26 мая ў Крупскім раёне цяжка паранілі егера. Інспектар аховы жывёльнага і расліннага свету сустрэў у лесе каля вёскі Вялікія Жаберычы мужчыну са стрэльбай.

«На просьбу прад’явіць дакументы на зброю мужчына зрабіў адзін стрэл з паляўнічай стрэльбы ў галаву егера і ўцёк у невядомым кірунку», — паведамляў Следчы камітэт.

Інспектар выжыў, але трапіў у рэанімацыю ў цяжкім стане.

Па інфармацыі тэлеграм-канала Nexta, той, хто страляў у егера, паспеў здзейсніць суіцыд.

Гэта пацвярджаюць і мясцовыя жыхары: цела ўраджэнца Жаберычаў Уладзіміра Гваздзёва знайшлі на вясковых могілках.

Падрабязнасці распавёў «Нашай Ніве» старшыня Хацюхоўскага сельсавета Віктар Кострыкаў.

Гваздзёву было трохі больш за 60 гадоў. Ён жанаты, мае дарослага сына. Разам з жонкай жыў у суседнім аграгарадку Лошніца. Працаваў то тут, то там, ездзіў «шабашыць» у Расію. Кажуць, з алкаголем праблем не меў.

Сам Гваздзёў родам з Вялікіх Жаберыч. Тут жылі яго бацькі, якія даўно памерлі. Гваздзёў прыглядаў за хатай, якая засталася пасля бацькоў, хадзіў на рыбу, на паляванне. Летам шмат часу бавіў у Жаберычах, пакуль жонка заставалася ў Лошніцы.

На думку мясцовых, Гваздзёў браканьерыў. Ускосна гэта пацвярджаецца і тым, што ў лядоўні ў яго знайшлі мяса дзікага казляняці.

Чым скончылася гэтае браканьерства, ужо вядома.

26 мая пасля таго, як у егера стралялі, міліцыя затрымала мужчыну, якога падазравалі ў спробе забойства. Але пазней стала зразумела, што гэта не ён.

Міліцыянты пайшлі па падворках Вялікіх Жаберыч апытваць мясцовых. І ў адной з хат раптам знайшлі раскіданыя рэчы, інструменты — але гаспадара не было. Прычым хата стаяла з адчыненымі дзвярыма. Гэта і была бацькоўская хата Гваздзёва.

Сілавікоў сітуацыя насцярожыла. Правялі вобшук, у хаце знайшлі браканьерскі набор: патроны, порах, электравуду, мяса дзікай жывёлы.

Гваздзёва пачалі шукаць. Прачасалі лес, ачапілі тэрыторыю: думалі, што ці то хаваецца ў лесе, ці то збег. Але цела Гваздзёва знайшлі на могілках. Ён прыйшоў на магілу бацькоў і стрэліў у сябе.

Мужчына застрэліўся з той жа стрэльбы, з якой быў паранены інспектар.

• Текст доступен на языке: Русский