У ціхіх і невялікіх Ашмянах раптам з’явіўся ініцыятыўны мінчук – і пачаў «рухаць футбол». Ды так, што не можа спыніцца. Спачатку Аляксандр Кушнер стварыў тут першую ў Гродзенскай вобласці прыватную школу футбола. Потым набраў некалькі груп у Астраўцы. А потым супольна з Беларускай федэрацыяй футбола пачаў прасоўванне масавага спорту ў мястэчках Гродзеншчыны. Пакуль атрымліваецца.

Акадэмія футбола Fair Play у Ашмянах працуе ўжо сем гадоў. Трэніроўкі Аляксандр вядзе выключна па-беларуску. Кажа, што яго «беларускамоўнасць» толькі дапамагае працы.

– Людзі больш прыязна ставяцца,  – усміхаецца трэнер.

– У школе, у школе дапамагае, – крычыць вёрткі Сашка, які тым часам штурхае мяч.

Аляксандр час ад часу ўцякае на поле, таму што дзеці, убачыўшы, што трэнер заняты, пачынаюць насіцца і сваволіць.

– Хутчэй, хутчэй. Іллюша – малайчына, – крычыць трэнер і вяртаецца да нас, каб расказаць пра тое, як ён, карэнны мінчук, апынуўся ў Ашмянах.

У акадэмію не верылі, але Аляксандр не адступаў

Аляксандр – футбаліст, былы гулец юніёрскай зборнай Беларусі.

– Быў у кроку ад падпісання кантракта з барысаўскім БАТЭ, але з-за праблем са здароўем прыйшлося сысці з футбола. І не шкадую. Мая праца трэнерам цалкам мяне задавальняе. Можна сказаць, што знайшоў сябе. А з пераездам ў Ашмяны атрымалася так. У нейкі момант мы з жонкай вырашылі, што не зможам рэалізавацца ў вялікім горадзе і пераехалі сюды жыць. На той момант мы сябравалі з дзеючым на той час кіраўніком раёна Юрыем Адамчыкам. І ён неяк сказаў: «Што ты ўсё сюды матаешся, пераязджай». Ну мы і пераехалі. Спачатку адкрылі сваё невялічкае турагенцтва, але потым мая жонка, Крысціна, сказала: «Ты ж усё жыццё гуляў у футбол, чаму б не паспрабаваць адкрыць школу для дзетак?». Вось і паспрабавалі.

У задуму спачатку многія не верылі – маўляў, нават на бясплатныя заняткі ў мясцовую ДЮСШ немагчыма набраць дзяцей. Але Аляксандр у сваёй справе не сумняваўся і не адступаў. Цяпер у акадэміі (у Ашмянах і Астраўцы) трэніруецца больш за 190 дзяўчынак і хлапчукоў. А ў планах у Аляксандра – развіваць футбол і ў зусім маленькіх населеных пунктах Гродзеншчыны. Для гэтага ён супольна з АБФФ шукае энтузіястаў, якія змогуць прасоўваць футбол у масы. Кажа, што гатовы дапамагаць маладым і дзёрзкім развіваць масавы футбол нават у маленькай вёсачцы.

– Пад нашым i АБФФ патранатам мы плануем рабіць (і робім) бясплатныя школы на базе ФСК, знаходзячы ініцыятыўных людзей на месцах. Звычайна гэта настаўнікі фізкультуры, якія хочуць развівацца і нешта рабіць. Ім будзе дадзена магчымасць адкрыць бясплатныя школы, дзе дзеткі будуць займацца спортам. Футбол у такіх маленькіх мястэчках – гэта жыццё. Дзеці, якія не маюць доступу абсалютна ні да чаго, атрымаюць цудоўную магчымасць развівацца ў гэтым кірунку. Вось, напрыклад, Свіслацкі раён – гэта ж тая яшчэ багна. Там няма чым займацца. Так, там развітыя індывідуальныя віды спорту, але няма масавых. Мы знайшлі там ініцыятыўнага маладога чалавека, які гатовы працаваць з дзецьмі і рухаць футбол. Федэрацыя яго за свой кошт абучыць. Ён атрымае трэнерскую ліцэнзію «Д» і будзе надалей працаваць. Пры гэтым хлопец проста кайфуе ад сваёй дзейнасці і ад працы з дзецьмі. Думаю, тут усё атрымаецца.

Супрацоўніцтва з АБФФ і бясплатная секцыя для
дзяўчынак

Аляксандр расказвае, што цяпер Fair Play працуе ў супроўніцтве з Беларускай федэрацыяй футбола, якая забяспечыла экіпіроўкай мясцовых юных спартсменаў, а таксама адкрыла на базе акадэміі бясплатную футбольную групу для дзяўчынак.

Юныя футбалісты трэніруюцца тры разы ў тыдзень – і, вядома, усе хочуць стаць прафесійнымі футбалістамі.

А калі не атрымаецца?

– Тады будаўнікамі пойдзем. Ці кухарам буду. Не, дакладна стану футбалістам, – наперабой адказваюць хлапчукі і бягуць зноў займацца.

У кожнага ёсць шанец стаць прафесійным футбалістам

Першапачаткова ў акадэміі трэнерам быў толькі Аляксандр.

– Цяпер мне дапамагаюць мае ж старэйшыя вучні. Яны прайшлі спецыяльнае навучанне, атрымалі трэнерскую лiцэнзію. У планах – прыцягнуць да трэнерскай працы бацькоў нашых навучэнцаў. Гэтак ёсць у Еўропе – частку трэніровак з дзецьмі праводзяць мамы і таты. Гэта іх такі сацыяльны абавязак. Мы хочам зрабіць нешта падобнае, – кажа Александр.

Калі акадэмія ў Ашмянах толькі пачынала працаваць, трэнер абышоў усе навучальныя ўстановы горада. Рэкламаваў, расказваў і запрашаў.

– Пачыналі з трох груп. У першы месяц у нас ужо трэніравалася 70 дзяцей. І шмат з іх з таго часу засталося. Я час ад часу заходжу на наш сайт, дзё ёсць першыя сумесныя фотаздымкі. Дзеці там такія маленькія, — усміхаецца мужчына. Ён называе сябе дэмакратычным трэнерам, але запэўнівае, што анархіі ў групах не дапушчае. Прызнаецца, што за гады працы акадэміі давялося стаць і псіхолагам.

– Трэба стварыць такія ўмовы, у якіх будзе камфортна ўсім. І бацькам, і дзецям. Калі ёсць нейкія цяжкасці, дык мы садзімся з дзіцем і размаўляем – чаму ён хоча сысці, што яму не падабаецца, як зрабіць, каб было дабра, – кажа Аляксандр.

Трэнер упэўнены, што ў кожнага з яго дзяцей ёсць шанец стаць прафесійным футбалістам. Было б жаданне.

– Безумоўна, яны могуць дарасці. Галоўная іх бяда – лянота. Страшныя гультаі! Вось паглядзіце: трэнер сказаў ім займацца самастойна, адвярнуўся – і што мы бачым? Вось стаяць і нічога не робяць. Гэй, я ўсё бачу, – крычыць Аляксандр. – Калі яны змогуць перамагчы гэту якасць, то ўсё атрымаецца, бо зараз ёсць усе магчымасці: экіпіроўка, база, пастаянныя турніры, бацькі, якія іх падтрымліваюць. Пры гэтым мы бяром у акадэмію ўсіх. Галоўны крытэрый – каб не было перашкод з боку здароўя. Вунь, бачыце – высокі хлопец стаіць? Ён, калі прыйшоў ды нас, дык па мячы з пятага разу трапляў, а зараз адзін з нашых лепшых гульцоў. Я і сам, калі прыйшоў у футбол, то не асабліва падыходзіў. Трэнер тады казаў – а мне было шэсць год: «Ты такі цюфяк, дундук, нічога ў цябе не атрымаецца». І ў мяне, малога, з’явілася такая матывацыя, што я пяць разоў на тыдзень трэніраваўся. Перад тым як трапіць ва юніёрскую зборную, за месяц схуднеў на 15 кілаграмаў. Такая была ўмова.

«Кожнаму дзіцяці трэба даваць шанец і верыць у яго – тады ўсё атрымаецца»

Заняткі ў акадэміі платныя – 45 рублёў у месяц плацяць бацькі хлапчукоў, 35 – дзяўчынак. Але Аляксандр кажа, што галоўная мэта школы – не зарабіць, а развіць масавы футбол.

– А яшчэ важная сацыялізацыя праз спорт. Футбол – гэта наш інструмент, праз які мы можам адарваць дзяцей ад смартфонаў, камп’ютараў, гаджэтаў і зрабіць так, каб яны прыходзілі ды нас, тусаваліся тут і атрымлівалі задавальненне. Я ацэньваю дзяцей не па тым, ці стане ён прафесійным футбалістам, а па тым, як ён прагрэсуе ў тэхніцы, у гульні. А растуць яны добра: ірвуць каманды на раз. Амаль кожныя выхадныя мы ездзім на турніры. Гэта такі кайф, калі ты бачыш, што яны робяць менавіта тое, што ты ад іх чакаеш.

Юныя ашмянскія футбалісты ужо паспелі пабываць на спаборніцтвах не толькі ў Беларусі, але і ў Літве, Латвіі, Германіі. Аляксандр кажа, што кожнаму дзіцяці трэба даваць шанец і верыць у яго – тады ўсё атрымаецца.

– Мы нікога не выганяем не таму, што бацькі плацяць грошы, а таму, што ў кожнага павінны быць шанец, бо дзіця можа паказаць сябе праз год, два ці нават дзесяць.

Школу Аляксандр адкрываў за свае грошы, АБФФ на першым этапе дапамагла з мячамі і конусамі, а потым дала экіпіроўку юным футбалістам акадэміі. Паводле слоў трэнера, тых грошай, якія плацяць бацькі за трэніроўкі, хапае на пакрыццё галоўных выдаткаў: арэнду спартзалаў і падаткі.

– Пакуль у нас усё добра з інвентаром, алё ён мае асаблівасць развальвацца, гэта ж інтэнсіўныя трэніроўкі. Калі не будзе дапамогі АБФФ, дык прыйдзецца шукаць для школы нейкіх партнёраў ці спонсараў.

Аляксандр лічыць, што вынікі асобнага футбаліста і футбола цэлай краіны залежаць не ад колькасці пабудаваных спартыўных збудаванняў у краіне – ад выразнай сістэмы, па якой бы разам працавалі ўсе спартыўыя школы Беларусі. А яе яшчэ няма. Так што пакуль Аляксандр працягвае «рухаць» масавы футбол у асобна ўзятым рэгіёне.

• Текст доступен на языке: Русский