Пару месяцаў таму людзі з інваліднасцю з Ільі і навакольных вёсак звярнуліся да Вілейскага раённага таварыства «Чырвоны крыж», каб атрымаць у дапамогу прадуктовы наборы.

Людзі з інваліднасцю: Няўжо нас падманваюць?

У хуткім часе атрымалі прадукты. У каробках была бакалея – цукар, рыс, мука, аўсянка, іншыя прадукты. Усё нямецкай вытворчасці, распавёў карэспандэнту адзін з тых людзей, ільянец Віктар Філістовіч.

Па словах Віктара, усе, хто атрымаў дапамогу, падпісалі дакументы.

Праз нейкі час людзі з інваліднасцю даведаліся, што павінны былі атрымаць дапамогі на два кілаграмы больш. Узнікла пытанне: чаму так?

– Справа не ў гэтых двух кілаграмах, а ў маральнасці і чалавечнасці. Няўжо нас, інвалідаў, падманваюць? – дзеліцца Віктар.

«Чырвоны крыж»: паперы падпісалі, прадукты з’елі. Як цяпер усё праверыць?

Мы звязаліся са старшынёй Мінскай абласной арганізацыі «Чырвоны крыж» Людмілай Мусянковай і папрасілі пракаментаваць сітуацыю.

Людміла Сяргееўна ў курсе праблемы з гуманітарнай дапамогай у Ільі. Як толькі пачаліся скаргі, яна ездзіла туды ў камандзіроўку, каб разабрацца.

– Ніколі ад Вілейшчыны ў нас не было ніякіх скаргаў, – распавядае старшыня. – А на гэты раз здарылася вось што. Людзі атрымалі прадуктовыя наборы. Праз месяц-паўтара звярнуліся за прадуктамі зноў. Я адказала, што яны нядаўна атрымлівалі прадуктовыя наборы і пералічыла ў адказе, колькі і чаго было ў тых каробках.

Тады некаторыя з людзей пачалі казаць, што за месяц яны не змаглі б столькі з’есці.

А прадукты ж з’едзеныя, у паперах людзі распісаліся, як цяпер нешта праверыш? Хаця я ўпэўненая, што ўсё там было правільна. Да таго ж скаргі паступілі ад чацвярых. Астатнія тры сям’і ўсім задаволеныя.

Па словах Людмілы Мусянковай, падчас камандзіроўкі ў Ілью яна знайшла ўзаемапаразуменне з мясцовымі людзьмі з інваліднасцю. Нават вырашылі стварыць з іх валанцёрскі атрад, каб людзі аб’ядналіся, дапамагалі адзін аднаму, супольна вырашалі праблемы. Старшынёй Людміла Мусянкова хацела б бачыць Віктара Філістовіча.

– Вось якраз цяпер разглядаю ліст з просьбамі з Ільі. Просяць паспрыяць у тым, каб 11 жыхарам далі першу групу інваліднасці. Гэта не ў нашай кампетэнцыі. Буду звяртацца ва Упраўленне аховы здароўя Мінскай вобласці. Таксама просяць пасцельную бялізну, вопратку, мікрахвалёўку, тэлевізар. Мы заўсёды стараемся дапамагчы, калі гэта ў нашых сілах – падсумавала старшыня.