На выхадных у Маладзечне прайшоў Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Традыцыйнае свята было прысвечана 75-й гадавіне вызвалення Беларусі і Году малой радзімы.

На галоўным музычным свяце горада абсталявалі тэматычныя пляцоўкі, якія наведалі жыхары і госці Маладзечна. Прапаноўвалі разнастайныя імпрэзы – канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, выставы народнай творчасці і паэтычныя выступы.

Тры пераможцы конкурсу песні з Мінскай вобласці

У цэнтры ўвагі быў конкурс выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Традыцыйна ў ім прымае ўдзел 21 канкурсант – па тры ад кожнай вобласці і Мінска. Абавязковым патрабаваннем з’яўляецца выкананне дзвюх песень на беларускай мове ад беларускіх аўтараў.

Першы адбор праводзіўся на месцах, а ў Маладзечне адбыліся два апошнія этапы конкурсу. Падчас урачыстага адкрыцця сталі вядомыя пераможцы і лаўрэаты конкурсу.

Уладальніцай Гран-пры стала прадстаўніца Мінскай вобласці Яна Мармыш. Першую прэмію павезла ў Магілёўскую вобласць Дар’я Часлаўская. Другая і трэцяя прэміі адправіліся ў Мінскую вобласць. Іх выйгралі Ульяна Пяшкова і Уладзіслаў Сазонаў.

Працавала паэтычная пляцоўка «Мой родны кут, як ты мне мілы» з удзелам беларускіх паэтаў і музычна-паэтычная гасцёўня «Пад небам Бацькаўшчыны роднай» з выступам беларускіх паэтаў, дзеячоў культуры і мастацтва Беларусі.

Трэці год запар прайшоў праект «Асоба эпохі», у якім героямі становяцца жанчыны з цікавымі гісторыі з іх жыцця. У гэты раз гераіняй праекта стала заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч. Мікуліч – спявачка, кампазітар, удзельніца гуртоў «Верасы» і «Чараўніцы».

Фестываль – свята мастацтва

На фестывалі прайшла выстава Нацыянальнага гістарычнага музея, прысвечаная 75-годдзю са дня вызвалення Беларусі. У Мінскім абласным краязнаўчым музеі была прэзентаваная выстава мастацкіх вырабаў «Гармонія шкла» мастакоў Таццяны і Пятра Арцёмавых.

У першы дзень фестывалю Мінскі абласны драматычны тэатр выступіў са спектаклем «Не пакідай мяне». Тэатральныя выступленні працягваліся і на наступны дзень, але ўжо з музычным акцэнтам. Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прадставіў пастаноўку «Янка Купала: жыццё ў свеце маланак».

Міхаіл Фінберг разам з Нацыянальным акадэмічным аркестрам Беларусі правялі два канцэртныя выступы ў Маладзечне і адзін у Чысці. 7 чэрвеня адбыўся канцэрт «Песні вайны», прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі. 8 чэрвеня – канцэрт акадэмічнай музыкі. Увечары таго ж дня Міхаіл Фінберг і аркестр выступілі з джазавай песняй перад чысцінскай публікай.

Тэматычныя пляцоўкі на любы густ

Фестываль стаў месцам выступу не толькі дарослых музыкаў, але і юных зорак. У рамках гала-канцэрта «Маладзічок запальвае Зоркі» на сцэне Палаца культуры выступілі маладыя выканаўцы эстраднай песні.

8 чэрвеня на Цэнтральнай плошчы адбыўся абласны фестываль сямейнай творчасці «У добрым родзе – усё ў згодзе». У гэтай лакацыі прайшлі раённы конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Вытокі майстэрства» і арт-фэст «ЛянОК», на якім дэманстравалі прамысловыя і дызайнерскія калекцый адзення і аксесуараў з лёну.

На Цэнтральнай плошчы месціліся тры тэматычныя пляцоўкі. Першай была канцэртная – «Фестывальная талака». «Фестывальная сядзіба» прадставіла экспазіцыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а «Беларускі пачастунак» – выставу-продаж тавараў народнага спажывання. У гарадскім парку размясцілі дзве пляцоўкі для дзяцей і моладзі – «Тэрыторыя дзяцінства» і «АРТ-старт».

Яркім завяршэннем музычна-паэтычнага фестывалю ў Маладзечне стаў гала-канцэрт з юбілейнай канцэртнай праграмай «Зорны карагод» дзяржаўнага акадэмічнага ансамблю танца Беларусі.

На закрыцці фестывалю выступілі заслужаныя артысты Беларусі Ірына Дарафеева і Алёна Ланская, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Юлія Быкава, а таксама ансамблі «Песняры», «Чысты голас», заслужаны артыст Аляксандр Саладуха і Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна.