«Мы імкнёмся паказаць, што не ўсё ў нашым жыцці дрэнна. І нельга губляць веру ў лепшае: нацыянальную ідэю трэба даводзіць да людзей праз мастацтва. Не – нашаму бяспамяцтву, нашай непавазе да нацыянальнай годнасці». Так выказваўся пра першы фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-93» тагачасны мэр Горада Сонца Генадзь Карпенка.
7-8 чэрвеня фестываль праводзяць ужо ў 26 раз.
«РГ» папрасіла прыгадаць атмасферу самага першага свята яго ўдзельнікаў і параўнаць з тым, як фэст выглядае сёння.
Уладзімір Някляеў: ад сапраўднага беларускага свята амаль нічога не засталося
Пра першы фестываль беларускай песні і паэзіі мы папрасілі прыгадаць яго ўдзельніка, паэта, грамадскага дзеяча, ураджэнца Смаргоншчыны Уладзіміра Някляева.
– Першы маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі помню, хоць 26 гадоў прамінула. Помню таму, што гэта было насамрэч беларускае свята, якое ладзілася на ўздыме нацыянальнага духу. Цяпер ад яго, на жаль, нічога не засталося, – дзеліцца Уладзімір Пракопавіч.
Ну, амаль, нічога, дадае. Бо, на яго думку, праз высілкі Міхаіла Фінберга фестываль яшчэ крыху ліпее. Але выглядае ў параўнанні з пампезным, ад пачатку і дасюль безгустоўным, «Славянскім базарам», бедным сірацінцам.
– Зрэшты, інакш і не магло стацца ў краіне, у якой адносіны да свайго, як да чужога, а да чужога, як да свайго. Не сваё пяём, не сваё чытаем, не сваім жыццём жывём, – кажа паэт.
Апошні раз Уладзімір Някляеў быў на фестывалі ў 1996 годзе. Святкаваў там сваё 50-годдзе. Кажа, што тэлетрансляцыя яго аўтарскага канцэрта была апошняй жывой тэлетрансляцыяй з фестывалю:
– Я запрасіў на сцэну Генадзя Карпенку, з якім мы сябравалі і рыхтавалі першы фестываль, тагачаснага старшыню Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага, іншых палітыкаў, грамадскіх дзеячаў… Больш такога святочнага разгулу на ўсю краіну ўлады не маглі дазволіць – і з таго часу высокае полымя нацыянальнага фестывалю пачало затухаць.
Калі летась было 25 год фестывалю, Уладзімір Пракопавіч збіраўся прыехаць у Маладзечна на аўтарскі канцэрт Ігара Лучанка. «Прашу цябе, прыедзь. «Світанак» разам спяём. Там усе нашы будуць, табе будуць рады», – прасіў тады кампазітар.
– Я падумаў: «А чаму не?..» Але якраз у той дзень кампазітара Эдуарда Зарыцкага, з якім я напісаў сваю першую песню, хавалі, і паехаць у мяне не выйшла.
Сумнаватыя ўспаміны? Так, сумнаватыя. Але чамусьці веру я, што будзе яшчэ ў нашым Маладзечне такое, пра што потым весела ўспомніцца. Як успамінаецца ўсмешка маладзечанскага мэра Генадзя Карпенкі, які ствараў Горад Сонца. А сонца, як вядома, не заходзіць назаўжды. Толькі на ноч.
Віктар Шалкевіч: на бардаў прыйшло больш людзей, чым на папсу
– Калі Саюз беларускіх пісьменнікаў быў адзін, не падзяліўся на «чэсных» і «нячэсных», там было так званае бюро прапаганды беларускай літаратуры. Загадвала ім пані Ядвіга Волкава – прыгожая энергічная жанчына, якая сабрала нас, бардаў, і выправіла ў Маладзечна, – прыгадвае бард, акцёр, паэт і шоумэн Віктар Шалкевіч. – Іду з гітарай, падыходжу да гасцініцы, а там сядзіць музыкант з аркестра Фінберга. Вырваў гітару і пачаў спяваць нейкія блатныя песні. Я кажу: «А чаго блатныя спяваеш?». А ён у адказ: «Да надоело белорусские песни играть».
Сцэна для бардаў была ўсталяваная ў парку. Для выступленняў паставілі даволі добрую нават па сённяшніх мерках музычную апаратуру. Па словах Віктара Шалкевіча, на канцэрт бардаў прыйшло вельмі шмат людзей.
– Калі мы прыйшлі потым на стадыён і параўноўвалі – папсу слухала значна меней людзей, – кажа Шалкевіч. – Мы маладыя былі, прыгожыя, з валасамі, з чупрынамі. Шмат хто толькі пачынаў свой творчы шлях. Тады ніхто нікога не баяўся. І амаль усе, хто тады выступаў, засталіся ў беларускай культуры.

Людзі ў маладой краіне жылі надзеяй, што ўсё атрымаецца, што свята беларускай паэзіі і музыкі – першая ластаўка адраджэння беларускасці, кажа Шалкевіч. А Маладзечна ў яго ўспамінах заўсёды было «правільным» горадам. Людзі адчувалі паветра перамен, якія адбываюцца ў грамадстве.
Тое, як выглядае фестываль сёння, Віктара Шалкевіча не ўсцешвае.
– Па-мойму, яго нехта манапалізаваў, гэты фестываль, зрабіў такім… больш фармальным. Мне здаецца, нічога асабліва цікавага не робіцца. Але ж у нас талентаў няма, ці што? Ёсць, канешне! Проста шукаць трэба, займацца. Каб была ў грамадстве большая ўвага да таго, што робяць сучасныя беларускія паэты і кампазітары. Каб фестываль быў прэстыжным, прыярытэтным, як той «Славянскі базар». А так… Шараговая шэрасць.
Андрэй Мельнікаў: аўтобус з рэчамі з’ехаў без нас
Бард і літаратар Андрэй Мельнікаў прызнаўся, што сам канцэрт аўтарскай песні памятае не вельмі добра. Затое памятае падзеі, якія адбываліся пасля яго.
– Вечарам таго дня ўпершыню пачуў, як добра з вялікай сцэны гучыць гурт «Новае Неба». Бо давялося некалькі гадзін правесці ў памяшканні, прыстасаваным пад грымёрку.
Бардаў пасля іх канцэрта павінны быў даставіць у Мінск адмысловы аўтобус. Да вызначанага часу сабраліся не ўсе. Мельнікаў пайшоў шукаць людзей, а бард Алесь Камоцкі паабяцаў, што падстрахуе, каб аўтобус не з’ехаў.
Але нешта пайшло не так.

Калі Андрэй Мельнікаў і яшчэ тры чалавекі прыйшлі да стаянкі, аўтобуса (з рэчамі!) там ужо не было.
– Такім чынам я пазнаёміўся з Анатолем Кудласевічам і Міхасём Шавыркіным. А яшчэ пабачыў з невядомага для сябе боку Эдуарда Акуліна. Ён успрыняў у пэўным сэнсе экстрэмальную, непрыемную сітуацыю абсалютна спакойна і нават з іроніяй, як прыгоду. Я чуў пра тое, што менавіта яго гумар такі, іронія прывялі ў аўтарскую песню ў свой час Сержука Сокалава-Воюша: ён пабачыў, як гэты малады хлопец спявае, і зразумеў, што свае вершы ён таксама можа спяваць. І гэты эпізод у тую ноч у Маладзечне быў адзіным, калі я бачыў Акуліна менавіта такім, як пра яго распавядаў Сокалаў-Воюш.
…Ноч была цёплая, і да першай электрычкі на Мінск барды бадзяліся па маладзечанскіх вуліцах. Такім запомніў фестываль «Маладзечна-93» Андрэй Мельнікаў.
• Текст доступен на языке: Русский