Верагоднасць заразіцца халерай неверагодна малая, але ўсё ж яна існуе. Каб сітуацыя з такімі хваробамі не заспела знянацку, перыядычна праводзяцца вучэнні медыкаў.

6 чэрвеня смаргонскія, астравецкія і ашмянскія медыкі пры ўдзеле Вольгі Касцюкевіч, доктара-эпідэміёлага Гродзенскага абласнога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, адпрацоўвалі алгарытм дзеянняў пры паступленні ў прыёмны пакой хворага з сімптомамі халеры.

Паводле легенды вучэнняў гэтага года, хворая звярнулася ў бальніцу са скаргамі на млоснасць, дыярэю, сухасць у роце. Падчас руціннага апытання доктар даведаўся, што пару дзён таму жанчына прыляцела з Венесуэлы, дзе ўжывала ў ежу морапрадукты.

Наступнымі дзеяннямі дактароў былі: тэрміновая апрацоўка рук, прэпараты доктару і медсястры для прафілактыкі захворвання. Галоўны доктар распарадзіўся выставіць пасты, абмежаваўшы ўезд і выезд на тэрыторыю бальніцы. Прыёмны пакой ізалявалі.

Дактары і медсёстры пераапранаюцца ў спецадзенне. Для збору дадатковай інфармацыі і ацэнкі сітуацыі прыбывае эпідэміялагічная брыгада ЦГіЭ. Адзенне, у якім былі доктар, медсястра і пацыентка, пакуецца ў спецыяльныя мяшкі і адпраўляецца на дэзінфекцыю.

У прыёмным пакоі дэзінфекцыяй займаюцца супрацоўнікі ЦГіЭ. Яны ж наведаюцца ў кватэру хворай, каб правесці апрацоўку і там. Паралельна праводзяць апытанку ўсіх, з кім кантактавала хворая.

У інфекцыйным аддзяленні пацыентку змясцілі ў бокс для асабліва небяспечных інфекцый. У боксе ёсць асобны выхад на вуліцу і пад’езд да яго. Вопратку мяняюць на бальнічную, збіраюць матэрыял для аналізаў.

Аналізы праводзяць у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі або ў любой лабараторыі, якая мае права на такія даследаванні. Дарэчы, у Смаргоні такое права ёсць у лабараторыі Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Герметычна спакаваныя аналізы даставяць туды на машыне “хуткай дапамогі” ў суправаджэнні міліцыі.

Медперсанал, які кантактаваў з хворай, можа зняць спецадзенне ў адведзеным для гэтага памяшканні. Кожны прадмет адзення скручваецца ўнутр і адпраўляецца ў спецпакет. Пасля зняцця кожнага прадмета рукі ў пальчатках змяшчаюць у дэзраствор на дзве хвіліны.

Пальчаткі, якія прылягалі да рук, абавязкова правяраюць на цэласнасць, пасля чаго рукі яшчэ раз дэзінфікуюць у іншым растворы, мыюць у цёплай вадзе з мылам.

Пацыенту трэба будзе лячыцца 7-10 дзён з дапамогай антыбіётыкаў.

 

 

 

• Текст доступен на языке: Русский