Зборная дзяўчат Міншчыны па футболу з трэнерам Сяргеем Ляшчынскім (першы злева). Фота забяспечанае Ксеніяй Дубовік.

Выніковыя спаборніцтвы сярод дзяўчат 2002-2004 года нараджэння ладзіла Міністэрства спорту і турызму Беларусі  ў рамках традыцыйных Алімпійскіх дзён моладзі.

Спаборніцтвы праводзілі 13-17 мая ў Лідзе на Гродзеншчыне.

Футбалісткі з маладзечанскай школы №14 складалі большую частку каманды. Іх было сямёра – Ксенія Дубовік, Вольга Капыша, Наталля Радзівіловіч, Дыяна Ляшок, Анастасія Крыўко, Аляксандра Зайкоўская і Дыяна Трафімава.

Трэніравалі маладзечанскіх дзяўчат Сяргей Ляшчынскі і Уладзімір Макоўскі.

У турніры ўдзельнічала сем камандаў – каманды шасці абласцей і Мінска.

На спаборніцтвах каманды падзялілі на дзве падгрупы. У сваёй падгрупе зборная Міншчыны гуляла з Віцебскам, Гомелем і Магілёвам.

– Першы дзень прынёс нам перамогу над Гомелем з лікам 1:0, – распавядае трэнер настаўнік фізкультуры маладзечанскай школы №14 Сяргей Ляшчынскі. – Другі дзень з лікам 4:0 выйгралі ў Віцебска.

У трэці дзень спаборнічалі за выхад у фінал з магілёўскімі футбалістамі. Аднак тут на другой хвіліне прапусцілі гол і прайгралі.

– Вельмі крыўдна, – дзеліцца трэнер. – У дзяўчат было такое жаданне перамагчы, яны шмат валодалі гульнёй, стваралі небяспечныя сітуацыі для сапернікаў, але нешта не атрымалася.

Апошняя гульня была з Брэстам за трэцяе ці чацвертае месцы. Гулялі пад моцным дажджом. Гэта наша надвор’е, жартуе Сяргей Ляшчынскі. Як толькі дождж, дзяўчаты лепш гуляюць.

Аднак гульня пачалася з паражэння. Першы тайм прайгралі з лікам 1:0. У перапынку былі матывуючыя размовы  з трэнерам у раздзявалцы. І яны далі свае вынікі. Ужо ў сярэдзіне другога тайма дзяўчаты зраўнялі лік, а за сем хвілін да канца забілі яшчэ адзін гол.

У выніку з лікам 1:2 атрымалі трэцяе месца ў спаборніцтвах.

Па словах трэнера, самыя крыўдныя месцы ў спорце – другое і чацвертае.

Аднак, і трэцяе месца крыху засмуціла футбалістак. Некаторыя нават плакалі ў раздзявалцы.

– У мінулым годзе на такіх спаборніцтвах мы занялі другое месца, – прыгадвае Сяргей Ляшчынскі. – Таму цяпер разлічвалі на першае. Тым больш, што леташні склад каманды амаль захаваўся.

Акрамя маладзечанак, у зборнай Міншчыны гулялі дзяўчаты з Жодзіна, Валожына і Пухавічаў. Па выніках спаборніцтваў вызначалі лепшых гульцоў. Ксенію Фалей з Жодзіна адзначылі як лепшага варатара.

– На такіх спаборніцтвах прысутнічаюць трэнеры зборных Беларусі па футболе. Яны назіраюць за гульнёй дзяўчат, пазначаюць сабе, каго б хацелі бачыць у зборнай. Таму футбалісткі зацікаўленыя ў такіх гульнях.

Хутка распусціце сваіх футбалістак на канікулы? – пытаюся ў Сяргея Ляшчынскага.

– Не, – адказвае трэнер. – У нас яшчэ ёсць планы на чэрвень. 10-14 Міністэрства адукацыі Беларусі ладзіць аналагічны футбольны турнір сярод дзяўчынак 2003-2005 года нараджэння. Ад 15 да 19 чэрвеня – чэмпіянат рэспублікі ў Слуцку. Будзем удзельнічаць.

• Текст доступен на языке: Русский