Жыхар Палачанаў пераапрануўся ў жанчыну, каб скрасці электраінструмент і каваныя з металу ружы

Пра здарэнне ў міліцыю заявіў 61-гадовы гаспадар фірмы, якая спецыялізуецца на вытворчасці вырабаў з каванага металу.

Калі праваахоўнікі прыбылі на месца, то высветлілі, што зламыснік пранік праз дах, праз які наскрозь расце дрэва. З сабой ён знёс два шурубавёрты, два зварачныя апараты, чатыры шліфавальныя машынкі, фарбавальны пісталет, чатыры каваныя ружы з металу.

Агулам скрадзенае цягне больш чым на 2500 рублёў.

Хаця забраўся ў памяшканне зламыснік праз дах, сыходзіў з месца праз дзверы – ключы былі ў цэху. Перакінуў скрадзенае праз агароджу і збег з месца.

Падазраваным апынуўся 30-гадовы жыхар Палачанаў Маладзечанскага раёна, на яго след выйшлі па запісах камер відэаназірання. У красавіку мужчына працаваў у гэтым цэху, а месяц таму яго звольнілі. Усё на аб’екце яму было знаёмым. А каб не праваліць справу, замаскіраваўся пад жанчыну, надзеўшы на галаву парык.

Фігуранта праваахоўнікі знайшлі па месцы жыхарства ў Палачанах. Яго затрымалі. Падазраваны прызнае віну. Па факце ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле “Крадзеж”. Зламыснік рызыкуе трапіць у турму на тры гады.

Скрадзенае знайшлі. Яно было на лецішчы ў знаёмай, якой фігурант дапамагаў па гаспадарцы.

Раней падазраванага прыцягвалі да адказнасці за маёмасныя злачынствы.

• Текст доступен на языке: Русский