У нашым рэгіёне першымі сталі Ашмяны – у 2012 годзе яны ўзялі на сябе абавязацельства скараціць выкіды парніковых газаў на 20% да 2020 года. У 2016 далучылася Вілейка, а ў 2017 – Смаргонь. Яны будуць скарачаць выкіды на 30% да 2030 года.

І гэтыя, і іншыя праграмы і ініцыятывы Усходняга партнёрства адкрытыя для новых удзельнікаў і чакаюць заявак ад ініцыятыўных беларусаў.

Будучае: чакаем візы па 35 еўра і ніякага малога памежнага руху

Пытанне ў стасунках з ЕС, якое хвалюе шараговага беларуса, – калі патаннеюць шэнгенскія візы? Цяпер беларусы плацяць за візу 60 еўра. Пры гэтым расіяне плацяць 35 еўра, а ўкраінцы, малдаване і грузіны ўвогуле могуць наведваць краіны Шэнгенскай прасторы без віз.

Нашы суседзі карыстаюцца такімі прывілеямі, бо іх кіраўніцтва абагнала Беларусь у падпісанні важных міжнародных дакументаў – дамоваў па візавай фасілітацыі і рэадмісіі.

Першая дазваляе знізіць кошт Шэнгенскай візы да 35 еўра, а таксама выдаваць большую колькасць бясплатных і шматразовых віз.

Другая – гэта пагадненне аб тым, што краіна за свой кошт гатовая вяртаць на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, якія трапляюць пад дэпартацыю. Гэты дакумент важны для мігрантаў і органаў правапарадку.

Інфармацыю аб тым, што два дакументы неўзабаве будуць падпісаныя, беларусы ўпершыню пачулі амаль пяць гадоў таму. Ужо тады казалася аб тым, што перамовы па гэтым пытанні “знаходзяцца на завяршальнай стадыі”. За гэты час перамовы так і не завяршыліся, а дакументы ўпаўнаважаныя асобы не падпісалі.

1935 дзён – менавіта столькі ідуць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС на момант напісання гэтага тэксту. Лічыльнік устаноўлены на сайце грамадскай арганізацыі “У Беларусь і Еўропу – без візы!” і спраўна лічыць дні ўжо пяты год.

Уладзімір Макей заверыў журналістаў у Брусэлі, што да канца 2019 года дамовы ўсё ж падпішуць.

– Праца над гэтымі дакументамі практычна завершаная, – зазначыў міністр. – Каб перайсці да фінальнай стадыі, трэба прайсці адпаведныя працэдуры. Я перакананы, што мы зможам завяршыць гэту працу ў бліжэйшы час.

Калі ж Беларусь так і не падпіша патрэбныя дакументы, то ў бліжэйшай будучыні кошт Шэнгенскай візы ўзрасце ад 60 да 80 еўра.

Гэта было б асабліва непрыемным, улічваючы “візавую добрасумленнасць” беларусаў: паводле статыстыкі, мы лідзіруем па колькасці шэнгенскіх віз на душу насельніцтва, маем нізкую колькасць адмоў у выдачы віз і рэдка парушаем заканадаўства ЕС па знаходжанні ў Шэнгене.

64 месца займае Беларусь у індэксе пашпартоў свету, які быў абноўлены ў сакавіку 2019 года. Без візы беларусы могуць наведаць 77 краін.

Першае месца ў рэйтынгу займаюць Японія, Сінгапур і Паўднёвая Карэя – грамадзяне гэтых краін не патрабуюць віз для ўезду ў 189 краін. На апошнім, 130-м месцы, – Афганістан і Ірак з магчымасцю наведвання 30 дзяржаў.

А што з малым памежным рухам?

Гэта пытанне актуальнае для жыхароў нашага рэгіёна. Калі б малы памежны рух (МПР) з Літвой стартаваў, жыхары Астраўца, Ашмянаў і іншых гарадоў, якія знаходзяцца не далей за 30 км ад мяжы з Літвой, маглі б наведваць памежную тэрыторыю Літвы без віз. Замест іх яны атрымлівалі б спецыяльнае доўгатэрміновае пасведчанне.

Уладзімір Макей.

МПР стартаваў паміж Беларуссю і Латвіяй. А вось у выпадку з Літвой і Польшчай дакументы так дагэтуль і не падпісаныя беларускім бокам. І, хутчэй за ўсё, такімі і застануцца, паколькі актуальнасць МПР адышла на іншы план. Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў на апошнім саміце Усходняга партнёрства.

– Цяпер гэта пытанне ніхто і не падымае, – сказаў міністр. – Нам трэба думаць далей, наперад, як зрабіць так, каб візавы рэжым не перашкаджаў турызму, бізнесу, звычайным грамадзянам.

Мы павінны працаваць над агульным спрашчэннем візавага рэжыму, і тады неабходнасць у МПР адпадзе сама сабой.