Светофор на Великом Гостинце уже работает. Фото РГ.

У рэдакцыю «Рэгіянальнай газеты» ў апошнія дні звярталіся кіроўцы, якія паведамлялі, што на вуліцах Маладзечна святлафоры не працуюць зусім або працуюць з перабоямі.

Па каментары мы звярнуліся ў службы Маладзечна і Міншчыны.

У ДАІ Маладзечна паведамілі, што са скаргамі на дрэнную працу святлафораў да іх ніхто не звяртаўся. Калі ж нейкія паломкі здараюцца, святлафоры ў Маладзечне рамантуе абласная арганізацыя «Тарнада-Вэст».

Там карэспандэнтам паведамілі, што святлафор на Вялікім Гасцінцы каля Лядовага палаца не працаваў ад таго дня, калі ад нядаўняга моцнага дажджу знікла электрычнасць ў ГЦ «Тройка». Бо ад гэтага гандлёвага цэнтра засілкаваны святлафор.

Сёння святло ў гандлёвым цэнтры ужо ёсць, таму святлафор пачаў працаваць.

Па інфармацыі нашых чытачоў кіроўцаў, ужо некалькі дзён не працуе святлафор на Лібава-Роменскай вуліцы каля чыгуначнага вакзала.

Як распавялі ў «Тарнада-Вэст», гэта адзіны святлафор у горадзе, які знаходзіцца на балансе ў «Камунальніка». Рамантаваць яго спецыялісты змогуць толькі па звароце апошняга. Мы патэлефанавалі ў «Камунальнік», дзе ў вытворча-тэхнічным аддзеле паабяцалі адразу ж звярнуцца да спецыялістаў.

Гэтымі днямі могуць быць перабоі ў працы святлафораў на скрыжаваннях «Вялікі Гасцінец-Машэрава» і «Буйніцкага-Грамадоўская». Тут цяпер працуюць спецыялісты «Элетрасетак».

А ўвогуле, «Тарнада-Вэст» працуе над тым, каб наладзіць на Вялікім Гасцінцы – самай працяглай вуліцы Маладзечна – «зялёную хвалю».

Гэта аўтаматычная сістэма святлафорнага рэгулявання, якая забяспечвае больш зручны і бяспечны рух па гарадскіх аўтамагістралях.

З гэтай прычыны, паведамілі ў арганізацыі, магчымыя перабоі ў працы святлафораў на Вялікім Гасцінцы.

• Текст доступен на языке: Русский