У Валожынскім раённым таварыстве БелТІЗ сёння 70 чалавек. На святочную сустрэчу з чаяваннем і падарункамі, прысвечаную 60-годдзю арганізацыі, прыйшло больш за 20.

Большасць прысутных – мясцовыя. З далёкіх – старшыня абласнога таварыства Святлана Сянько.

Па яе словах, за 60 год арганізацыя шмат рабіла і робіць для сваіх сяброў. Аднак яшчэ ёсць над чым працаваць. Святлана звярнулася да прадстаўніка аднога з банкаў, што прысутнічаў на сустрэчы.

Параіла паклапаціцца пра тое, каб іх банкамат у Валожыне быў абсталяваны для невідушчых людзей і людзей з дрэнным зрокам. Прадстаўнікі банка абяцалі данесці просьбу свайму кіраўніцтву.

Але самай далёкай госцяй была ўсё ж не Святлана. З Сібіры прыехала ўраджэнка Валожына Ларыса Цітова. Шмат год таму з Беларусі яна з’ехала разам з мужам вайскоўцам.

Мама Ларысы, Вера Бацян, даўняя і актыўная ўдзельніца раённага таварыства БелТІЗ, у гэтыя дні таксама святкавала свой юбілей. Жанчыне споўнілася 80 год.

– Мама вельмі чакала і свайго юбілею, і юбілею любімай арганізацыі. Аднак якраз у гэтыя дні прыхварэла. БелТІЗ у маміным жыцці значыць вельмі шмат. Каля 40 гадоў яна – актывістка гэтай арганізацыі. Шмат ездзіла ад таварыства па Беларусі і за межамі. Выступала са спевамі.

Па словах маёй субяседніцы з Сібіры, БелТІЗ – гэта не толькі частка жыцця мамы. Гэта і дзіцячыя ўспаміны самой Ларысы. Бо ў шматлікія паездкі мама брала дзяцей. Да сённяшняга дня Ларыса памятае алею цюльпанаў, што дзяўчынкай упершыню пабачыла ў Кіеве.

– Працую настаўніцай музыкі ў школе. Хвалявалася, што мяне не пусцяць у такую далёкую дарогу. Яшчэ ж не скончыўся навучальны год. Але кіраўніцтва адпусціла да мамы. З-за хваробы яна сама не змагла прысутнічаць на юбілейнай сустрэчы. Але я абавязкова здыму для яе відэапрывітанне, – падзялілася Ларыса.

Праца з людзьмі з інваліднасцю – самаадукацыя для мясцовай улады

З 60-годдзем БелТІЗ віншавалі Валожынскі цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Ігар Шакун. З таварыствам райвыканкам супрацоўнічае не першы год. Дзякуючы такому ўзаемадзеянню горад становіцца больш безбар’ерным.

Ігар Шакун падзякаваў старшыні раённага таварыства Міхаілу Невядомскаму за тое, што ён звяртае ўвагу мясцовых уладаў на праблемы невідушчых людзей.

Адзначыў, што на працягу дзесяцігоддзяў таварыства ў Валожыне не проста фармальна існуе, а актыўна ўдзельнічае ў гарадскім жыцці.

– Здаровыя людзі часам не звяртаюць увагі на праблемы хворых. Калі ты здаровы і паспяховы, можа падавацца, што і ў астатніх няма праблем, – лічыць Ігар Шакун. –   Калі ж пачынаеш займацца праблемамі людзей з інваліднасцю, разумееш, што гэта далёка не так. Таму такая праца – своеасаблівая самаадукацыя для нас.

Па словах намесніка старшыні, у невялічкім Валожыне – дзве тысячы людзей з інваліднасцю. Гэта нямала, перакананы Ігар Шакун.

Галоўнае, на яго думку, вырашаючы праблемы гэтых людзей, арыентавацца на кожнага канкрэтнага чалавека.

У райвыканкаме ёсць камісія па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. Станоўчыя вынікі яе працы ў тым, што Валожын прызнаны адным з самых безбар’ерных беларускіх гарадоў. А таксама горад далучыўся да кампаніі «Павестка 50».

Дзякуючы кампаніі ў горадзе ўвасабляюць Міжнародную канвенцыю па правах людзей з інваліднасцю.

Шмат увагі і грошай валожынскія ўлады цяпер плануюць выдаткоўваць на тое, каб людзі з інваліднасцю маглі выходзіць з дома. Штогод гэта збіраюцца рабіць для чатырох-пяці чалавек на Валожыншчыне.

А за шматлікія безбар’ерныя пераўтварэнні мясцовым уладам падзякуюць не толькі людзі з інваліднасцю, але і іншыя катэгорыі валожынцаў. Напрыклад, мамы з каляскамі.

• Текст доступен на языке: ruРусский