Апошнім часам у Беларусі падняліся размовы пра шматдзетныя сем’і, якія ў іх правы ў беларускай дзяржаве, эканамічныя і сацыяльныя перавагі. Як вядома, маладым сем’ям жывецца нялёгка, відаць, ва ўсім свеце, прынамсі, у пачатку, бо сон усім патрэбны, і яго заўжды не хапае (з таго, што я чула). Калі гэта маладая шматдзетная сям’я – тым больш.

Кожная краіна мае свой індывідуальны падыход да дапамогі такім сем’ям. Вось і мяне спыталі, як выглядае сітуацыя ў Іспаніі. Хоць дзяржава ў нас не цэнтралізаваная і палітыка рэгіёнаў крыху адрозніваецца, я здолела знайсці агульныя арыенціры, паводле якіх кіруюцца ўлады ў дачыненні да (шчаслівых?) вялікіх сем’яў.

Па-першае, варта вызначыць, якія сем’і лічацца шматдзетнымі ў Іспаніі. Для пачатку, існуюць дзве катэгорыі шматдзетных сем’яў: звычайная (familia numerosa general) і асаблівая (familia numerosa especial). Звычайныя шматдзетныя сем’і – гэта тыя, дзе ёсць

А) трое дзяцей;

Б) двое дзяцей, адно з якіх – з інваліднасцю, большай за 33%. Дзіця з інваліднасцю – гэта як двое дзяцей у сям’і;

Інваліднасць у Іспаніі лічыцца ў працэнтах «залежнасці» чалавека, наколькі ён можа весці самастойнае жыццё, што можа ці не можа рабіць. Ад 33 да 65 працэнтаў, я сказала б, гэта эквівалент беларускай другой групы (рабочай).

В) бацька альбо маці з дваімі дзецьмі, калі адзін з бацькоў (бацька ці маці) памёр (тут не важна, ці былі бацькі ў шлюбе, ці не, хаця юрыдычна нашмат лягчэй даказаць усё патрэбнае, калі так);

Г) абое бацькоў з інваліднасцю і дваімі дзецьмі, альбо

Д) адзін з бацькоў з інваліднасцю ад 65% з дваімі дзецьмі (агульнымі ці не), і

Е) у разводзе з траімі ці больш дзецьмі (прызначаюцца толькі аднаму з бацькоў), нават калі не жывуць разам.

Сем’і з абаімі баць­камі і чацвярыма дзецьмі могуць лічыцца звычайнымі альбо асаблівымі шматдзетнымі ў залежнасці ад заробку бацькоў (калі перакрочаць пэўную мяжу, то гэта – звычайная шматдзетная сям’я). Ад пяцярых дзяцей сям’я аўтаматычна лічыцца асаблівай шматдзетнай.

Па-другое, да якога часу даюцца перавагі? Паводле закона 2015 года, да таго, як наймалодшае дзіця дасягне ўзросту 21 (калі працуе і не залежыць эканамічна ад бацькоў) альбо 26 гадоў (калі вучыцца). Старэйшыя браты і сёстры губляюць гэтыя «плюсікі», калі ўзрост адпаведны, але бацькам і малодшым захоўваюцца правы да таго, як апошні чалавек пакідае метафарычнае гняздо.

А цяпер давайце пра цікавае – раскажу, якія перавагі ёсць:

Плата ў памеры 1000 еўра за нараджэнне ці ўсынаўленне дзіцяці даецца шматдзетным сем’ям, сем’ям, дзе толькі адзін бацька ці маці, і сем’ям, дзе маці мае інваліднасць, вышэйшую за 65% (адпаведна, ад другой нерабочай да першай групы ў Беларусі). Ёсць абмежаванні паводле заробку сям’і.

Бясплатнае афармленне і аднаўленне пашпарта і асабістай карты (унутранага пашпарта). Шматдзетныя сем’і не сплачваюць пошліны.

Бясплатны ці таннейшы ўваход у дзяржаўныя музеі Іспаніі. Тое ж робяць пэўныя кінатэатры і крамы, нягле­дзячы на тое, што яны не з’яўляюцца дзяржаўнымі ўстановамі.

Зніжка 20% (для звычайных шматдзетных сем’яў) альбо 50% (для асаблівых) у дарожным і чыгуначным транспарце, і да 10% – у нацыянальных авіярэйсах.

Зніжка 50% у адукацыйных коштах (напрыклад, права на дзяржаўныя іспыты, плата за навучанне ва ўніверсітэце). Большыя шанцы на стыпендыі (дзецям шматдзетных сем’яў прызначаецца больш балаў у стыпендыяльнай сістэме за свой статус).

Падатковыя перавагі. Насамрэч, гэта прызначаецца і сем’ям з меншай колькасцю дзяцей: за кожнае дзіця прызначаецца пэўная сума, якая «адымаецца» з заробку сям’і, што лічыцца для падаткаў (у выніку, натуральна, такія сем’і сплачваюць менш падаткаў).

Дадатковыя падатковыя перавагі, калі шматдзетная сям’я наймае чалавека для дапамогі з дзецьмі і домам. Для звычайных сем’яў трэба, каб абое з бацькоў працавалі па-за домам. У выпадку асаблівых сем’яў, гэтыя перавагі прызначаюцца незалежна ад таго, ці абое з іх працуюць.

Зніжка да 50% у падатку за рэгістрацыю транспартных сродкаў, якія маюць не менш за пяць месцаў і не больш за дзевяць (найчасцей, калі набываюць вялікую сямейную машыну).

Паменшаная плата за электрычнасць (зніжка 25% да 4150 кВт у год).

Працоўнае месца захоўваецца даўжэй, калі адзін з бацькоў часова сыходзіць з працы, каб займацца дзецьмі. У выпадку першага дзіцяці, працоўнае месца захоўваецца на працягу 12 месяцаў. У выпадку звычайных шматдзетных сем’яў – 15 месяцаў. Для асаблівых – аж 18 месяцаў.

Паляпшэнні ў пенсіі маці: 5%, калі жанчына нарадзіла двое дзяцей, 10% – за трое, 15% – за чацвёра ці болей дзяцей.

Да таго ж, маці, якія працуюць, могуць атрымліваць падатковыя перавагі і за свой статус, і за кошты дзіцячага сада.

Я не ведаю дакладна, як справы выглядаюць у Беларусі ў параўнанні з Іспаніяй. Шчыра скажу – я папрасіла дапамогі ў сваёй маці і дзядзькі інтэрнэту дзеля напісання гэтага тэксту, бо я чалавек далёкі ад сямейнага (гэта, дарэчы, можа стаць тэмай чарговага артыкула, калі цікава). І хоць чула пра некаторыя з гэтых пераваг, асабліва ад аднагрупнікаў, якія належалі да шматдзетных сем’яў, мяне здзівіла колькасць іншых момантаў, якія не ўлічвала раней.

Падчас круглага стала (пра яго чытайце ў свежым нумары «РГ» і неўзабаве на сайце) гутарылі пра беларускую сітуацыю шматдзетных сем’яў. І вы, дарагія шматдзетныя чытачы, зможаце вырашыць, перае­хаць вам на поўдзень ці не. А пакуль я пакідаю вас з гэтымі дадзенымі, даю час на развагі, параўнанні і пералікі і развітваюся да наступнага разу. Няхай усе вашы дзеткі рас­туць здаровымі! А калі іх няма – то самі будзьце здаровыя, сябры!

• Текст доступен на языке: Русский