Непапраўнае здарылася на станцыі Уша ў 8:16 раніцы ўчора, 22 мая. Хлопчыка збіў лакаматыў, ён загінуў на месцы.

Некалькі манцёраў сёння працуюць на пуцях. Учора яны таксама працавалі на гэтым участку – якраз каля пераходу, дзе адбылося страшнае. Манцёр пуці Алег Пасметны якраз вярнуўся з Маладзечна, дзе даваў тлумачэнні кіраўніцтву дыстанцыі пуці. Разам з іншымі калегамі ён распавёў, як здарылася трагедыя, каб такое не паўтарылася.

Два ўдары пульса

Арцёму 11 год, ён хадзіў у пяты клас. 10 мая толькі справіў дзень нараджэння. Учора хлопчык ішоў у школу. З вёскі Канчаны дарога ідзе праз чыгуначны насціл. Хлопчык ішоў да яго.

У гэты момант манцёры пайшлі па інструмент, Алег апошні выходзіў і зачыняў бытоўку, спіной стоячы да чыгункі.

– Пачуў гудок, хлопчык хіснуўся наперад – і тут жа удар. Гэта секунда. Закрычаў, што дзіця трапіла пад цягнік, і ўсе пабеглі да яго. Намацалі пульс, літаральна два ўдары – і пачаў бялець на вачах.

Работнікі чыгункі кажуць, што дактары прыехалі хутка. Але траўмы былі несумяшчальныя з жыццём.

Хлопчык ляжаў паміж пуцямі, адкінула бліжэй да першага пуці.

Як так адбылося

– Усе ж мы яго ведалі, бачылі. Спакойны хлопчык. Нават дарослы можа разгубіцца ў такой сітуацыі, а тут жа дзіця.

Па першым пуці, бліжэйшым да Канчанаў, прайшоў пасажырскі цягнік на Маладзечна. Хлопчык стаяў і прапускаў цягнік. Але не заўважыў, што з іншага боку па другім пуці ідзе лакаматыў на Мінск. Саставы размінуліся якраз недалёка ад пераходу. Верагодна, хлопчык хацеў паспець перабегчы, але не паспеў. А мог і не бачыць лакаматыў з-за апоры.

– Учора ён ішоў чамусьці адзін. Звычайна яго праводзіла маці. У сям’і ёсць малодшая дачка, то мама заводзіла яго ў школу, а дзяўчынку ў садок. Звычайна з Канчанаў у школу ідуць адразу некалькі дзяцей, кампаніяй, а тут адзін. Сям’я добрая, жывуць тут побач.

Мы адразу знайшлі яго дзённік, пазванілі дырэктару школы. Яна пазваніла маці, і тая адразу прыбегла.

Па гэтым насціле заўсёды пераходзяць мясцовыя жыхары, паўсюль папярэджваючыя знакі. Магчыма, не лішнім было б паставіць аўтаматычны апавяшчальнік – сігналізацыю, якая папярэджвала б аб набліжэнні састава, разважаюць манцёры. Часам дзеці, ды і дарослыя, пераходзяць у навушніках, гледзячы ў экраны тэлефонаў і не азіраюцца па баках.

Але тут зусім іншы выпадак. Арцём не пераключаў увагу, а тэлефон нават не насіў у школу.

– Жудасна. Імгненне – і на вачах сшыткі разлятаюцца. І машыністу няпроста, ён экстранна затармазіў, але ўмомант спыніць лакаматыў немагчыма. Страшна і калі з дарослымі здараецца бяда, а тут дзіця. 11 год, столькі гадаваць, і ў адзін момант згубіць.

Калі маці сюды прыбегла, то адразу плакала: “Навошта я цябе аднаго адпусціла”.

Добрая сям’я і добры хлопчык

Адміністрацыя і калектыў Красненскай школы спачувае сям’і з нагоды трагедыі.

Арцём быў спакойным школьнікам, які ахвотна ўдзельнічаў ва ўсіх актыўнасцях. Вучыўся на 6-7. Сям’ю характарызуюць як добранадзейную, без ніякіх праблем. Бацька працуе, маці пакуль займаецца гаспадаркай.

Са школьнікамі ў школе рэгулярна праводзяць гутаркі і прафілактычныя сустрэчы па бяспецы на чыгунцы.

Па бліжэйшым пуці на фота ішоў цягнік на Маладзечна, па наступным рушыў лакаматыў на Мінск. Яны размінуліся прыкладна ў гэтым месцы, таму хлопчык лакаматыў не пабачыў.

Здарэнні на чыгунцы адбываюцца штогод

Як адзначае інспектар АУСТ Сяргей Васілеўскі, траўматычныя выпадкі на чыгунцы ў зоне абслугоўвання Маладзечанскай транспартнай міліцыі (Маладзечанскі, Вілейскі, Валожынскі, Мядзельскі раёны) адбываюцца штогод:

– Заклікаю трымацца мераў бяспекі на аб’ектах чыгункі. Будзьце асабліва пільныя, калі пераходзіце пуці.

Па факце трагічнага здарэння праводзяць праверку.

• Текст доступен на языке: ruРусский