Дачка Яўгеніі Родак Кіра - удзельніца танцавальнага калектыву. Здымак зроблены ў іншы час, мае ілюстрацыйны характар. Фота забяспечанае Яўгеніяй Родак.

У Маладзечне ў самым разгары фестываль беларускай песні і паэзіі. Афіцыйнае адкрыццё фестывалю адбылося 7 чэрвеня, пачалі працаваць тэматычныя пляцоўкі, а маладзечанцы акунуліся ў атмасферу свята.

Але для некаторых свята не атрымалася.

«Спытаеце, чым мне запомніўся фестываль «Маладзечна-2019»… З сорамам за нашых арганізатараў дадзенага мерапрыемства адкажу… прапаранай кукурузкай і дзіцячымі слязамі… Чаму так, данясу… Нашы маленькія танцоры ў надвор’е +29 у касцюмах прастаялі пад сцэнай каля гадзіны, чакаючы свайго выступу, а ім кажуць «Вы – нефармат!»

У суполцы «Маладзечна LIVE» з’явіўся запіс пра выступленне дзіцячага танцавальнага калектыву на адной з пляцовак фестывалю, якое так і не адбылося.

Мы звязаліся з аўтарам допісу Яўгеніяй Родак. Яўгенія, маці адной з удзельніц калектыву, распавяла карэспандэнту «РГ», што выступленне мусіла прайсці 7 чэрвеня а палове на шостую на Цэнтральнай плошчы. Дзеці, якім усяго па 5-6 гадоў, чакалі свайго выступу каля гадзіны пад пякучым сонцам у футравых касцюмах.

Спачатку хтосьці з арганізатараў сказаў, што дзеці не паспеюць выйсці на сцэну, таму што заканчваецца час, кажа Яўгенія. А ўжо потым тыя ж арганізатары заявілі, што прыехалі абласныя чыноўнікі, якія і забаранілі дзіцячы выступ. Прычына – нефармат. Маўляў, на фестывалі нельга выступаць з нумарамі з замежнай музыкай. Такім чынам, па словах Яўгеніі Родак, з 15 нумароў былі паказаныя толькі 11.

«Проста крыўдна за дзетак! Як растлумачыць дзецям, што ім забаранілі выступаць? Яны ж потым пыталіся: «Мы дрэнна сябе паводзілі?». Дзеці думалі, што з-за гэтага не выступалі ўчора»

Яўгенія адзначыла, што дзеці танчаць на фестывалі не першы год. У 2018-м была падобная сітуацыя: дзяцячыя гурткі «марынавалі» каля сцэны прыкладна гадзіну, але яны ўсё-ткі змаглі выступіць.

«Мы ў мінулым годзе таксама выступалі. Там былі іншыя нумары, іншая музыка, але таксама замежная. Дзеці вытрымалі, нас запусцілі на сцэну, хоць і з затрымкай. У мінулым годзе было ўсё нармальна. А ў гэтым…»

У Палацы культуры пракаментавалі, што не валодаюць інфармацыяй пра гэты інцыдэнт. Атрымаць аператыўны каментар ад адказных за тэматычныя пляцоўкі не атрымалася. «РГ» спрабуе разабрацца ў сітуацыі.

• Текст доступен на языке: Русский