Фота novostipmr.com.

У рэдакцыю Свабоды даслалі аўдыё, на якім чуваць, як з вучняў 180-й сярэдняй школы Мінска патрабуюць здаць грошы за падпіску на газету і часопіс. У размове з класам настаўніца пераходзіць на крык.

«Я што, сабе на помнік збіраю? Што, рубель восемдзесят такія вялікія грошы?» — падвышаным тонам звяртаецца да дзяцей настаўніца.
І жаліцца, што за тых, хто адмаўляецца здаваць, яна будзе вымушана дакласці з уласнай кішэні — а ў яе, маўляў, і так ужо ўласная падпіска на «Настаўніцкую газету».

 

У маларазборлівай размове вучняў на заднім плане чуваць назва ведамаснага выдання Міністэрства па надзвычайных сытуацыях «Юный спасатель» — яно рэгулярна фігуруе ў скаргах бацькоў і дзяцей на прымусовую падпіску.

Свабода спытала ў дырэктаркі СШ № 180 Ірыны Даніловіч, ці ёсць у іх школе прымусовая падпіска на дзяржвыданні.

«У нас такога быць не можа, бо ўсе дзеці самі зацікаўленыя. Адназначна не», — адказала яна.

Раней Свабода даследавала, як працуе сістэма прымусовай падпіскі на дзяржаўныя выданні ў Беларусі.

«Гэта банальны шантаж і вымагальніцтва»

«Гэта банальны шантаж і вымагальніцтва» — так пракамэнтавала сітуацыю з прымусовай падпіскай беларуская пісьменьніца і экспертка ў галіне адукацыі Яўгенія Пастарнак. Летась яна звярталася з адкрытым лістом да галоўнага рэдактара газеты «СБ. Беларусь сегодня» з заклікам пакласці канец прымусовай падпісцы на яго выданне.

«Міністэрства адукацыі нядаўна выпусціла чарговае распараджэнне аб тым, што ніхто не мае права прымушаць нікога да падпіскі. Чарговае «бла бла бла». Фішка ў тым, што міністэрства гаворыць адно, а выканкамы — іншае. У школы сітуацыя незайздросная, таму што яна ў любым выпадку «атрымае па галаве». Калі яны не будуць падпісвацца, «атрымаюць на галаве» ад свайго непасрэднага начальства — упраўлення адукацыі выканкаму, таму што нормы на падпіску спускаюцца адтуль. А калі хто-небудзь выкладзе такі запіс і дакажа, што кагосьці прымушалі падпісвацца, то яны тым больш «атрымаюць па галавае», таму што Міністэрства адукацыі сказала, што нельга прымушаць падпісвацца. Яны — крайнія ў любым выпадку», — кажа Яўгенія Пастарнак.

Яна дадае, што ў сітуацыі з падпіскай «ўсё гэта на сумленні бацькоў».

«Да таго часу, пакуль бацькі даюць грошы, пакуль яны падпісваюцца, гэтая агіднасць будзе працягвацца».