Народны саюз Германіі па доглядзе за ваеннымі пахаваннямі ў супрацоўніцтве з 52-м асобным спецыялізаваным батальёнам Мінабароны працавалі над лакалізацыяй пахаванняў нямецкіх вайскоўцаў часоў Другой сусветнай вайны. Раскопкі праводзілі на тэрыторыі Свята-Пакроўскай царквы ў Маладзечне.

Ад 13 мая да 4 чэрвеня супрацоўнікі Народнага саюза Германіі і пошукавы батальён Міністэрства абароны працавалі на тэрыторыі Свята-Пак­роўскай царквы каля плошчы Старое Места ў Маладзечне.

Намеснік кіраўніка Народнага саюза Германіі па доглядзе за ваеннымі пахаваннямі Людміла Радкоўская распавяла, што за гэты час былі зной­дзены рэшткі 145 вайскоўцаў, а само пахаванне датуецца 1944 годам. Астанкі будуць пахаваныя на нямецкіх могілках каля горада Бярозы ў Брэсцкай вобласці.

Раскопкі правялі ўжо ў другі раз

У 2018 годзе Народны саюз атрымаў пацвярджэнне і дазвол ад Маладзечанскага райвыканкама. Царква таксама дала згоду, а мітрапаліт Маладзечанскай епархіі Павел даў блаславенне на пачатак работ. Праца пачалася за некалькі тыдняў да завяршэння сезона раскопак – напрыканцы кастрычніка. Лакалізацыя пахаванняў заняла два тыдні. Усяго знайшлі рэшткі 91 нямецкага вайскоўца. Астанкі таксама былі пахаваныя каля Бярозы.

– За два гады нашы супрацоўнікі і пошукавы батальён знайшлі рэшткі 236 чалавек, і толькі траціну апазнавальных жэтонаў. Па жэтонах можна вызначыць асобу вайскоўца. Гэтым займаюцца ў федэральным архіве Германіі, – кажа Людміла Радкоўская.

Чаму не эксгумуюць астанкі ваеннапалонных

Каля Гелянова ёсць пахаванне нямецкіх ваеннапалонных часоў Другой сусветнай вайны.

– Астанкі ваеннапалонных хаваем толькі ў тых выпадках, калі на месцы могілак хочуць што-не­будзь пабуда­ваць ці пра гэта просяць гарадскія або раённыя ўлады з нейкай іншай нагоды, – адзначыла Людміла Радкоўская.Усё таму, што няма ­адзінай канцэпцыі па могілках ваеннапалонных.

Дзе Народны саюз Германіі бярэ інфармацыю пра пахаванні?

На тэрыторыі Беларусі пад кантролем Народнага саюза Германіі па доглядзе за ваеннымі пахаваннямі знаходзіцца больш за 300 могілак нямецкіх салдат.
Інфармацыя па пахаваннях часткова ёсць у архівах Германіі, але многія вайскоўцы падчас Другой сусветнай прапалі без вестак, таму не заўсёды ёсць магчымасць шукаць толькі там. Супрацоўнікі Народнага саюза Германіі ла­дзяць апытанні па магчымых месцах пахаванняў нямецкіх вайскоўцаў. Некаторыя людзі самі тэлефануюць і распавядаюць, дзе могуць знаходзіцца лакацыі з магіламі салдат.

Народны саюз працуе з пошукавым атрадам Мінабароны

52-гi асобны спецыялізаваны батальён Міністэрства абароны з’яўляецца адзінай установай, якая мае права займацца такімі відамі работ. Таму Народны саюз Германіі супрацоўнічае непасрэдна з Міністэрствам абароны.

Асноўная задача пошукавага батальёна – эксгумацыя не нямецкіх вайскоўцаў, а савецкіх салдат.

Лакалізацыя вайсковых пахаванняў – гэта не археалагічныя работы і даследаванні. Аднак калі пры работах будуць знойдзеныя гісторыка-культурныя каштоўнасці і артэфакты, то яны перадаюцца ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

• Текст доступен на языке: ruРусский