19 мая ў адукацыйным цэнтры “Адкрытая прастора”, які прапанаваў памяшканне, зладзілі фрымаркет. Гэта рух, пры якім удзельнікі аддаюць дарам рэчы, якія сталі ім непатрэбнымі.

Мэта маладзечанскага фрымаркету – знізіць колькасць спажывання рэчаў, звярнуць увагу людзей на паўторнае і наступнае спажыванне. На тое, што не заўсёды трэба траціць грошы на рэчы, якія можна атрымаць бясплатна.

Ідэю праекта агучылі на адным з дыскусійных клубаў, што ладзіліся ў Маладзечне. І прыкладна за месяц яе рэалізавалі. Анансавалі праз сацыяльныя сеткі, СМІ, запрашалі знаёмых.

– Заканчваецца вясна, ёсць падстава вызваліць гардэроб ад непатрэбнага адзення. Перажывалі, што прынясуць мала, але ўжо ў 10:30, калі пачаўся праект, прыйшлі некалькі чалавек, – кажа адна з арганізатараў праекта Яна Рамановіч. – А бралі тое, што сапраўды неабходна, прыемна, што людзі асэнсавана выбіралі рэчы. Не было, як у амерыканскіх серыялах: за хвіліну паспець набыць у краме ўсё.

На мерапрыемства прыносілі мужчынскія рэчы – штаны, сарочкі, жаночыя сукенкі і кофты, верхняе адзенне, дзіцячыя рэчы і абутак, аксесуары. Не прынялі толькі пару адзінак, калі глядзелі якасць, астатнія аказаліся ў добрым стане. Была магчымасць і прымераць адзенне.

– Рэчы былі прыгожыя, цікавыя, каб была на месцы наведнікаў, узяла б. Па праўдзе кажучы, у канцы сабе адну ўсё ж такі забрала, так мовіць, прыклала руку да праекта,  – смяецца Яна.

Па заканчэнні фрымаркету рэчаў не засталося. Тыя, што не забралі наведнікі, арганізатары занеслі ў Маладзечанскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат, дзе ў іх мелі патрэбу.

Яна Рамановіч.

– Хацелі паглядзець, як аднясуцца гараджане да ініцыятывы. Вядома, быў недавер. Выходзілі падчас фрымаркету, запрашалі. Многія прамым тэкстам казалі, што бясплатны сыр толькі ў пастцы.

Па словах Яны, людзі старэйшага пакалення пакуль дакладна не разумеюць, для чаго ладзяцца падобныя мерапрыемствы, бо выраслі з упэўненасцю, што за ўсё трэба плаціць. Арганізатары хочуць пасяліць у горадзе еўрапейскую пазіцыю: ёсць лішняя рэч, якая трэба іншаму – аддай, не выкідай.

– У Еўропе такое ладзяць не першы год. Нават у Мінску моладзь ведае, што такое “барахолка”, ідзе на яе з задавальненнем. А вось у Маладзечне пакуль няма такой колькасці “двіжовай” моладзі.

Сыходзячы з досведу праведзенага мерапрыемства, фрымаркет могуць правесці зноў. Акрамя адзення і абутку, хочуць дзяліцца кнігамі, карцінамі, статуэткамі – працаваць у розных напрамках.

Як дапамагчы прыродзе, здароўю і бюджэту

Падчас сустрэчы майстар-клас і лекцыю па экалогіі правяла журналістка Аляксандра Парахня.

А вы ведалі, што папяровыя кубачкі і чэкі нельга выкідваць у макулатуру, а люстэркі і аконныя шыбы – у кантэйнеры з надпісам “Шкло”? І тое, і тое трэба кідаць у агульнае смецце.

Бо люстэрка – шкло з напыленнем срэбра, шыба – таксама шкло са спецыфічнымі дадаткамі. А ўнутры кубачкаў знаходзіцца тонкі слой пластыку. На майстар-класе наведнікі змаглі праверыць, ці ўмеюць яны сартаваць смецце.

На лекцыі паслухалі экалагічныя парады на кожны дзень.

– Разглядалі, якія ёсць альтэрнатывы фасфатных пральных парашкоў, чым можна замяніць асвяжальнік паветра, як выбраць бяспечны для прыроды сродак для мыцця посуду, – кажа Аляксандра. – Важна паказаць людзям, што можна памяняць дробныя штодзённыя звычкі, каб быць больш экалагічным. Не трэба кардынальна змяняць жыццё ці пачынаць есці траву, каб потым “фотасінтэзаваць”. Гэтыя звычкі дапамогуць не толькі экалогіі, але таксама здароўю і бюджэту сям’і.

Фота Паўла Дрожжы.