З маладзечанскага хлопчыка, які да 16 год увогуле не займаўся музыкай, атрымаўся оперны спявак, які ўжо выступаў у Італіі і Маладзечне.

Андрэй Мікульчык мінулым жніўнем удзельнічаў у пятым фестывалі опернай музыкі “Студыя Лірыка Руфіна”. Разам з ім удзельнічалі музыканты з розных краін – Чэхіі, Германіі, Расіі, Паўднёвай Карэі. Там жа нарадзіўся праект сабраць іх на агульны канцэрт на сцэне ў Маладзечне. Гэты канцэрт гараджане пабачылі ў канцы красавіка.

Паездка і ўдзел у італьянскім фестывалі стаў магчымы дзякуючы праекту “МОСТ” і падтрымцы Еўрасаюза.

Ахвотныя могуць ісці па слядах Андрэя і таксама падаць заяўкі для падтрымкі ўдзелу ад праграмы “МОСТ” у важных для сябе праектах.

У межах падтрымкі Андрэй атрымаў курс навучання, удзельнічаў з іншымі ў шасці канцэртах, атрымаў мноства прафесійных кантактаў, а цяпер плануе новыя праекты, якія збіраецца ўвасобіць у Беларусі з прымяненнем набытага ў Італіі досведу.

Падчас выступлення ў Італіі. Фота забяспечана Андрэем Мікульчыкам.

Як падаў заяўку

Пра магчымасць паўдзельнічаць у падобным праекце Андрэй даведаўся выпадкова ад знаёмай. Вырашыў скарыстацца такой магчымасцю і струнны квартэт музкаледжа – разам з ім паставілі ў Маладзечне оперу, але ездзілі па розных праграмах. Андрэю аплацілі дарогу, пражыванне, вучобу.

У выніку супрацоўніцтва з’явілася шмат ідэй. Цяпер маладыя людзі плануюць паставіць яшчэ адну оперу разам з міжнароднай асацыяцый па прасоўванні маладых оперных выканаўцаў «Студыя Лірыка». Тое, што такая задума можа атрымаць жыццё, у значнай ступені стала магчымым дзякуючы праекту “МОСТ”.

Заяўку на ўдзел у праекце Андрэй пісаў год таму. Склаў план паездкі, патлумачыў, чаму хоча паехаць, чым гэта будзе карысна асабіста і краіне, якія прафесійныя кантакты набудзе.

Арганізатары фестывалю “Студыя Лірыка Руфіна” ўжо мелі праграму для ўдзельнікаў, таму Андрэй уключыў яе ў заяўку. Спачатку атрымаў адмову і моцна засмуціўся. Але праз некалькі гадзін ператэлефанавалі і паведамілі, што адмову адправілі па памылцы, на самой справе заяўку прынялі. “Ледзь сэрца ад радасці не спынілася”, дзеліцца малады мужчына.

Падчас выступлення ў Італіі. Фота забяспечана Андрэем Мікульчыкам.

Што было ў паездцы

У Італіі акрамя вучобы і выступленняў быў прыемны бонус навучання мове. У музкаледжы імя Агінскага італьянская мова абавязковая для вакалістаў – калі спяваеш оперы, неабходна разумець іх сэнс. А праца з італьянскім выкладчыкам Джадай Таніні ў межах курса паглыбленага вывучэння італьянскай дапамагла зразумець некаторыя тонкасці мовы.

Асноўныя заняткі былі з маэстра Паола дэ Напалі і піяністам Марка Бароні.

Фестываль праходзіў у горадзе Руфіна. У адной з віл горада праходзілі канцэрты ўдзельнікаў праграмы, якія прыехалі з розных краін. У невялікім дамку ля вілы жылі ўдзельнікі майстар-класа.

Кожны дзень Андрэй займаўся з Паола дэ Напалі вакальнай тэхнікай. З Марка Бароні займаліся дыкцыяй, ён тлумачыў асаблівасці оперы, карэктаваў музычныя моманты.

Выступалі з канцэртамі, двойчы паставілі оперу “Служанка-гаспадыня”. Яе з удзелам Мікульчыка маладзечанцы пабачылі мінулым чэрвенем і ў лістападзе. Як у Маладзечне, так і ў Італіі оперу прынялі вельмі цёпла.

Як стаў спеваком

“Можна быць вельмі таленавітым і любіць музыку. Але калі ты нечага не ведаеш, то ты проста не ведаеш, як павінна быць. Такое супрацоўніцтва вельмі дапамагае даведацца”, – тлумачыць Андрэй, чаму неабходна шмат вучыцца, чым бы ты ні займаўся.

Андрэй рос у Маладзечне, вучыўся ў фізіка-матэматычным класе гімназіі №6. Мама іграла на скрыпцы ў сімфанічным аркестры музкаледжа, тата спяваў пад гітару і піша песні для сябе.

Пры гэтым сам Андрэй да 16 год не займаўся музыкай ніяк і ніколі не вучыўся ў музычнай школе. Мама прапанавала кіраўніку групы “Міністрэлі” Аляксандру Важніку паслухаць. Хадзіў да яго на прыватныя ўрокі, Важнік паверыў у хлопца. Творчыя людзі часта займаюцца з самага дзяцінства спевамі, музыкай, танцамі. Але настойлівыя трэніроўкі часам адбіваюць усю ахвоту да творчасці. Андрэй жа сам абраў, чым хоча займацца.

Акрамя спеваў, навучыўся іграць на гітары і фартэпіяна. Аляксандр Важнік параіў паступіць у музычны каледж вучыцца акадэмічным спевам.

“Калі моцна хацець і многа вучыцца, можна дабіцца ўсяго. Калі я спяваў у школе, аднакласнікі казалі, што мне мядзведзь на вуха наступіў, куды ты лезеш! Мама ж музыкант кажа, ты ж ні ў адну ноту не трапляеш!”, – прыгадвае Мікульчык.

Усё памянялася, калі хлопец пачаў займацца з маэстра Паола дэ Напалі. Той патлумачыў, што спевам можна навучыцца, як любому іншаму.

У музычным каледжы Андрэй так і не давучыўся – кінуў на трэцім курсе, таму што пачаў займацца з італьянскім маэстра. Вакальныя тэхнікі каледжа і маэстра розныя, таму заняткі па абедзвюх праграмах былі б канфліктам.

Як пазнаёміўся з маэстра

Андрэй вучыўся на трэцім курсе, калі ў Маладзечна прыехаў саліст Марыінскага тэатра, былы навучэнец музкаледжа Уладзіслаў Сулімскі. Яму трэба было, каб нехта завёз у Мінск, у хлопца былі правы, ён і завёз. Там ва Уладзіслава былі заняткі з Паола дэ Напалі. Андрэй спытаўся: “Маэстра, можа вы і мяне паслухаеце?” З таго часу ён з маэстра пачалі займацца. Раней спявак быў басам, цяпер тэнар.

“Я цалкам даверыўся маэстра. Ён часам казаў дзіўныя рэчы, але гэта заўсёды працавала. Калі ты ў некага вучышся, гэта павінна быць дыктатура настаўніка. Ён узяў на сябе адказнасць навучыць мяне, ён ведае, чаму так.

І ўзорам быў поспех Славы Сулімскага, які слухаў маэстра безумоўна. Цяпер ён адзін з найлепшых барытонаў свету”.

У мамы Андрэя былі стрэсы за стрэсамі – то сын ідзе ў музыку, ужо і паступіў нават, а тут кідаць збіраецца. “А бацька сказаў, што калі я змагу яго пераўпэўніць, чаму гэта важна, ён падтрымае рашэнне. Цяпер мама задаволеная, як усё склалася, і з задавальненнем ходзіць на канцэрты”.

Чаму неабходна працаваць з італьянцамі

“Паказаць оперу такой, якой яна мусіць быць, можна толькі з дапамогай італьянцаў. Дзякуючы праекту “МОСТ” мы даведаліся вельмі шмат нюансаў і традыцый. І хаця опера па-італьянску, яна зробленая якасна, таму яе і прынялі добра ў Маладзечне”.

У Італіі ўдзельнікі праграмы задумалі зладзіць вялікі канцэрт, які з поспехам адбыўся ў Маладзечне 29 красавіка. Усе спевакі, якія прыехалі, – тыя, з кім задумалі канцэрт яшчэ ў Руфіне.

Ёсць задума і будучых міжнародных музычных праектаў, ад якіх змогуць атрымаць асалоду маладзечанцы. Развіццё опернай музыкі ўплывае на жыхароў – горад сонца называюць культурнай сталіцай Міншчыны. У Беларусі оперу акрамя сталіцы ставілі ў Маладзечне. Якасная музыка дапамагае не толькі пачуць прыемныя гукі, яна ўплывае на фарміраванне густу. Так частку італьянскага густу і стылю праз оперу атрымаюць і маладзечанцы.

Як далучыцца да праграмы “МОСТ”

Атрымаць падрабязную інфармацыю пра праграму “МОСТ” і запоўніць анкету вы можаце на сайце most-belarus.eu.

Мэта праграмы “MОСТ” – дапамога ў наладжванні кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і краін Еўрапейскага саюза. Вы можаце стаць суіскальнікам, калі плануеце:

  • набываць новы досвед і веды;
  • супрацоўнічаць c замежнымі калегамі ў розных галінах;
  • арганізоўваць сумесныя праекты з еўрапейскімі партнёрамі;
  • пазнаёміцца ​​з інавацыямі, прадуктамі, перадавымі тэхналогіямі;
  • прадставіць Беларусь, дасягненні і вынікі сваёй працы ў ЕС.

Для суіскальнікаў праекта “MОСТ” практычна не існуе абмежаванняў па ўзросце (ад 18 гадоў), адукацыі і сферах дзейнасці.

Тэматыка праекта разнастайная: навука, тэхналогіі, бізнес, інавацыі, IT, культура, ахова здароўя, развіццё грамадзянскай супольнасці, спорт, турызм, іншыя вобласці.

Спосабы наладзіць кантакты ў ЕС:

  • майстар-класы;
  • канферэнцыі;
  • фэсты;
  • выставы;
  • азнаямляльныя візіты ў арганізацыі, кампаніі і навучальныя ўстановы;
  • стажыроўкі рознай працягласці.

Артыкул падрыхтаваны ў межах сумеснага праекта з EU Neighbours East “Свой край: партрэты”. Погляды, выяўленыя ў тэксце, належаць выключна аўтару артыкула. 

• Текст доступен на языке: ruРусский