Сімвалу стваральнай працы, знаку дабрабыту і дабра — льну —  быў прысвечаны арт-фэст «ЛянОК», што прайшоў у Маладзечне. Аддаючы павагу адзінай прадзільнай культуры краіны, да фэсту далучыліся дызайнеры, самадзейныя майстры і рамеснікі з розных гарадоў Беларусі, піша mlyn.by

На працягу двух дзён сваю прадукцыю прадстаўлялі прадпрыемствы Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай абласцей, а таксама горада Маладзечна.

Дэманстрацыя мадэляў прайшла пад назвай «ЭкаСтыль». Былі паказаны прамысловыя і дызайнерскія калекцыі жаночага, мужчынскага, маладзёжнага, дзіцячага адзення і аксэсуары з ільну.

— Лён для Беларусі — нацыянальнае багацце, — разважае жыхарка Маладзечна Людміла Камінская. — Амаль у кожным доме захоўваюцца вышытыя ўмелымі рукамі нашых бабуль ручнікі, сурвэткі. Я з мужам шмат падарожнічала, і з упэўненнасцю магу сказаць, што прывезеную з Беларусі льняную пасцельную бялізну, настольнікі высока цэняць сябры ў Расіі і Германіі.

Як сцвярджаюць арганізатары фэсту, сучасныя мадэльеры і дызайнеры робяць усё магчымае для таго, каб льняная вопратка была і зручнай, і прыгожай. Маладзечанцы, што прыйшлі на дэфіле, у гэтым пераканаліся.

Мерапрыемства ладзілася ў межах ХІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, прычым — упершыню.