У Смаргони на Горадзеншчыне прайшоў фэстываль-кірмаш «Смаргонскія абаранкі». Пра намер адрадзіць традыцыю вырабу ўнікальнага печыва мясцовыя ўлады заяўлялі яшчэ ў 2015 годзе, аднак да рэалізацыі справа дайшла толькі цяпер.

Лічыцца, што менавіта са Смаргони амаль 500 гадоў таму пайшоў заваёўваць свет «абваранак» — сёнья добра вядомы ўсім кругляк з дзіркай пасярэдзіне. З часам слова ператварылася ў «абаранак».

Пры гэтым даследчыкі сцвярджаюць, што спачатку ласунак адрасаваўся не столькі людзям, колькі жывёлам — у якасці «сухпаю» выхаванцаў «мядзведжай акадэміі» і для іх дрэсіроўкі.

Згодна з летапісамі, на пачатку XVII стагодздзя Смаргонь перайшла ў валоданне да князёў Радзівілаў. Адным з праектаў новых гаспадароў стала арганізацыя ў мястэчку школы дрэсіроўкі мядзведзяў, пра што сведчыла і вуліца Мядзведзкая, якую за расейскім часам перахрысцілі ў «Скоморошью».

У старадаўніх францускіх, нямецкіх, скандынаўскіх крыніцах можна натрапіць на сьведчанні: ад вясны, калі «артысты» выходзілі са спячкі, дзясяткі смаргонскіх «выпускнікоў» у суправаджэнні настаўнікаў, пераважна з ліку нанятых Радзівіламі цыганоў, весялілі публіку на кірмашах тагачасных земляў Польшчы, Нямеччыны, Італіі, Францыі, Швецыі. Бліжэй да зімы мядзведжыя караваны вярталіся на радзіму, сплачвалі падаткі князям і рыхтаваліся да чарговага сезону.

У гонар спецыфічнай навучальнай установы некалькі гадоў таму ў гарадзкім парку з’явілася скульптурная кампазіцыя мясцовага аўтара Уладзіміра Церабуна, а мядзведзь заняў пачэснае месца на гербе Смаргоні.

Натуральна, падчас гастроляў жывёлу трэба было карміць. На дапамогу прыйшла вынаходка смаргонскіх пекараў: лёгкія ў прыгатаваньні і надзейныя ў дарозе «абваранкі» маглі захоўвацца месяцамі, не страчваючы смакавых кандыцый.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай і ўваходжання Смаргоні ў склад Расейскай імперыі «мядзведжая акадэмія» праіснавала нядоўга. У выніку паўстання 1831 года тутэйшыя землі былі канфіскаваныя, але промысел па інэрцыі яшчэ працягваўся. Канчаткова мядзведжая падрыхтоўка была забароненая царскім указам ад 30 снежня 1866 года.

Але да таго часу мядзведжы ласунак ужо прыйшоўся даспадобы і людзям, печыва прадавалі на кірмашах ад Вільні да Менску. Смаргонскія абаранкі заставаліся галоўным брэндам рэгіёну аж да прыходу бальшавікоў, пасля чаго хлебазаводы выціснулі іх са свайго асартыменту. Вытворчасць абаранкаў была адноўленая толькі нядаўна.

Нашчадкі колішніх майстроў дэманстравалі свае здольнасці на імправізаваных вуліцах Абаранкавай і Мядзведжай, дзе можна было не толькі стаць сведкам уласна вытворчага працэсу, а і прадэгуставаць свежасьпечаны кругляк. І малыя, і старыя з задавальненнем упрыгожвалі шыі важкімі скруткамі абаранкаў.

Сваю прадукцыю ў Смаргоні таксама прывезлі хлебапёкі з розных гарадоў Беларусі. Былі вызначаныя пераможцы сярод вытворцаў у намінацыях «Абаранак», «Бублік» і «Сушка».

Свята адбывалася побач з месцам, якое апошнім часам трапіла ва ўсе інфармацыйныя зводкі. З цэнтральнай плошчы перад райвыканкамам пад выглядам рэканструкцыі перад абласнымі «Дажынкамі» ўлады прыбралі помнік Леніну і ўрэшце вырашылі назад не вяртаць. Замест знесенага пастамента цяпер там красуюць кветкі.