Апошні званок для выпускнікоў дзявятых і адзінаццатых класаў у Маладзечне прагучыць 30 мая. У астатніх школьнікаў навучальны год завершыцца 31-га.

Раённы выпускны баль запланаваны на 9 чэрвеня. Па традыцыі гэта відовішчнае свята прыцягвае асаблівую ўвагу гараджан.

Пакуль у бліжэйшай перспектыве выпускнікоў – экзамены. Пройдуць яны з 1 па 8 чэрвеня. Сто юнакоў і дзяўчат прэтэндуюць на залатыя медалі і яшчэ тры – на сярэбраныя. Гэта найбольшая колькасць за апошнія дзесяць гадоў.

– Раённы выпускны баль для адзінаццацікласнікаў пройдзе ў звычайным фармаце. У 20.00 дзве калоны школьнікаў разам з бацькамі, педагогамі, кіраўніцтвам навучальных устаноў і райвыканкама адначасова пачнуць свой шлях у суправаджэнні духавых аркестраў ад гімназіі №6 і музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Яны ўскладуць кветкі да стэлы ў парку Перамогі, – расказала  галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі райвыканкама Аксана Курчына.

На сцэне Летняга амфітэатра ўрачыста ўзнагародзяць лепшых выпускнікоў — тых, хто закончыў гімназію ці школу з медалём або праявіў сябе ў вывучэнні асобных дысцыплін, а таксама ў спорце і творчасці. Ушануюць бацькоў і педагогаў. Па традыцыі на выпускным выступаюць зоркі беларускай эстрады.

Таксама запланаваны святочны салют.