Памятаеце залеву, якая пазаўчора накрыла рэгіён? У Валожынскім раёне моцна пацярпела дарога Р54 паміж вёскай Пяршаі і Івянцом. Яе ўчастак размыла магутнай плынню вады, у грунце ўтварылася яма глыбінёй у некалькі метраў. Транспарт вымушаны аб’язджаць праз суседнія вёскі. «Рэгіянальная газета» выправілася на месца здарэння, дзе зараз аднаўляюць праезд.

Сёння тут працаваў экскаватар, а агулам выглядала, што запусціць рух наўрад ці ўдасца ў бліжэйшыя дні. Тым не меней, начальнік дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №61 прадпрыемства «Белаўтадор-Цэнтр» Аляксей Дубовік заявіў у інтэрв’ю БелТА, што завяршыць працы плануецца другога чэрвеня.

Прычынай разбурэння дарогі спецыялісты называюць штармавы вецер і залеву. Вецер паваліў некалькі дрэваў, якія змыла плынню вады ў прапускную трубу пад асфальтам. Труба забілася, і вада хутка паднялася да ўзроўню дарогі. Наступствы ўжо вядомыя.

Паглядзіце, колькі пластоў пакрыцця. Нават брукаванка?

Новую трубу, выглядае, усталююць большага дыяметру, чым была старая. Гэта дазволіць зменшыць рызыку паўтарэння падобнага сцэнарыю пры такіх прыродных сюрпрызах.

• Текст доступен на языке: ruРусский