У вёсцы Дзясятнікі пад дэвізам “Прымірэнне над магіламі – работа ў імя міру” рэканструявалі могілкі Першай сусветнай вайны.

Ужо 11 гадоў удзельнікі праекта рэстаўрыруюць могілкі ў Беларусі, Польшчы, Латвіі, Румыніі, Расіі. Праект фінансуецца Аuswärtiges amt der BRD. Сёлета на яго выдзелілі чатыры тысячы еўра. За іх набываюць матэрыялы для добраўпарадкавання, харчуюцца, аплачваюць жыллё.

Аuswärtiges amt der BRD – Міністэрства замежных спраў Германіі, заснаванае ў 1870 годзе.

Таксама спансіраваў праект Народны саюз Германіі па доглядзе за ваеннымі могілкамі. Stiftung Gedenken und Frieden des Volksbundes Deutsche Kriegsgräberfürsorge – гэта гуманітарная арганізацыя, якая ладзіць паездкі да месцаў ваенных пахаванняў, нацыянальныя і міжнародныя моладзевыя лагеры і сустрэчы маладых людзей, якія даглядаюць за салдацкімі пахаваннямі.

– Галоўная мэта праекта – зрабіць так, каб моладзь любой нацыянальнасці знайшла агульную мову, пасябравала. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра сяброўства і мір, – кажа каардынатар праекта Хольгер Хагэман.

Узрост удзельнікаў праекта розны: ад 16 да 29 гадоў, усе – навучэнцы, бо ў Германіі іншая сістэма адукацыі.

Чатыры вучні інтэрнацыянальнага вучылішча Беруфлехе Шуле з горада Расток у Германіі і сем навучэнцаў філіяла Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта політэхнічны каледж працавалі амаль два тыдні, па восем-дванаццаць гадзін у суткі, часам нягледзячы на дождж.

Будзе менш канфліктаў і войн

17-гадовы навучэнец БрДТУ Андрэй Уроніч вучыцца на механіка, сюды прыехаў як валанцёр. Кажа, тэма вайны яму не вельмі блізкая, але лічыць, што супрацоўніцтва паміж краінамі будзе карысным.

– Думаю, калі людзі будуць больш згуртаванымі, будзе менш канфліктаў і войн. Калі будзем супрацоўнічаць адзін з адным, зможам завесці нейкія сувязі, атрымаць досвед. Можна нават будзе з’ездзіць па абмене, – мяркуе хлопец. – Нам тут не вельмі цяжка, працу даюць пасільную, менавіта я ачышчаў агароджу, манумент, надмагіллі, вазіў камяні і замешваў цэмент.

Дрэвы раслі наўпрост на даху

Могілкі ў Дзясятніках для рэстаўрацыі абраў Народны саюз Германіі. Гэта не першы раз, калі праект праводзяць у Беларусі. Некалькі гадоў таму добраўпарадкавалі могілкі на Мядзельшчыне, таксама ў самім Мядзеле працавалі над раскопкамі траншэй перад рэканструкцыяй боя падчас Першай сусветнай вайны. Выкладчык замежных моў філіяла БрДТУ Алена Шамарына кажа, што менавіта на гэтыя могілкі вяртацца больш не плануюць.

Падчас праекта рэканструявалі помнік Першай сусветнай вайны. Капліца пачатку 20 стагоддзя адносіцца да культурна-гістарычнай каштоўнасці Беларусі.

Прыбралі дрэвы, якія раслі на даху, ачысцілі ад моху, зафугавалі ўчасткі паміж камянямі і адрэстаўравалі дах. Толькі на добраўпарадкаванне помніка сышло 30 мяшкоў цэменту і 100 – пяску.

Побач з могілкамі Першай сусветнай – грамадзянскія. Агароджу, якая знаходзіцца ля адных і другіх, беларускія і нямецкія валанцёры таксама рэканструявалі. Некаторыя камяні пасля ачысткі ад моху пачалі вывальвацца: іх замянілі на новыя. Не абышлі ўвагай і самі надмагіллі.

Асобна Хольгер адзначыў гасціннасць беларусаў.

– Ён сам ужо не першы раз у Беларусі, кажа, у якой бы мясцовасці ні быў, куды б ні зайшоў, вось гэта наша беларуская гасціннасць, добразычлівасць, таварыскасць вельмі адчуваюцца, – перакладае Шамарына.

Праект фінансуецца Аuswärtiges amt der BRD і Stiftung Gedenken und Frieden des Volksbundes Deutsche Kriegsgräberfürsorge.

Фота Ігара Палынскага.