«РГ» удакладняе навіну пра інцыдэнт на фестывалі беларускай песні і паэзіі, калі дзяцей не пусцілі выступаць на адной з пляцовак.

«Нефармат». Дзеці гадзіну стаялі каля сцэны, а ім так і не дазволілі выступіць

Карэспандент «РГ» звязаўся з Ганнай Уладыка, дырэктарам Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна. Гэтая арганізацыя адказвала за тэматычную пляцоўку, на якой здарылася сітуацыя з децьмі з танцавальнай школы.

Па словах Ганны Уладыка, усім дзецям танцавальнай школы «Пластылін» далі магчымасць выступіць на пляцоўцы, але выступоўцы не ўклаліся ў час. Арганізатары далі выступіць дзецям нават звыш часу. Яны завяршылі свае нумары ў 17:15. У праграме свята час выступлення калектываў танцавальнай школы – з 16:30 да 17:00.

Ганна Уладыка ўдакладніла, што дырэктар «Пластыліну» Кацярына Кокала не папярэдзіла арганізатараў, што выступ можа заняць больш часу, чым пра гэта было заяўлена раней. Таксама Уладыка сказала, што праграма выступу была папярэдне абмеркаваная з Кацярынай Кокала, таму пытанне са зрывам выступленняў дзяцей, на яе думку, трэба накіроўваць дырэктару танцавальнай школы.

Такім чынам, Палац культуры і Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёну не мае дачынення да інцыдэнту, запэўнівае Ганна Уладыка.

Кацярына Кокала адмовілася каментаваць сітуацыю.