У Івянцы адбыўся пяты адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя Канстанціна Іосіфавіча Паплаўскага. Удзельнікі конкурсу – навучэнцы школ мастацтваў Мінскай вобласці ад  да 15 гадоў.

17 мая каля 100 вучняў з Івянца, Валожына, Дораў, Маладзечна, Жодзіна, Мінска, Стоўбцаў прадэманстравалі навыкі ігры на народных інструментах. Сярод іншых, народныя струнныя – домры, балалайкі, цымбалы. Таксама баян і акардэон. Падчас конкурсу магчыма было граць на духавых – дудзе, жалейцы, акарыне.

Сёлета штогодавы конкурс праходзіў у двух залах. У Івянецкай дзіцячай школе мастацтваў імя Паплаўскага гралі “струннікі”. У Івянецкім Доме культуры – ансамблі, баяны, акардэоны.

Канстанцін Паплаўскі нарадзіўся на Валожыншчыне ў вёсцы Сівіца. З’яўляецца заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, знакамітым дырыжорам і фалькларыстам.

Пакінуў пасля сябе шмат аўтарскіх твораў, сярод якіх “Край беларускі”, “На Купалле”, “Сёстры-рэспублікі”, апрацовак беларускіх народных песень – “Куды ляціш, зязюленька?”, “Ой, зелена, зелена”, “Туман пры даліне”. У 1967 годзе стварыў гурт “Купалінка”.

Дачка – Ядвіга Паплаўская.

Удзельнікі выступалі ў намінацыях “Інструментальнае выканальніцтва (сола)”, “Інструментальнае выканальніцтва (ансамбль)”. Трэці год запар ладзіцца конкурснае праслухоўванне ў намінацыі “Вакальнае выканальніцтва”. Таксама спаборнічалі вакальныя ансамблі. Ва ўсіх намінацыях прысутнічала дзяленне канкурсантаў на малодшых (да 11 гадоў уключна) і старэйшых (12-16 гадоў).

Каб паўдзельнічаць у спаборніцтве, удзельнікі плацілі грошы, якія пасля шлі на арганізацыю і правядзенне конкурсу, памятныя дыпломы, прызы. Салісты – 23 рублі з чалавека, удзельнікі ансамбляў – 14.

Гран-пры конкурсу атрымаў інструментальны дуэт з мінскай Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №6 у складзе Канстанціна Ячмянёва і Ягора Борыса.

Яны перамаглі ў намінацыі “Інструментальнае выканальніцтва (ансамбль, малодшая група)”.

– Наша журы не ўтрымалася і першы раз за час існавання конкурсу дала другі Гран-пры. У намінацыі “Інструментальнае выканальніцтва (сола, баян-акардэон, малодшая група) перамагла Ксенія Станько са Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Гран-пры былі адзінадушнымі і аднагалоснымі, там сапраўды выступы былі на вельмі высокім узроўні, – кажа дырэктар Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Шпілеўская.

Журы – выкладчыкі Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага Вера Каханоўская (летась яе ўганаравалі званнем “Жанчына года Міншчыны-2018” у намінацыі “Духоўнасць і культура”), Марына Карчміт, Ігар Шэлег, Галіна Кажура. А таксама выкладчык Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі Сяргей Гарбуз.

Па словах дырэктара, ацэньвалі складанасць праграмы, узровень выканання твораў, тэхнічнасць, падбор праграмы, музыкальнасць, якасць выканання.

Першае месца ў намінацыі “Вакальнае выканальніцтва” (сола, малодшая група) заняла Ульяна Супрановіч з Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Сафія Марына з гэтай жа школы апынулася на трэцім, а Карына Жыбуль – на першым “Вакальнае выканальніцтва” сола, старэйшая група.

Трэцяе месца заняла Марыя Фёдарава з дорскага філіяла ДУА “Івянецкая дзіцячая школа мастацтваў імя Паплаўскага”.

Першае месца ў намінацыі атрымаў Георгій Гірвель з маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў.

Іван Садоўскі з мінскай дзіцячай школы мастацтваў №19 заняў другое месца ў намінацыі “Інструментальнае выканальніцтва (сола, баян-акардэон, малодшая група)”.

Кожны ўдзельнік на памяць атрымаў медаль з эмблемай конкурсу.

– Ядвіга Канстанцінаўна для ўдзельнікаў конкурсу даслала відэавіншаванне, бо сама  прыехаць не змагла. Яго паказалі ў пачатку выступленняў, – кажа дырэктар. – Усіх вельмі парадаваў Гран-пры, дзеці на сцэне ледзь не скакалі ад радасці. І медалі гэтыя такія яркія. Нехта ўдзельнічаў у двух намінацыях, таму атрымаў па два памятных сувеніра. Усе удзельнікі былі вельмі рады, што паўдзельнічалі ў такім мерапрыемстве.

Відэа забяспечанае Таццянай Шпілеўскай.

Фота Ігара Палынскага.