«Наша думка» – штотыднёвая, грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выходзіла на беларускай мове ў Вільні ў 1920-1921 гадах. Рэдактарам-выдаўцом быў пісьменнік Максім Гарэцкі. Выйшла 27 нумароў. А пасля газету забаранілі польскія ўлады.

На старонках выдання часта з’яўляліся матэрыялы з рэгіёна.

Настаўнік з Лебедзева ратаваў сялян ад бальшавікоў

У восьмым нумары за 1921 год у рубрыцы «Правінцыяльны аддзел» ёсць звесткі з вёскі Хажова, што на Маладзечаншчыне. «У лістападзе мінулага года ў нашай вёсцы адчынілася беларуская школа, дзякуючы ўраду Сярэдняй Літвы, што дазволіў адчыняць беларускія школы. Мы шчыра вітаем гэты добры пачатак.

Раней урад Усходніх Крэсаў таксама дазваляў адчыняць беларускія школы, але толькі на паперы. Дзеля адчынення і збудавання школы ў нашай вёсцы шмат папрацаваў знаёмы нам добра свядомы настаўнік-беларус А. Гайка.

Гэты настаўнік яшчэ пра бальшавіках стараўся адчыніць двухкласовую беларускую школу для нашай і другіх вёсак. Яму прыходзілася змагацца з чырвонаармейцамі, якія руйнавалі школьны будынак.

Не раз ён ратаваў сялян ад бальшавіцкіх рэквізіцый і радаю, і дзелам. За што не раз пагражалі яму арыштам». Матэрыял падпісаны псеўданімам Хмуры.

У гэтым жа нумары школьны інструктар С. Шыманскі паведамляе, што быў прызначаны інспектарам позна, у снежні 1920 года. Таму заклаў у Ашмянскім павеце толькі 16 беларускіх школ. Піша таксама, што не хапае настаўнікаў і няма магчымасці прывезці іх з Вільні.

Пра трохгоддзе БНР і семінарыю ў базыльянскіх мурах

У №11 ад 18 сакавіка 1921 паведамляецца важная навіна для ўсёй Беларусі пра тое, што 25 сакавіка будзе тры гады з часу абвяшчэння Беларусі незалежнай рэспублікай. «Па месцах, мястэчках і весях, дома і на чужыне рыхтуйцеся да вялікага свята.

У тым жа нумары ў рубрыцы «Правінцыйны аддзел» у матэрыяле, падпісаным аўтарам Адзін з бацькоў, паведамляюць пра адкрыццё ў былых базыльянскіх мурах у Барунах, на Ашмяншчыне, беларускай настаўніцкай семінарыі.

Прапанова зацікавіла мясцовую моладзь, і ў дзень экзаменаў, 15 лютага, у Барунах сабралася шмат хлопцаў і дзяўчат.

Да 20 лютага ў семінарыю прынялі 42 хлопцаў і 16 дзяўчат. Атрымалася два класы. Дырэктарам семінарыі быў грамадскі дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі.

Пра семінарыю і дырэктара Сымона Рака-Міхайлоўскага паведамляе мемарыяльная дошка.

Вывучалі рымска-каталіцкую рэлігію, геаграфію, беларускую, нямецкую і польскую мовы, гімнастыку, «пяянне». Навучэнцы былі з Барунаў, Крэва, Палачанаў, Лебедзева, Гальшанаў, Палянаў, Забрэззя.

Пры семінарыі быў інтэрнат на 35 чалавек. Навучэнцаў кармілі. Ежу гатавалі з тых прадуктаў, што давалі бакі і з «амерыканскіх дароў».

Са стварэннем семінарыі занядбаны будынак адрамантавалі.

Як змянілася Смаргонь пасля вайны

Нумар 13 ад 1 красавіка 1921 года распавядае нам пра Смаргонь, а дакладна «мястэчка Смаргоні». «Смаргоні ў мірны час выглядалі, як які гарадок. Было тут дзве царквы і адзін касцёл. Дамоў – палова мураваных, палова драўляных.

Былі два рынкі, на каторыя збіраліся кожную сераду і пятніцу на торг. Вуліцы былі брукаваныя, а па баках ходнікі. На вуліцах – ліхтары, што кожны вечар асвятлялі ўсё мястэчка. Людзей жыло каля пяці тысяч».

Вайна, па назіраннях аўтара, значна змяніла выгляд Смаргоні. «Цяпер мястэчка выглядае як тая высечаная пушча: засталіся толькі адныя пні, зарослыя травой.  Дамы папалілі на попел.

А муры разбураныя і пазарасталыя травой і кустамі. Рынкі таксама зарослыя па пояс травой. Вечарам тут цёмна ўсюды. Рэдка дзе пакажацца агонь з зямлянак ці склепаў. Людзей рэдка пабачыш. Часцей – зайцаў, якіх тут шмат развялося».

Пра акцёраў з вёскі Гарадок

У наступным нумары – звесткі з Гарадка – вёскі тады Вілейскага павета, а сёння – Маладзечанскага раёна. Аўтар Гарадоцкі піша, што летась у Гарадку ў будынку, дзе цяпер гімназія, пець разоў ставілі беларускія спектаклі. Кожны раз гледачам не хапала месцаў. Нават стаяць не было дзе. Ставілі п’есы «Чорт і баба», «Паўлінка», «Сватанне».

«Артысты ігралі добра. А сёлета галоўны арганізатар Барыс Ігнатовіч нешта заленаваўся. Янук Сцерпужынскі і Янук Награбецкі шмат разоў ужо ўспаміналі, каб ізноў што паставіць, бо так надта маркотна. Шкода, што ў нас няма кабет-артыстак. Тая, што лепш іграла, Стэпка Наркевіч, выехала. Але пастараўшыся, усё можна зрабіць».

І ў гэтым жа лісце аўтар скардзіцца на рэдакцыю газеты, у якую піша: «Наша думка» прыходзіць дужа неакуратна, што вельмі ўсім прыкра. Не думаем, каб вінавата была толькі пошта. Просім паважанага рэдактара разабраць гэту справу сваёй канторы.

А яшчэ ў 1920-я гады ў Гарадку жылі паэты. У нумары надрукаваны верш Пятра Прадухі з Гарадка. Твор вялікі, называецца “Трэба ўчыцца». Вось яго пачатак:

Сем гадкоў была вайна

Чыстае мучэнне.

І за гэты час у нас

Дзеткі без вучэння.

 

• Текст доступен на языке: Русский