У Лепелі забілі трохгадовага хлопчыка. Падазраваныя — цяжарная мама і яе сужыцель

27 мая з раніцы ў Лепелі шукалі малое дзіця. Знік хлопчык Яраслаў, якому было 2 гады і 8 месяцаў.

 

Як паведаміў тэлеграм-канал Nexta, у міліцыю звярнулася мама хлопчыка: маўляў, малы знік, калі яны гулялі ў парку. Але пазней праверылі відэа — маці ішла адна. А затым знайшлі і самога Яраслава — у гаспадарчай пабудове нездалёк ад дома. Хлопчык быў мёртвы.

Пакуль невядомая прычына смерці малога. Мясцовая міліцыя не каментуе здарэнне.

Вядома, што хлопчык жыў з мамай. Ёй — 23 гады, родам з-пад Лепеля. Яна завочна вучылася на псіхолага ў Віцебску, пасля некаторы час жыла там з мужам. Нарадзілася дзіця — той самы Яраслаў.

Праўда, пасля пара разышлася, абое вярнуліся ў Лепель. Сын застаўся з мамай. Бацька малога, жыве з іншай жанчынай, мама — з новым сужыцелем. Па словах сваякоў, жанчына ўжо паспела зацяжарыць ад новага каханка.

Пра абаіх бацькоў сваячка кажа коратка: «Бесталковыя».

Бацька — звычайны рабочы, працаваў то тут, то там. Мама не працавала нідзе, бо была ў дэкрэце.

Іншая сваячка абвінавачвае маці загінулага хлопчыка ў злоўжыванні алкаголем. Сцвярджае, што бачыла жанчыну выпіўшай, нават калі тая гуляла з сынам.

Іншыя кажуць, што піў бацька хлопчыка.

Бацькі разышліся недзе з год таму. Аліменты бацька не плаціць, бо развод так і не афармлялі. Але хутка пазнаходзілі сабе новых каханкаў.

Айчым хлопчыка працуе ў лясгасе.

«Харошы хлопец, Яраслаў яго нават татам пачаў называць», — кажа сваячка.

Цяпер маці хлопчыка і яе сужыцель пад вартай. Смерць малога насіла крымінальны характар, іх падазраюць ў забойстве. Заведзеная крымінальная справа.

• Текст доступен на языке: Русский