Герой трэцяга выпуску рубрыкі «Таршэр» – маладзечанка Марыя Шэбанец.

Машы 30 гадоў, выхоўвае траіх дзяцей. Працуе менеджарам па продажах, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яна падзялілася сваім спісам самых любімых твораў мастацтва.

Кнігі

Чытаць вельмі люблю, але апошнім часам усё цяжэй прымаць нешта новае. Мне дарагі казачны сусвет улюбёных кніжак, і заўсёды страшна яго парушыць. Даходзіць да таго, што трэба наўмысна прымаць удзел у флэшмобах ці пасяджэннях кніжнага клуба, каб прымусіць сябе пераадолець жах і ўзяцца за незнаёмы твор. Таму і прымаю, дарэчы. Але мой ліст для перачытвання застаецца нязменным.

Адной кніжкі неверагодна мала, таму паспрабую згадаць серыі, што вяртаюць у чароўны сусвет шматразова, ці аўтараў, якіх проста чытаю запоем.

Не буду казаць пра Гары Потэра і Алісу ў Краіне цудаў і Залюстроўі, пра іх усе ведаюць. Бачыце якая я хітрая, дадала дзве серыі да ліста, а ніхто і не заўважыў. Змаўчу і пра Толкіна, Брэдберы, Эдгара По, Лукьяненка ды Пехава (ну, вы зразумелі). Раскажу пра менш моднае, але дарагое мне.

Макс Фрай. «Лабірынты Еха». «Хронікі Еха». «Сны Еха»

Гэта мая апошняя знаходка. Фэнтэзі, дэтэктыў і псіхалагічная прытча адначасова. Лёгкая мова, грубаваты, але часамі проста шыкоўны гумар, бясконцыя цуды і прыгоды, цудоўная гаворка мясцовых жыхароў…

Тут я знайшла сабе і сяброў, і настаўнікаў, і чарговае кніжнае каханне (адпраўляю паветраны пацалунак сэру Шурфу Лонлі-Локлі). Тут жыла ў цяжкія часы змроку. Дзякуй табе, сэр Макс!

Роджэр Жэлязны. «Хронікі Амбера»

А гэта адно з першых «ну ні халеры ж сабе!» дзяцінства. Фэнтэзі. Прыгоды, інтрыгі і чараўніцтва. Сусвет проста выносіць мазгі. Амбер і Хаос, Адлюстраванні, Лабірынт! Падарожжы па Адлюстраваннях!

Колькі разоў я намагалася авалодаць імі – і кожны раз разумела, што няма ўва мне каралеўскай крыві Амбера. Ці, можа, я яшчэ проста не прайшла свайго Лабірынту? А што калі…

Клайв Стэйплз Льюіс. «Пакуль мы твараў не здабылі», «Лісты Круцяля», «Касмічная трылогія», вядомыя ўсім «Хронікі Нарніі»,

а таксама багаслоўскія працы – гэта ўжо больш спецыфічна, для тых, хто цікавіцца рэлігіязнаўствам ці вызнае хрысціянства. Разумнік Льюіс! Кожны раз не магу змаўчаць і ласкава прагаворваю гэтыя словы.

Гэта бязмерна сумленны чалавек, і за яго ходам думак сачыць вельмі соладка. Асабліва раю пераказаны міф пра Амура і Псіхею («Пакуль мы…») — гэта вельмі моцная ў псіхалагічным плане рэч. Балюча, што такая малавядомая.

Аляксандр Панчын («Сума біятэхналогіі», «Ахова ад цёмных мастацтваў»), Станіслаў Драбышэўскі («Байкі з грота»), Аляксандр Сакалоў («Навукоўцы ўтойваюць?», «Міфы пра эвалюцыю»), Аляксей Вадавозаў («Пацыент разумны»), Ася Казанцава («У інтэрнэце нехта памыляецца!»)

Дарогу папулярызатарам навукі! Яны шыкоўныя! Яны такія разумнічкі і няшачкі! Кожнаму сёння жыццёва неабходна вучыцца крытычнаму мысленню і берагчы сябе.

Вы ж ведаеце, што гамеапатыя — гэта проста вельмі дарагі цукар? А што хімія — гэта не нешта жудаснае, а ўсё навокал? Што эвалюцыйных звёнаў не проста хапае, а ўжо няма куды піхаць? А як ваш мозг вас падманвае?

Тут толькі некалькі сучасных аўтараў і кніжак — насамрэч, іх шмат больш. А калі чытаць няма часу, ёсць цудоўныя лекцыі на Ютубе, з гумарам і ад душы, вельмі раю!

Надзея Ясмінска («Пацеркі і кроплі», «Дом цікаўных казак»), Аляксей Шэін («Сем камянёў»)

На мой сорам, беларускіх аўтараў я чытаю мала. Але сучасных маладых майстроў псіхалагічнай казкі і дзіцячага/падлеткавага фэнтэзі, канешне, не прамінула. Імі можна ганарыцца!

Ну, і не забываюся пра земляка Уладзіміра Садоўскага — у яго выдатныя фантастычныя апавяданні, нечаканая навэла «1813» пра Агінскага, які калашмаціць замбакоў, і нешта яшчэ вельмі цікавенькае ў працэсе (паціраю лапкі).

Фільмы

З фільмамі ўсё больш складана. З аднаго боку, у фільма больш шляхоў уздзеяння і праз гэта больш шанцаў зачапіць надоўга.

З іншага боку, гэты від мастацтва настолькі складаны, што амаль немагчыма наблізіцца да дасканаласці так, як гэта робяць шматлікія кнігі.

Таму я рэдка гляджу кіно: шкадую часу і абыходжуся аглядамі ад Nostalgia Critic, Бэдкамедыяна, Ikotika ці хто там яшчэ пад гарачую руку на Ютубе падвернецца. Праўду кажучы, тыя агляды бываюць больш якаснымі за большасць сучасных фільмаў. Але ёсць і ў мяне некалькі кіношных фаварытаў.

Крыстафер Нолан. «Пачатак» (Inception)

Сны — маё слабае месца. А тут магчымасць іх будаваць, напружаны сюжэт, дахазносная карцінка, а саўндтрэк, а сон у сне ў сне! Ох, сябры, я пайшла пераглядаць. У мільённы раз.

Пітэр Джэксан. «Уладар пярсцёнкаў», трылогія

Гэта сама дасканаласць. Кіно, якое робіць шчаслівым і вока, і вуха, і сэрца. Цытуючы іншую цудоўную серыю, пра якую нагадваць не буду (ну, вось зусім не буду, праўда-праўда): «Пасля ўсяго гэтага часу? — Заўсёды!»

Хаяо Міядзакі «Знесеныя прывідамі»

Анімэ. Яшчэ адзін неверагодны сусвет. Каляровы, нечаканы, прыгожы! І гісторыя маленькай дзяўчынкі, якая мае нахабнасць змагацца. Іншыя мульцікі Міядзакі таксама заслугоўваюць увагі.

Мультыплікацыйны серыял «Рык і Морці» (18+)

Якасны, жорсткі, неверагодна смешны. Ідэальны адпачынак, не магу дачакацца новага сезона. Фантастыка, навука, злосны дарослы гумар, непрадказальны сюжэт. Цалкам зарабіў сваю папулярнасць. Выйдзі ў горад, крыкні «Агурочак Рык!» — і дзясяткі мінакоў адкажуць табе тым жа.

Серыял «Шэрлак»

Не ўсё з ім добра, але вынаходкі аператараў проста неверагодныя. Перанесці персанажа ў наш час, зрабіць яго маладзейшым і аддаць ролю Камбербэтчу — геніяльна. Ну, а з сюжэтам там усялякае бывае, ад шэдэўраў да адпісак. Але хоць разок зірнуць ёсць сэнс.

Увогуле, мне вельмі падабаецца, што ў наш час тэма серыялаў развіваецца так хутка. Цалкам згодная са словамі забылася каго (выбачай, браце), што найлепшы шлях экранізаваць кнігу — зняць высокабюджэтны міні-серыял. Такі, як «Гульня тронаў» – не глядзела, бо я з тых, каго прапаноўваюць прыбраць ад экрана перад жорсткімі кадрамі.

Даўжыня серыяла дазваляе нічога не выразаць з аўтарскага тэксту, расказваць пра ўсё павольна і са смакам.

А калі ёсць грошы, гэта можа выглядаць проста неверагодна. Шчыра веру, што эра такіх серыялаў вось-вось надыдзе. І тады я буду самым шчаслівым кнігасерыяламанам на свеце.

Таршэр з Валянцінай Сідоркінай. «І ў вайну радаваліся жыццю і захоўвалі пачуццё гумару»

Таршэр з Аляксеем Лісам. Кнігі: якую ні за што не перачытаю і ад якой плакаў цэлы дзень