У вёсцы Будзішча, што на Вілейшчыне сёння жыве 11 чалавек. Аднак, у суботу, 25 мая, людзей было разоў у пяць больш. Прычына – сяброўскі фэст, што ладзяць у вёсцы у апошнія дні мая ўжо некалькі год запар.

З усёй Беларусі на фэст з’язджаюцца ўраджэнцы і колішнія жыхары, людзі, у лёсе якіх гэтая вёска значыць шмат.
Прыязджаў не гуляць, а працаваць
Так, маладзечанец Юры Вайтовіч, кіроўца-дальнабойшчык, бацька траіх дачок, у дзяцінстве прыязджаў у Будзішча да бабулі Яўгеніі Вайтовіч.

– У вёску ехаў больш працаваць, чым гуляць, – прыгадвае мужчына. – Бабуля трымала гаспадарку, таму працы ўнукам заўсёды хапала. Пасвілі кароў, садзілі і выбіралі бульбу, шчыравалі на сенакосе.
А смак бульбяной бабкі, што гатавала бабуля ў печцы, мужчына памятае і сёння.
А якое ў вас любімае месца ў Будзішчы?
З такім пытаннем я падыходзіла да ўдзельнікаў свята, адрываючы іх ад пачастунку і сяброўскіх размоў.

Так, ураджэнец вёскі, а сёння жыхар Радашкавічаў, Міхаіл Вайтовіч, прыгадаў два такія месцы.

Першае – безназоўнае возера, на беразе якога ладзіўся фэст. Зімой тут гулялі ў хакей, летам купаліся. Была і восеньская забава.
– Падчас 1960-х гадоў саўгас гадаваў у возеры рыбу – карпа і карася. Вясной возера зарыблівалі, а восенню спускалі ваду, каб сабраць рыбу. Калі даведваліся пра гэта, то ўцякалі са школы нават праз вокны і беглі да возера, – прыгадвае субяседнік.

Другое такое месца для Міхаіла – невялічкі лясок каля бацькоўскай хаты. Тут у яго юнацкія гады збіралася моладзь. Палілі вогнішча, размаўлялі, гулялі ў валейбол.
Звяртае ўвагу, што ніхто не піў. А першы раз мужчына пакаштаваў гарэлку падчас уласных провадаў у войска.
Прыгадаў Міхаіл і тое, як вёска на вёску гулялі ў футбол. Будзішча заўжды выйгравала ў суседняга Калодчына.
Ігракоў набраць было лёка: у Вайтовічаў – чатыры сыны, у суседзяў сем – вось і футбольная каманда.
– Ох, нашы любімыя мясціны ў Будзішчы даўно пазарасталі травой, – прыгадвае стараста вёскі, пастаянны арганізатар сяброўскіх фэстаў Наталля Дуровіч.

Яна таксама добра памятае той лясок, дзе збіралася будзеўская моладзь. Месца называлі Прагонам. Тут стаялі лавачкі, было кастрышча і валейбольная пляцоўка.
Для мінчанкі Юлі Дуровіч – знакавае месца – дом бабулі і дзядулі. У дзяцінстве Юля гадавалася тут.
А сёння – Будзішча і родавы дуб, што расце ў двары бабулі, – месца, куды ўсю іх сям’ю цягне неверагодная сіла.
Некаторыя ўдзельнікі, як напрыклад, маладзечанка Людміла, да пэўнага часу пра Будзішча і не ведалі. Але набылі лецішчы ў суседніх вёсках, пасябравалі з мясцовымі жыхарамі.
Настаўніца суднікоўскай школы: працаваць было складана і цікава
На сёлетняй сустрэчы былі і настаўнікі з Суднікоўскай васьмігодкі – Галіна і Мікола Кутасы, Алена Нарэйка. У суднікоўскай школе вучыліся дзеці з Будзішча, Крыніцы, Баяраў, Барсукоў.


– У школу ў Суднікі я прыйшла ў 1970 годзе і працавала дзесяць гадоў. Выкладала рускую і беларускую мовы і літаратуры і этыку. Адначасова вучылася завочна на філфаку ў БДУ. Працаваць было складана і цікава. Практыкі ж ў мяне не было. Вельмі ўдзячная тагачаснаму дырэктару школы Міколу Кутасу. Ён часта прыходзіў да мяне на ўрокі і ніколі не сказаў, што яму нешта не падабаецца. Не крытыкаваў, а даваў добрыя парады.
Дзеці ў тыя часы вельмі паважалі настаўнікаў, а бацькі былі шчыра зацікаўленыя ў вучобе дзяцей.
Крыху пра святочныя фішкі
Штогод свята мае сваю фішку. Сёлета іх было некалькі.
- Гастрафэст – конкурс, дзе ўдзельнікі свята прадстаўлялі кожны сваю страву
- Адмысловыя падарункі – прыхваткі на кухню, дзе быў вышыты беларускі арнамент і словы “Будзішча. Сяброўскі фэст-2019”
- Конкурс на лепшы лазневы венік
- Цэлая скрыня кубкаў – падарунак будзеўцам ад старшыні Ільянскага сельсавета Аляксандра Мікуцкага
- Песні ад народнага гурта Ільянскага дама культуры “Смехата” і ўзорнага калектыву аўтарскай песні “Імпэт” Галіны Кутас.
Хаця была і яшчэ адна фішка: скрыню для галасавання на гастрафэсце аздобілі… “Рэгіянальнай газетай”.

• Текст доступен на языке: Русский