На лецішчы ў 82-гадовага Мікалая Пракапенкі – дагледжаны сад і агарод. А ў хаце на падстаўцы – яйко сапраўднага пінгвіна.

Гэты своеасаблівы сувенір мой субяседнік прывёз з Антарктыды. У  сярэдзіне 1960-х ён, малады хлопец з Украіны, трапіў у 11-ю антарктычную экспедыцыю. Але перад гэтым было яшчэ шмат падзей і падарожжаў.

Сапраўднае яйко пінгвіна.

Як у краі з урадлівымі землямі ледзь не паміралі з голаду

Успаміны дзяцінства для Мікалая Пракапенкі звязаныя з сялом Леткаўка, што ў Вінніцкай вобласці ва Украіне. Але ўспаміны тыя бязрадасныя: падчас Другой сусветнай Мікалай разам з братам засталіся адны: маці памерла ад малярыі недзе ў 1943 годзе, а бацька быў на фронце. Памерці хлопцам не далі родныя цёткі – матчыны сёстры.

Маму мой субяседнік уяўляе вельмі цьмяна:

– Памятаю толькі фотаздымак, які быў у нашых знаёмых у сяле. На ім – мама сядзіць у белай кофтачцы і трымае мяне на руках.

У 1946 годзе бацька вярнуўся з вайны. Яму пашанцавала: не быў нават паранены. Стварае новую сям’ю. У хлопчыкаў з’яўляецца мачаха.

Сёння Мікалай Пракапенка займаецца садам і агародам на лецішчы.

Сяло Леткаўка, па словах Мікалая Аляксеевіча, было вельмі прыдатным для земляробства. Паўсюль – чарназём. Але сем’і галадалі і спадзяваліся толькі на свой агарод. Калгас плаціў працаднямі, а ў канцы года даваў крыху збожжа. Адзінае чаго хапала – цукру. У гэтай мясцовасці сеялі шмат цукровых буракоў. Некалькі вараных бульбін у лупінах – такая была ссабойка бацькі, што працаваў кіроўцам.

Часам ноччу заснуць не маглі ад таго, што есці хочацца.

А паспрабуй скажы што-небудзь, адразу – на Салаўкі

Між тым у сям’і пайшлі яшчэ дзеці. Пасля родаў жанчыне адпачыць асабліва не давалі: пройдзе пару тыдняў – і ў поле з матычкай. Усім калгас даваў нормы. А паспрабуй скажы што-небудзь – адразу забяруць на Салаўкі. І пакуль мачаха была ў полі, Мікалай заставаўся за няньку.

Калі ж у калгасе ўбіралі збожжа, хапала працы і дзецям. Усе бралі саматканыя торбы і ішлі збіраць каласы.

Крыху багацейшых вяскоўцаў раскулачылі. Па першым часе сям’я Пракапенкаў нават жыла ў хаце адной раскулачанай сям’і. Аднак бацьку было вельмі нязручна такое пражыванне, таму сям’я неяк сабрала грошай і набыла сваю хату.

У восьмы клас пасля заканчэння сямігодкі ў 1952 годзе Мікалая бацька не пусціў. Трэба было хадзіць у іншую мясцовасць, наймаць там кватэру. Такога дазволіць сябе сям’я не магла. Хлопец дапамагаў па гаспадарцы. Хадзіў за мачаху працаваць у садаводчай брыгадзе.

– Побач з нашым агародам быў вялікі, гектараў на 60, калгасны сад, – прыгадвае мужчына. – Там раслі чарэшні і шаўковіца.

У галодныя дні сад вельмі выручаў. Плады з яго дзеці пачыналі цягаць яшчэ зялёнымі.

У 16 год Мікалай пачаў працаваць са сваёй першай тэхнікай. У сяле, дзе яшчэ не было электрычнасці, працавала маленькая дызельная станцыя. Тут была піларама, рэзалі сечку, драбілі кукурузу. Гэта станцыя і стала першай тэхнікай Мікалая Пракапенкі. Пасля на працягу ўсяго жыцця мужчына будзе працаваць з тэхнікай.

Праз год па аб’яве падаўся ў Данецк (тады Сталіна) на аднаўленне шахт. Спачатку асноўнымі прыладамі працы былі рыдлёўка і кірка, пасля навучыўся працаваць на маленькім кране.

Потым нейкі час працаваў на будоўлях, але заўсёды цягнула да тэхнікі. Нарэшце ў вучылішчы атрымаў спецыяльнасць кіроўцы. Тых хлопцаў, якія паступалі без накіраванняў, пасля вучылішча накіроўвалі на цаліну.

Цалінны досвед

Так у 1956 годзе мой герой трапіў у Казахстан.

– Прыехалі ў Паўладар, апранутыя лёгка. А там нас ужо чакала машына з цёплай вопраткай, бо надвор’е было вельмі халоднае, – прыгадвае Мікалай Аляксеевіч.

Працаваць трапіў трактарыстам у пасёлак Харкаўка. Працы было шмат. Вясной нават жылі ў вагончыках у стэпе.

– Працаваць на трактары было складана: адчыніш дзверы – камары і пыл, зачыніш – гарачыня.

Зімой праца была таксама: перавозілі нарыхтаваныя стагі сена з заліўных лугоў ля Іртыша. Калі ў дарозе заспее завіруха, было адзінае правіла для ўсіх кіроўцаў – стаяць на адным месцы. Бо калі пачнеш шукаць дарогу ў стэпе падчас завірухі, абавязкова заблукаеш.

Мікалай Пракапенка ў Антарктыдзе працаваў на трактары.

– Неяк бліжэй да ночы завіруха заспела ў стэпе і мяне. Сеў у трактар і стаў чакаць світанку. Калі развіднела, гляджу – зусім побач замеценыя снегам саманкі – хаты мясцовых жыхароў з гліны і саломы. Калі пачаў ездзіць у завірусе, мог бы на хаты напароцца, – распавядае Мікалай Аляксеевіч.

Тут, у Казахстане, было шмат збожжа. Яго не паспявалі вывозіць. Шмат псавалася пад адкрытым небам.

За працу Мікалаю Пракапенку далі грошы і дзве з паловай тоны пшаніцы. А тут – павестка ў войска. Што рабіць са збожжам? 500 кілаграмаў пераслаў бацьку ва Украіну, бо больш нельга было. А дзве тысячы прадаў за капейкі мясцовым жыхарам.

У войску знайшоў жонку і трапіў у Антарктыду

Служба ў войску на Выбаргскай шашы каля тагачаснага Ленінграда ўнесла істотныя змены ў жыццё майго субяседніка.

На трэцім годзе службы ён ажаніўся. Жонка, Зінаіда, была родам з вёскі Кавалі, што на Мядзельшчыне.

У Расію яе забраў брат, які звыштэрмінова служыў у вайсковай часці.

Штогод з навукова-даследчага інстытута  Арктыкі і Антарктыкі набіралі добраахвотнікаў-кіроўцаў паўдзельнічаць у экспедыцыі ў Антарктыду.

– Мне захацелася паўдзельнічаць. Было цікава пабываць у Антарктыдзе. Да таго ж абяцалі нядрэнныя грошы, – кажа Мікалай Пракапенка. – Прайшоў медкамісію. А пасля дакументы накіравалі ў Маскву на праверку. Бо так проста за мяжу было ж не выехаць тады.

Так мой субяседнік трапіў у склад 11-й савецкай антарктычнай экспедыцыі. Тут ён працаваў кіроўцам для забяспячэння антарктычнай станцыі «Усход».  Быў там крыху больш за год. Жонка чакала яго дома.

Што я даведалася ад свайго субяседніка пра Антарктыду

– Ад 1956 года трактарысты ў Антарктыдзе працавалі ў трактарах без кабін. Былі на тое дзве прычыны. Першая – трагічная. У 1956 годзе кіроўца Іван Хмара ехаў у трактары з кабінай, праваліўся пад лёд і загінуў. Каб трактар быў без кабіны, магчыма, у яго б атрымалася выскачыць. Другая – практычная. Трактар без кабіны было лягчэй адкапаць ад снегу.

Каля абеліска ў гонар загінулага ў Антарктыдзе трактарыста Івана Хмары.

– Пасля завірухі домікі для ўдзельнікаў экспедыцыі, напрыклад, у пасёлку Мірны, снег заносіў разам з дахамі. Спачатку штораз спрабавалі расчышчаць. А потым рабілі тамбуры – вузкія калідоры ў снезе , што вялі наверх.

– Зімой маразы 70-80 градусаў. Лыжы прымярзаюць да снегу.

– Паліва для забеспячэння антарктычнай станцыі кіроўцы вазілі на першай перадачы на адлегласць 1 400 кіламетраў. Дарога займала больш за месяц.

– Пінгвіны не ўцякалі ад людзей. Часта ішлі насустрач. Ад гукаў, што ўтваралі тысячы гэтых птушак, дрыжала паветра.

– Вялікія каралеўскія пінгвіны жывуць на айсбергах, маленькія – адэлі – на астравах.

– Назіраць, як кіты плывуць па моры і пускаюць фантанчыкі, тут звычайная з’ява.

– Калі ў Саюзе людзі атрымлівалі па 50 рублёў заробку, удзельнікам экспедыцыі плацілі трыста.

З малымі пінгвінчыкамі можна было нават абдымацца.

– Летам у Антарктыдзе – невялікі плюс. Снег, вядома, не растае. А вось калі кінуць на яго нейкі чорны прадмет, адразу ў снезе атрымаецца ямка.

– Без акуляраў падчас сонечнага надвор’я – немагчыма. Па першым часе нават марляй прыкрывалі твар, каб не было сонечных апёкаў.

– Кармілі ўдзельнікаў экспедыцыі вельмі добра. Мяса прывозілі тушамі. Сок – у выглядзе канцэнтратаў.

– Адзенне мылі вельмі рэдка. Антарктыда – край, дзе немагчыма вымазацца.

Антарктыда – на здымках, на карце, ва ўспамінах

У Маладзечне мой субяседнік ад 1967 года, хутка пасля свайго прыезду з Антарктыды. З Расіі вырашылі пераехаць у Беларусь на радзіму жонкі.

Пабудавалі кааператыўную кватэру, набылі запарожац. Грошы, атрыманыя за экспедыцыю, вельмі спатрэбіліся маладой сям’і.

Тут Мікалай Аляксеевіч усё жыццё адпрацаваў кіроўцам. Нездарма ж з дзяцінства любіў тэхніку.

Ён і сёння кіруе  ўласным аўтамабілем, “Шкодай”, які жартам называе сваім аднагодкам.

А пра паўночную вандроўку 52-гадовай даўніны майму субяседніку нагадваюць шматлікія фотаздымкі, багатая бібліятэка кніг пра паўночныя падарожжы і карта Антарктыды на сцяне.

Фота Аксаны Ярашонак і з архіва Мікалая Пракапенкі.

• Текст доступен на языке: Русский