Юлія Рыцікава, якая выступае за нацыянальную зборную Беларусі па баскетболе і польскі «Гожаў», родам са Смаргоні.

У яе спартыўная сям’я  – бацька працуе трэнерам па баскетболе, а мама настаўнікам па фізічным выхаванні.

«Кожны раз тата забіраў мяне з садка з мячом у залу. Баскетбол – гэта было прадвызначана»

– Як цяпер справы са смаргонскім баскетболам?

– Тата дагэтуль працуе. Вядома ж, цяпер складаней: стагоддзе інавацый, інтэрнэту, камп’ютарных гульняў, – цяжэй завабіць дзяцей. Бацькі баяцца адпускаць дзяцей у спорт.

Даведка. У 2005 годзе Рыцікава дэбютавала за нацыянальную зборную. Выступала за расійскія, польскія і беларускія клубы. У 2017 годзе пасля трох гадоў у беларускім чэмпіянаце яна вярнулася ў польскі «Гожаў».

– Ты доўга абдумвала вяртанне ў «Гожаў»?

– Не. Патэлефанаваў трэнер Дарыуш Маціеўскі, у канцы размовы сказаў: «Убачымся». Спытала: «Дзе? У Гожаве?». А ён: «А ты што, хочаш прыехаць?». Я адказала яму, што не супраць, а ён кажа, каб прыязджала. Мы працавалі з Маціеўскім раней, таму ён быў рады бачыць мяне ў камандзе.

– Як паўплываў «Гожаў» на тваю прафесійную кар’еру?

– У моцным чэмпіянаце заўсёды ёсць канкурэнцыя, а таму ты ў любым выпадку расцеш у фізічным і ў маральным плане. Зразумела, гэта складаная праца, але разам з моцным чэмпіянатам становішся лепшым і ты.

– З гэтага сезона разам з табой у «Гожаве» гуляе яшчэ адна беларуска – Марыя Папова. Яна з табой раілася з нагоды пераходу?

– Так, Маціеўскі хацеў яе бачыць раней. Турэцкі клуб не адпускаў Машу, хоць яна сама была і не супраць. Яна цікавілася і даведвалася, што такое польскі чэмпіянат. Нарэшце, Маша дала згоду ў мінулым маі.

– У гэтым сезоне «Гожаў» выйшаў з групы Еўракубка, але ў плэй-оф адразу ж прайграў «Ліёну». Як гэта здарылася?

– «Ліён» быў вельмі моцнай камандай. Трэнеры французскага клуба былі больш дасведчаныя, чым нашы, а нас – гульцоў – проста дзесьці не хапіла.

– Чаму ў сакавіку «Гожаў» прайграў пяць мачтаў запар у чэмпіянаце Польшчы?

– Трэнер казаў, што гэта ў нас такі тактычны ход. Адбыўся спад, не было ўзаемаразумення і каманднай гульні. Кожны цягнуў коўдру на сябе. Бліжэй да фінальных гульняў змаглі сабрацца. А там ужо вырашылі, што калі застаёмся тут і дадому не выязджаем, то трэба біцца да канца. Мы ж выйгралі сярэбраныя медалі, выходзячы з сёмага месца «рэгуляркі».

– Ты прапусціла некалькі гульняў з-за траўмы?

– Усё пачалося з рэгулярнага чэмпіянату ў гульні з «Пальковіце». Мяне ўдарылі ў нагу, дакладней па ікраножнай мышцы. Перапынку на аднаўленне не было, даводзілася трэніравацца і гуляць з пашкоджаннем. Станавілася ўсё горш. Пасля некалькіх матчаў я проста не магла стаць на тую нагу. Мне далі паўзу, паставілі на мыліцы, каб зняла нагрузку з мышцы. Я выйшла ўжо ў трэцім паўфінальным матчы з «Вроцлавам». Выйшла на пляцоўку зусім без трэніровак. Адразу – у гульню!

– Ты задаволена сезонам і срэбрам польскага чэмпіянату?

– У апошні раз «Гожаў» браў медалі, калі я была ў камандзе першы раз – у 2010-м. Цяпер гэта быў такі фурор для самога горада! Задаволеная, вядома.

– У наступным сезоне ты застаешся ў Польшчы?

– Нічога пра гэта не думала. Я прыехала дадому, трэба атрымаць асалоду ад дома, вярнуцца ў сямейнае рэчышча.

– У цябе ёсць сын. На працягу баскетбольнага сезона ты часта бачышся з ім?

– У мужа быў адпачынак, яны разам прыязджалі ў пачатку сезона. А потым я прыязджала ў лістападзе, калі зборная гуляла кваліфікацыю да Еўрабаскета, і яшчэ ў снежні быў двухтыднёвы перапынак на святы. У пачатку сакавіка муж з сынам зноў прыехалі на некалькі тыдняў. Так вось і жывём перабежкамі. Менавіта таму няма ніякіх думак па клубе. Цяпер галоўнае – дом і сям’я.

Пяты чэмпіянат Еўропы

27 чэрвеня нацыянальная зборная Беларусі выступіць на чэмпіянаце Еўропы. Для Юліі Рыцікавай ён стане пятым у прафесійнай кар’еры. Беларускі пачнуць выступленне з групы D супраць Расіі, Сербіі і Бельгіі.

– Што ты падумала, калі першы раз убачыла сапернікаў па групе?

– Нам будзе цяжка, але шанец заўсёды ёсць. У любым выпадку з кожным годам каманды і гульцы мяняюцца, а зборная Беларусі застаецца! Мячык круглы, і пакуль ён у гульні – гульня не скончаная.

– На твой погляд, з якой зборнай будзе складаней за ўсё гуляць?

– Найбольш складана будзе з бельгійкамі, таму што яны цяпер знаходзяцца на ўздыме. На чэмпіянаце свету гэтай восенню яны вельмі добра глядзеліся. Сербкі? Вядома, з гаспадынямі заўсёды цяжка гуляць, але па ўзроўні і складу Бельгія мацнейшая.

– Раіса Мусіна са зборнай Расіі сказала, што беларуская каманда ў апошнія гады зусім непрыкметная. Што думаеш пра гэта?

– Пытанне: а хто такая Мусіна? Дзе ўвогуле Расія, калі яна так гаворыць пра беларускую зборную, што нас нідзе не было відаць. А расійскую зборную было бачна? Неяк яна не зусім валодае інфармацыяй.

– Калі беларускі ўвойдуць у шасцёрку лепшых камандаў чэмпіянату Еўропы, то змогуць згуляць у алімпійскай кваліфікацыі. Гэта выканальная задача?

– Многія з дзяўчат хочуць гэтага, таму што для ўзроставых гульцоў гэта апошні шанец трапіць на Алімпіяду. Скажу так: мы будзем выкладвацца.