П’яныя паліцэйскія з-пад Кіева выпадкова застрэлілі 5-гадовага хлопчыка

На пачатку чэрвеня ў Пераяслаўлі-Залескім (горад у Кіеўскай вобласці) двое супрацоўнікаў паліцыі выпілі і вырашылі пастраляць: зладзілі самаробны цір з бутэлек у двары жылога дома. Скончылася ўсё трагедыяй.

Адна з куль трапіла ў галаву мясцоваму 5-гадоваму хлопчыку. Яго экстрэнна шпіталізавалі, пасля перавезлі ў рэанімацыю ў Кіеве.

Але выратаваць дзіця дактары не змаглі. Трэцяга чэрвеня хлопчык памёр.

«Начальнік нашага райаддзела прыязджаў у рэанімацыю да нас і казаў, што яны прызнаюць віну, але такія п’яныя, што не ведаюць, хто з іх гэта зрабіў. Яны былі ўшчэнт п’яныя, проста забаўляліся», — казала пра паліцэйскіх бабуля хлопчыка.

У выніку кіраўнік паліцыі Кіеўскай вобласці Дзмітры Цаноў напісаў рапарт аб звальненні і папрасіўся ваяваць на Данбас. Пра гэта паведамляе МУС Украіны.

«Як кіраўнік паліцыі Кіеўскай вобласці я нясу адказнасць за дзеянні маіх падначаленых. Я напісаў рапарт аб маім звальненні і прашу кіраўніка Нацпаліцыі адправіць мяне ў самую гарачую кропку нашай дзяржавы, у ООС (Аперацыя аб’яднаных сілаў у Данбасе), — заявіў Цаноў журналістам.

Дарэчы, кіраўнік Нацпаліцыі падпісаў паперы аб адстаўцы Цанова. Пра тое, ці паедзе Цаноў у «гарачую кропку», пакуль не паведамляецца.

• Текст доступен на языке: Русский