Днямі мы пісалі пра тое, як наш чытач, карязнаўца з Параф’янава Кастусь Шыталь дамагся ўсталявання ўказальніка да помніка прыроды на Вілейшчыне.

Практыка такіх зваротаў у Кастуся багатая. Мы пагутарылі з краязнаўцам, распыталі, чаго такім чынам удалося дасягнуць, чаго – не. І ці варта звяртацца ў дзяржслужбы, каб абараніць правы, свае і іншых.

40% зваротаў Кастуся Шыталя задавальняюць

Па словах Кастуся, звароты ў дзяржаўныя службы ён накіроўвае часта. Два гады таму мужчына звяртаўся да мясцовых уладаў Мядзельшчыны. Прасіў, каб у Будславе памянялі графік працы кавярні.

– Звяртаўся, каб для турыстаў і людзей, што прыязджаюць у будслаўскі касцёл, зрабілі больш зручны графік. У выніку зварот задаволілі, і кавярня цяпер працуе па іншым графіку.

Наш чытач Кастусь Шыталь. Фота facebook.com.

Летась мужчына напісаў на Беларускую чыгунку. Даводзіў, што трэба памяняць графік цягніка  «Крулеўшчына-Маладзечна» па выхадных.

На сайце петыцый сабраў больш за 60 подпісаў. Графік памянялі.

Быў і яшчэ адзін станоўчы досвед супрацы з Беларускай чыгункай, звязаны з нашым рэгіёнам.

– Звярнуўся, каб у дызельным цягніку «Маладзечна-Полацк» аўтаінфарматар аб’яўляў прыпынкі на добрай беларускай мове. Да мяне таксама прыслухаліся.

Цяпер аўтаінфарматар аб’яўляе прыпынкі на прыгожай беларускай мове голасам супрацоўніка “Рэгіянальнай газеты” Ігара Палынскага.

Па словах Кастуся, з Беларускай чыгункай у яго найбольш прыемны досвед супрацы. Найгоршы – з Докшыцкім райвыканкамам. Пра тое, каб адрамантавалі вулічны ліхтар, Кастусь пісаў тры разы. У выніку зрабілі.

Часам, каб засыпалі яму на дарозе, варта турбаваць аблвыканкам. тады справа рухаецца.

Кастусь Шыталь упэўнены: для абароны ўласных правоў і правоў іншых людзей варта звяртацца ў дзяржаўныя службы. 40% задаволеных зваротаў – не такі ўжо дрэнны вынік.

Матэрыял створаны ў рамках сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, vitebsk4.me, часопіса «Бінокль» і «РГ».

• Текст доступен на языке: Русский