Але ці атрымаецца апынуцца ў жаданай ўстанове адукацыі, даведаюцца ў канцы лета.

Раскладныя табурэты, тэрмасы, пледы і кніга ўліку – менавіта так бавяць ноччу час у чарзе бацькі, каб дзіця трапіла ў гімназію.

Чаму бацькі стаяць у чарзе

12 чэрвеня – першы дзень прыёму дакументаў ад бацькоў будучых першакласнікаў. Другі год запар прыёмная кампанія выклікае асаблівыя хваляванні ў часткі бацькоў. Справа ў тым, што ад мінулага года адмянілі ўступныя экзамены ў пятыя класы гімназій. Новы падыход па задуме міністра адукацыі Ігара Карпенкі павінен зменшыць канцэнтрацыю адораных вучняў у гімназіях, а размеркаваць іх па школах рознага тыпу.

Меркавалася, што раз праграма ў гімназіях будзе адрознівацца толькі пасля дзявятага класа, то першакласнікам няма розніцы, у якую школу паступаць.

І ў большасці абяруць тую, што бліжэй. Самі ж гімназіі мусяць прымаць усіх ахвотных, хто трапляе ў тэрыторыю ахопу школы па прапісцы.

Звычайна застаюцца месцы, незанятыя першакласнікамі з патрэбнай прапіскай. На гэтыя месцы прэтэндуюць жыхары іншых мікрараёнаў. Каб патрапіць у жаданую ўстанову, бацькі стаяць у чэргах.

Бацькі будучых першакласнікаў на ганку гімназіі №6 у Маладзечне. Каля 9 раніцы 11 чэрвеня.

Як начавалі бацькі

На ганку маладзечанскай гімназіі №6 пачалі збірацца ад 17 гадзін 10 чэрвеня. Бацькі размясціліся на лавах. Адзначаюць, што адміністрацыя ставіцца да іх чаргі з паразуменнем. Далі нумар вахцёра, каб званіць, калі патрэбна ў прыбіральню.

– Мы трапляем па прапісцы ў 11 школу, але там французская мова. Я лічу, што французская нераспаўсюджаная. Выкладалі б там англійскую – ніякіх пытанняў.

У іншай мамы свая прычына, чаму абірае менавіта 6 гімназію:

– У мяне тут вучыцца старэйшае дзіця. Ну як іх разрываць, канешне, прасцей, калі адна школа.

– Гімназію №7 больш выбіраюць за хімію і біялогію. Хаця і тут у старэйшых класах таксама розныя профілі – і фізмат, і хімбіа, і філалагічны.

Многія адзначаюць, што галоўная перавага – высокі ўзровень самой адукацыі менавіта гэтай установы:

– Сёлета старэйшы сын скончыў гімназію з залатым медалём. Я ведаю, як тут выкладаюць. Паверце, зарабіць выдатна – цяжкая праца. І наступнае дзіця я хачу вучыць толькі тут.

Бацькі расказваюць, што некаторыя шукалі прапіску або нават куплялі, каб дакладна трапіць у гімназіі. А ёсць сем’і, якія не мелі магчымасці стаяць у чарзе і адмовіліся ад задумы.

Фота зробленае на світанку 12 чэрвеня, у 4:30 раніцы на ганку маладзечанскай гімназіі №7 у Маладзечне. Бацькі чакаюць апошнія гадзіны, каб падаць дакументы для залічэння дзіцяці ў першы клас менавіта ў гэтую ўстанову адукацыі.

На ганку гімназіі №7 пачалі збірацца ад 3 гадзін ночы 11 чэрвеня. Ноччу 12 чэрвеня мы прыйшлі распытаць, як сядзіцца ў чарзе, у якой было 16 чалавек. Сярод бацькоў нехта спіць, іншыя сядзяць у тэлефоне, хто размаўляе, а некаторыя дрэмяць. Ёсць і таты, і мамы, і нават бабуля:

– У нас усе ў чарзе перасядзелі – і сваты, і цёткі, і самі тата з мамай, і мяне вось адправілі. Ніхто працу не прапускаў. Падрамлю, памалюся. Жывём па Машэрава, і зручней хадзіць у школу менавіта сюда.

Бацькоў асабліва хвалюе тое, што сёлета ў гімназіі могуць адкрыць не тры першыя класы, а толькі два. А значыць, яшчэ менш ахвотных вучыцца менавіта тут, трапяць за парты.

Сёлета ўсё больш спакойна

Дырэктар гімназіі №6 Ала Ярашэвіч падкрэсліла, што навучальная ўстанова стварыла ўмовы і магчымасці для як мага больш камфортнага чакання для бацькоў. Напрыклад, на ганку стаялі лавы. Установа працавала ў адпаведнасці з прапускным рэжымам.

Дырэктар адзначыла, што сёлета чаканне ў чарзе прайшло нашмат больш спакойна, чым у мінулым годзе. Усё спакойна запісваліся, трымаліся сваёй чаргі, а сёння раніцай  трымаючыся спіса падавалі дакументы. Педагог з боку гімназіі працавала ў якасці назіральніка, каб чарга была пад кантролем.

Асноўная частка бацькоў у чэргах – тыя, у каго старэйшае дзіця ўжо вучыцца ў гімназіі №6. Сям’і нашмат больш зручна, калі ўсе дзеці ў адной установе. Аднак ніякіх прыярытэтаў для будучых першакласнікаў, чый брат або сястра ўжо вучацца ў гімназіі, няма.

Ала Ярашэвіч патлумачыла, што ўсяго гімназія №6 прыме 90 першакласнікаў. І ўжо сёння ў поўдзень, у першы дзень падачы заяў, гімназія атрымала 60 кандыдатаў.

Сярод іх 36 чалавек – тыя, чые бацькі стаялі ў чарзе, таму што не маюць прапіску па раёне ахопу ўстановы. Сярод ахвотных паступіць менавіта сюды і з прапіскай пад гімназію №6 на гэты ж час падалі заявы 24 чалавекі.

Паседжанне па пытанні залічэння ў першы клас адбудзецца ў 20 гадзін 28 жніўня. Раніцай 29 жніўня бацькі ўбачаць спісы, хто ж стаў тымі 90 першакласнікамі маладзечанскай гімназіі №6.

У Вілейцы таксама чарга

Як распавялі ў аддзеле адукацыі Вілейскага райвыканкама, у 5:10 раніцы 12 чэрвеня пачала збірацца чарга на ганку гімназіі “Логас”. На 7:40 раніцы у чаргу запісалася 32 чалавекі.

Агулам у нашым рэгіёне 12 гімназій.

• Текст доступен на языке: ruРусский