35-гадовы жыхар райцэнтра атрымаў непрыемнасці з-за таго, што адпраўляў інтымныя фотаздымкі ў сацыяльнай сетцы.

Гісторыя бярэ пачатак яшчэ ад 2015 года. Маладзечанец у сацыяльнай сетцы знайшоў акаўнт чароўнай незнаёмкі, з якой завёў перапіску. З часам віртуальныя адносіны выйшлі за межы штодзённых пытанняў, а ў асабістай перапісцы з’явілася інтымная фатаграфія маладзечанца. Здымак надаў онлайн-размове зусім іншы паварот. Незнаёмка пачала вымагаць грошы. Маўляў, калі суразмоўца не заплаціць, фота ўбачаць яго знаёмыя і сябры.

На вуду аферысткі маладзечанец не трапіўся. Тут жа выдаліў старонку ў сацыяльнай сетцы і зарэгістраваўся нанова.

А фота, па яго словах, знайшоў у інтэрнэце. Аднак гэта не апраўдвае ад адказнасці. Па выніках экспертызы выяву прызналі парнаграфічнай. У яго дзеяннях знайшлі склад злачынства, прадугледжанага артыкулам Крымінальнага кодэкса “Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характара”. За гэта пагражае ад двух да чатырох гадоў пазбаўлення свабоды.

Падчас праверкі міліцыянеры ўстанавілі, што ў фігуранта ёсць яшчэ адзін акаўнт у сацыяльнай сетцы, зарэгістраваны пад несапраўдным імем. Пачынаючы ад мінулага года ў адкрытым доступе мужчына размяшчаў гіфкі, якія экспертыза таксама прызнала парнаграфіяй.

Падазраваны гэта не адмаўляў. Патлумачыў, што стварыў уліковы запіс для разавых перапісак з жанчынамі.

Фігурант будзе адказваць перад законам па двух фактах. Раней ён фігураваў у крымінальных зводках, але за маёмасныя злачынствы.

За падобныя дзеянні прадугледжаная крымінальная адказнасць. Калі размяшчаеце або перасылаеце парнаграфічныя матэрыялы, не забывайце пра магчымыя наступствы.

Праваахоўнікі дазналіся і кім жа была дама, што спрабавала развесці маладзечанца на грошы. Стала вядома, што падобных кавалераў у яе з дзясятак. Больш за тое, гэта зусім не дама. Па той бок манітора сядзеў жыхар Лагойска, які стварыў акаўнт пад прыдуманым імем для віртуальных забаў. У яго адносінах узбудзілі крымінальную справу за распаўсюд парнаграфіі.

• Текст доступен на языке: Русский