Сёння ў Маладзене раённы выпускны. І пакуль хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць медалі і адпускаюць у нябёсы паветраныя шары, прапануем вам даведацца, як і па якіх коштах выпускнікі і іх бацькі збіраліся на свята.

Мой першы суразмоўца Ціхан Бяляўскі (на галоўным фота) з гімназіі №6 спецыяльна да выпускнога замовіў у маладзечанскай майстэрні камізэльку і мятлік. Набыў абутак. Астатнія прадметы адзення былі ў гардэробе хлопца.

Аўтобус прывёз выпускнікоў да месца збору.
Вольга Гарошка з дачкой-выпускніцай Янай Пракаповіч.

Мама Вольга Гарошка і дачка-выпускніца шостай гімназіі Яна Пракаповіч прывезлі сабе ўборы з Вільні.

– Я не хацела сукенку, – кажа мама. – Хацела менавіта камбінезон. Абрала светлы, бо сама цёмная. Каштаваў 80 еўра.

– Я доўга не магла выбраць сукенку, – кажа выпускніца Яна. – Нават не ўяўляла, што я хачу. Шукаць пачалі за тры месяцы да свята. У Мінску нічога не знайшлі. Выбрала сукенку ў Вільні. Доўгую, залатую, у ёй не горача. Колькі каштуе, не скажу.

Выпускнік шостай гімназіі Максім Цярзян са сваімі блізкімі.

Максім Цярзян прыйшоў на свята са сваімі роднымі. Кажа, на свята збіраўся цэлы год. Як толькі бачылі рэч, што падабалася, адразу ж набывалі. Так паступова атрымаўся касцюм да ўрачыстасці. Гламурны мятлік са стразамі замовілі па інтэрнэту.

Мама Максіма Вольга (на фота першая справа) прыйшла на выпускны да сына ў чырвоным касцюме. Касцюм, а не сукенку абрала з-за большай зручнасці і практычнасці, каб пасля апрануць яшчэ не раз. Убор выбрала ў адным з гандлёвых цэнтраў Маладзечна.

Апошнія прыгатаванні.
Выпускніца школы №12 Паліна Клімовіч.

– А мая сукенка прыехала з Грэцыі, – кажа выпускніца школы №12 Паліна Клімовіч. – Хацела абавязкова чырвоную і абавязкова ў падлогу. Маміна сяброўка якраз адпачывала ў Грэцыі. Яна паведаміла нам, што там прадаецца прыгожая чырвоная сукенка майго памеру. Параіліся і вырашылі, каб прывезла. Сукенка падышла мне і кошт атрымаўся куды ніжэйшы, чым у Беларусі – 65 рублёў. Калі будуць яшчэ нагоды, з задавальненнем апрану сукенку не раз.

Выпускніцы каледжа-гімназіі мастацтваў Аліна Гнілічэнка (злева) і Аляксандра Сасноўская.

Аліна Гнілічэнка малявала ў сваім уяўленні зусім іншую сукенку. Хацелася нешта атласнае.

– Шмат ездзілі з бацькамі па крамах у Маладзечне і Мінску. Нічога не маглі выбраць. Неяк у роспачы зайшлі ў адну з мінскіх крам і памералі сукенку, што першая трапілася на вочы.

Дзяўчыне яна спадабалася незвычайным фіялетавым колерам. Каштавала 150 рублёў.

Сукенка Сашы Сасноўскай таксама са сталіцы. Кажа, выбраць было не цяжка. Зайшла, памерала і купіла. На ўсё пайшло пяць хвілін. Каштуе Сашына сукенка – 320 рублёў.

10 гімназія. Выпускнікі Юлія Кісліцкая, Іван і дырэктар Таццяна Камкова.

Прадстаўнікоў дзясятай гімназіі выхапіла за пару хвілін да пачатку шэсця. Пагутарылі зусім мала. Выпускніца Юлія Кісліцкая абрала белую сукенку, бо любіць белы колер.

Дырэктар Таццяна Камкова свой убор абрала выпадкова.

А вось з Ванем пагаварыць не атрымалася. Пад гукі духавога аркестра колона рушыла наперад.

Наталля Буцко з дачкой-выпускніцай восьмай школы Дыянай.

– Нідзе няма лепшых крам, чым у Маладзечне, – кажа мама выпускніцы Дыяны Буцко. – Шукалі ўборы ў Мінску, але не знайшлі. А ў гандлёвым цэнтры ў Маладзечне знайшлі сукенкі і мне, і Дыяне. Дачцэ – за 85, а мне – за 50, бо на зніжцы.

– Я адразу не хацела чырвоную сукенку, – кажа Дыяна. – Але як толькі пабачыла, зразумела: мая.

У двары шостай гімназіі.

 

• Текст доступен на языке: ruРусский