11-а і 11-б класы сёння былі галоўнымі героямі на святочнай лінейцы ў сярэдняй школе №3 у Вілейцы. Тут апошні раз званок празвінеў сёння для 32 выпускнікоў.

– За плячыма 11 год школьнага жыцця, шмат радасных і яркіх момантаў. Думаю, ніхто не будзе спрачацца з гэтым. Упэўнены, што ў кожнага з вас застануцца толькі добрыя ўспаміны пра школу, – адзначыў дырэктар школы Мікалай Гіро, як заўжды па-беларуску.


Як расказала карэспандэнту намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Семянковіч, сёлетнія выпускнікі цешылі педагогаў сваімі перамогамі.
Па выніках рэспубліканскіх спаборніцтваў спартсмены з трэцяй школы сталі лепшымі ў Беларусі. Гэта Дар’я Нікіткова, Лаліта Харлап, Аляксей Шчарбанюк. А Вікторыя Каросцік, вучаніца Алены Церах, стала лепшай на Міншчыне ў абласным этапе алімпіяды па беларускай мове і ўдзельнічала ў рэспубліканскім.

– Дзеці былі цікавыя, ініцыятыўныя. Усе святы, якія арганізоўвалі выпускнікі, былі вельмі неардынарнымі. У двух класах на павышаным узроўні вывучалі фізіку, хімію, біялогію, матэматыку, гісторыю Беларусі, англійскую мову. Спадзяюся, нашы выпускнікі парадуюць нас вынікамі цэнтралізаванага тэставання, – падсумавала намеснік дырэктара.
Сёлета на Вілейшчыне 234 выпускнікі. 18 з іх прэтэндуюць на медалі.







Фота аўтара.
• Текст доступен на языке: Русский